25 красавiка 2024, Чацвер, 16:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як і для чаго ўлады спайваюць беларусаў?

73
Як і для чаго ўлады спайваюць беларусаў?

Аб ролі «зялёнага змея» ў дзяржаўнай палітыцы.

Шмат пісалі ў СМІ пра тое, як і для чаго ўлады спайваюць беларусаў. Вынікі алкагольнай палітыкі дзяржавы - гэта не толькі выміранне краіны, хваробы і дробныя правапарушэнні.

Пра гэта піша чытач тэлеграм-канала «Баста»:

- Не так даўно ў Беларусі двух братоў з Чэрыкава прысудзілі да расстрэлу за забойства настаўніцы. Тое, што ўчынілі 19-гадовы Станіслаў і 21-гадовы Ілля Косцевы, апраўданню, вядома, не падлягае. Але ці выключна ў моладзі справа?

Наколькі вядома, Станіслаў і Ілля, выхадцы з няшчаснай сям'і, ужыванне алкаголю ў якой - норма не для аднаго пакалення. У момант учынення злачынства браты таксама знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Па сутнасці - заканамерны фінал для іх толькі-толькі распачатага дарослага жыцця.

Але ці толькі горад Чэрыкаў Магілёўскай вобласці ўзрошчвае такіх асацыяльных элементаў, якія быўшы «пад градусам» лёгка і проста забіраюць чужыя жыцці і не шкадуюць свае? На жаль, не. У маштабах усёй краіны ідзе алкагалізацыя насельніцтва, і асабліва гэта адбіваецца на невялікіх мястэчках і вёсках. У пацвярджэнне гэтага, можна адкрыць крымінальную хроніку і паглядзець, што раз на некалькі дзён адбываюцца забойствы пасля распіцця спіртных напояў. Пры гэтым дзяржава са свайго боку, адмаўляецца прымаць якія-небудзь эфектыўныя захады для прадухілення спайвання насельніцтва. Наадварот - улада нажываецца на паўсюдным продажы алкаголю, кожную часіну дня і ночы.

Пагаршаецца сітуацыя тым, што на перыферыі людзі ўжываюць зусім няякасны алкаголь у выглядзе танных «чарнілаў» і сумнеўных напояў мясцовых умельцаў-самагоншчыкаў. Нядзіўна, што пасля сістэматычнага ўжывання гэтых вадкасцяў, кагнітыўныя здольнасці чалавека зніжаюцца ў геаметрычнай прагрэсіі. І ўражаны алкаголем мозг ужо не адрознівае: муху ён забівае або чалавека.

А вось ёсць жа прыклады некаторых еўрапейскіх краін, якія паспяхова справіліся з алкагалізацыяй насельніцтва, увёўшы зусім простыя меры: продаж алкаголю да 20.00, тлумачальныя гутаркі з грамадзянамі, «куслівыя» кошты на спіртное, але і вядома ж наяўнасць годнай працы для людзей, нават у аддаленых кутках краіны.

Ну, а пакуль улады Беларусі палец аб палец не ўдарылі, для таго, каб справіцца з праблемай зялёнага змея, то і перакладаць адказнасць за забойства настаўніцы, выключна на плечы забойцаў - не вельмі карэктна.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках