Эпідэмія грыпу ў Беларусі сёлета адмяняецца?
8- 18.01.2020, 11:22
- 15,220
Медыкі тлумачаць, чаму.
Актыўнасць грыпу ў еўрапейскім рэгіёне ўсё яшчэ расце, аднак у большасці краінаў, у тым ліку і ў Беларусі, значэнні гэтага паказніка пакуль не перавышаюць фонавых лічбаў або знаходзяцца на нізкім узроўні, пішуць naviny.by.
У нас усё спакойна
У Беларусі цяпер назіраецца нізкая захворвальнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. За тыдзень з 6 да 12 студзеня захворванняў было на 47% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, і ў два разы менш за захворванні папярэдніх трох эпідэмічных сезонаў. Як звычайна, большасць тых, хто захварэў на ВРІ – дзеці (68,1%).
Як адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя, у асноўным цяпер хварэюць не на грып: паводле вынікаў лабараторнага нагляду вірусаў грыпу А (H1N1, H3N2) і грыпу В не выяўлена. Распаўсюджаныя адэнавірусы, рэспіраторна-сінцытыяльныя, рынавірусы і бактэрыяльная пнеўманія.
Згодна з інфармацыяй Глабальнай сеткі назірання за грыпам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на тэрыторыі Еўропы ў цэлым пераважаюць вірусы тыпу А, хоць з некаторых краінаў паступілі паведамленні пра дамінаванне вірусаў грыпу тыпу В або аб кодамінавання вірусаў тыпаў А і В (гібрыд з выяўленымі ў аднолькавай ступені прыкметамі кожнага тыпу).
Таксама адзначаецца супольная цыркуляцыя абодвух падтыпаў вірусаў грыпу А – A (H3N2) і A (H1N1) pdm09, які выклікаў пандэмію ў 2009 годзе. Сярод вірусаў тыпу В пераважная большасць (97%) адносіцца да лініі B / Victoria.
Пры гэтым, паводле звестак Flu News Europe, рост захворвання на грып і ВРВІ ў краінах Еўрапейскага рэгіёну рэгіструецца з канца мінулага года. У Вялікай Брытаніі і Латвіі адзначаецца сярэдні ўзровень захворвання на грып, у іншых 18 краінах рэгіёну – нізкі. Самы ж высокі зафіксаваны ў Турцыі і Ізраілі.
У Латвіі перавышаны эпідэміялагічны парог 100 выпадкаў на 100 тысячаў насельніцтва. У гэтай краіне ад ускладненняў грыпу летась памерлі 83 чалавекі. У Літве ў мінулым эпідэміялагічным сезоне было 26 смяротных выпадкаў ад ускладненняў грыпу, ужо зафіксаваны адзін і ў новым годзе.
Рэгіянальнае распаўсюджванне грыпу адзначаецца ў Польшчы. Аднак з тэрыторыі гэтай краіны цяпер прасцей атрымаць высокапатагенны птушыны грып A (H5N8), які распаўсюдзіўся на трох фермах у Велікапольскім ваяводстве і ў Люблінскім ваяводстве, што мяжуе з Брэсцкай вобласцю.
У цяперашні час адсутнічаюць звесткі пра небяспеку дадзенага штаму віруса грыпу для чалавека – выпадкаў захворвання на грып, выкліканы названым вірусам, сярод насельніцтва не зарэгістравана, паведаміла санслужба Беларусі. Разам з тым асобам, якiя ажыццяўляюць паездкі ў закранутыя птушыным грыпам краіны, рэкамендуецца праявіць асцярожнасць.
Грып ідзе з Украіны
Ва Украіне грып набірае абароты. Міністэрства аховы здароўя Украіны паведамляе, што на вострыя РВІ з пачатку эпідэміялагічнага сезону захварэла больш за 170 тысячаў чалавек, а з 6 да 12 студзеня – 105 260 чалавек, гэта на 42,3% менш за эпідэмічны парог ва Украіне.
Колькі сярод іх тых, хто захварэў на грып, не паведамляецца, аднак у некаторых даследаваных узорах вызначаны вірусы грыпу А (Н1) pdm09 і грыпу B.
Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя Украіны адзначае, што ў краіне ў гэтым эпідэміялагічным сезоне ад ускладненняў грыпу ўжо памерлі пяць чалавек (у мінулым – больш за 60, у тым ліку 19 дзяцей).
Сярод тых, хто памёр ад ускладненняў грыпу ў гэтым эпідсезоне – 31-гадовая парадзіха (дзіця выжыла), 55-гадовая жанчына і шасцігадовая дзяўчынка. Ніхто з хворых не быў прышчэплены.
З пачатку кастрычніка 2019 года супраць грыпу ва Украіне вакцынавана ўсяго крыху больш за 227 тысячаў чалавек – гэта блізу 0,5% насельніцтва краіны.
Чаму ў Беларусі масава не хварэюць на грып?
Менавіта вакцынацыя мае найважнейшую ролю ў стрымліванні распаўсюджвання захворвання, адзначыла загадчыца лабараторыі грыпу і грыпападобных захворванняў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля Шмелева, адказваючы на пытанне Naviny.by, чаму ў параўнанні з краінамі-суседкамі ў Беларусі спакойная сітуацыя з грыпам.
Ва Украіне прышчэплены прыкладна толькі кожны 200-ы жыхар, у Беларусі суадносіны значна лепшыя – 1 да 2,3. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, у 2019 годзе прышчэплена супраць грыпу больш за 3,8 млн чалавек. Ахоп перавысіў 41% насельніцтва (блізу 55% дзяцей і 38% дарослых).
Акрамя таго, Наталля Шмелева адзначыла «як ніколі доўгія школьныя вакацыі сёлета», што «стварылі спрыяльную сітуацыю для нераспаўсюджання грыпу сярод дзяцей, якія складаюць звычайна большасць хворых на ВРВІ».
«Бо вядома – пазбяганне месцаў з вялікай колькасцю людзей з'яўляецца адным з метадаў прафілактыкі ВРВІ і грыпу», – падкрэсліла спецыялістка.
А вось нетыпова цёплая зіма на распаўсюдзе ВРВІ і грыпу, «збольшага, ніяк не адбіваецца», мяркуе Наталля Шмелева.
Не ўмовы надвор'я вызначаюць распаўсюджванне ВРВІ, а наяўнасць ўзбуджальніка і адчувальнасць арганізмаў людзей, сказала загадчыца лабараторыі.
У Беларусі ўздым захворвання на грып цягам апошніх 50 гадоў прыпадае на канец студзеня – люты. Хоць бываюць і адхіленні – пандэмія 2009 года пачалася ў сакавіку.