20 красавiка 2024, Субота, 2:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нельга ацаніць у грошах незалежнасць краіны»

10
«Нельга ацаніць у грошах незалежнасць краіны»

Жыхары Віцебска гатовыя і надалей выходзіць на акцыі ў абарону незалежнасці.

Двух удзельнікаў акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі суд Чыгуначнага раёна аштрафаваў на больш чым на 1 200 даляраў. Штрафы сумаю 50 базавых велічынь (1 350 рублёў) прысудзілі Уладзіміру Кійко і Мікалаю Кочурцу, паведамляе «Радыё Рацыя».

Абодва на суд не з'явіліся. Бо ў гэтым няма сэнсу, тлумачыць Уладзімір Кійко:

- Я не лічу сябе вінаватым, не думаю, што ўчыніў нейкае злачынства. Я толькі рэалізаваў свае правы, гарантаваныя мне Канстытуцыяй. У нас няма незалежных судоў, усе рашэнні прымаюцца загадзя, яшчэ да пачатку працэсу. Таму - навошта я туды пайду.

Падчас акцыі 29 снежня, калі людзі склалі з раздрукаваных літар слова "Незалежнасць", Уладзімір Кійко яшчэ і трымаў плакат са словамі "Абаронім краіну" і "Не-інтэграцыі".

Мікалай Кочурац разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг. Пра зробленае не шкадуе, хоць ён пенсіянер, а сума штрафу - вялікая:

- Ніколькі не шкадую! Бо нельга ацаніць у грошах незалежнасць краіны, суверэнітэт! Шкада толькі, што ў нашай краіне судзяць за тое, што мы абараняем незалежнасць. Сам я думаю, што ўсё зрабіў правільна - трэба было выступіць у абарону, і наступным разам буду рабіць тое ж самае.

І Мікалая Качурца, і Уладзіміра Кійко прысудзіў да штрафаў суддзя Юрый Урбан. Абодва ўжо мелі сёлета адміністрацыйныя спагнанні - былі аштрафаваныя за фатаграфіі з бел-чырвона-белым сцягам каля помніка князю Альгерду напярэдадні Дня Волі. Вялікія штрафы абумоўлены менавіта паўторным парушэннем заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Усяго за апошнія тры дні ў Віцебску аштрафавалі 5 чалавек, агульная сума штрафаў склала больш за 4600 рублёў. Яшчэ 4-х удзельнікаў акцыі ў падтрымку незалежнасці будуць судзіць на наступным тыдні.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках