Павел Севярынец пра «транзіт» улады ў РФ: Самае галоўнае цяпер - змяніць Лукашэнку
48- 17.01.2020, 13:10
- 90,961
У Беларусі з'явіўся гістарычны шанец.
15 студзеня прэзідэнт Расеі Пуцін анансаваў маштабныя змены ў Канстытуцыі краіны, якія прадугледжваюць сур'ёзныя пераразмеркаванні ўладных паўнамоцтваў.
Адразу пасля гэтага ўрад РФ у поўным складзе падаў у адстаўку, а замест Дзмітрыя Мядзведзева наступным прэм'ерам быў прызначаны Міхаіл Мішусцін.
Што гэтыя перамены азначаюць для самой Расеі і яе суседзяў?
На пытанні Charter97.org адказвае адзін з лідараў «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Павел Севярынец:
- Аб'ектыўна для Беларусі добра тое, што Пуцін, прынамсі цяпер, пакінуў спробы паглынуць нашу краіну, каб стаць кіраўніком «саюзнай дзяржавы». Мяркуючы з усяго, гэты варыянт адкладзены. І тут трэба падзякаваць усё тым жа людзям, якія ў снежні адважна выходзілі і пратэставалі. Тут ёсць і іх заслуга ў тым, што ўдалося адбіцца ад расейскага навалы.
А што тычыцца самой Расеі, то тое, што адбылося стала лагічным заканчэннем мадэлі ельцынскай дэмакратыі. За Ельцыным была спроба стварыць з Расейскай імперыі дэмакратыю на заходні ўзор - з выбарамі прэзідэнта, мясцовага самакіравання, са свабоднай словы, з балансам галін улады.
А літаральна днямі Пуцін проста сказаў, што будзе з краінай, і сваёй аднаасобнай пастановай перакроіў і Канстытуцыю, і ўсе прававыя нормы. І арганізаваў перадачу ўлады пры захаванні сваёй вызначальнай ролі на ўзор Казахстана. Тое, што адбылося ў РФ - гэта азіятчына, гэта спроба кіраўніка, пакуль ён жывы, трымаць усё пад сваім кантролем.
Думаю, што цяпер у Расеі пачнецца перыяд сур'ёзных хваляванняў, звязаных з гэтым. Таму што сённяшнюю ўладу расейцы практычна не ўспрымаюць, і такая спроба груба перакроіць усе канстытуцыйныя нормы можа скончыцца і масавымі пратэстамі, і палацавым пераваротам - занадта шмат людзей у РФ маюць велізарныя грошы і свае інтарэсы ва ўладзе, бо гэта ўсё ж імперыя.
А гэта азначае, што ў Беларусі, магчыма, з'явіўся шанец вырвацца з расейскіх абдымкаў і здабыць сабе волю. Як правіла, перыяды палягчэння і гістарычныя шанцы для Беларусі з'яўляліся, калі ў Расеі пачыналіся праблемы або перамены.
- Але калі Пуцін фактычна пакідае, як вы сказалі, усё пад сваім кантролем - якая імавернасць таго, што ён вернецца да актыўнасці на беларускім кірунку? Ці трэба быць напагатове?
- Вядома, трэба быць напагатове. Гэта праўда: расейская пагроза застаецца, яна вісіць над намі, як сякера. Можа, цяпер яна занесеная не проста над галавой, а трохі ў баку, але гэта - тая ж сякера, што секла беларускія галовы стагоддзямі.
Лукашэнка 25 гадоў заводзіў нас у гэтую пастку, ён ментальна - савецкі і масквацэнтрычны чалавек, і не зможа скарыстацца сённяшнім гістарычным шанцам. Гэта будуць рабіць новыя людзі, гэта будзе рабіць беларускі народ.
Таму трэба мяняць Лукашэнку і здабываць рэальную свабоду і незалежнасць для Беларусі.