19 красавiка 2024, Пятніца, 17:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкі эксперт: Эканоміка Украіны развіваецца правільна

39
Нямецкі эксперт: Эканоміка Украіны развіваецца правільна

Урад Ганчарука за чатыры месяцы здолеў дамагчыся сур'ёзных поспехаў.

Роберт Кірхнер (Robert Kirchner) – намеснік кіраўніка Нямецкай кансультатыўнай групы, якая існуе пры Міністэрстве эканомікі і энэргетыкі ФРГ і спецыяльна створаная для спрыяння ўраду Украіны. У інтэрв'ю Deutsche Welle ён станоўча ацаніў прамежкавыя вынікі працы новага ўкраінскага ўрада.

– Спадар Кірхнер, ва Украіне спекулююць пра магчымую адстаўку ўрада прэм'ера Аляксея Ганчарука. Ён ужо больш за чатыры месяцы ва ўладзе. Як Вы ацэньваеце прамежкавыя поспехі ягонага ўрада?

– Што тычыцца эканомікі, то ацэнка таго, што можна было ўбачыць да гэтага часу, вельмі станоўчая. Украіна прадэманстравала ў 2019-м адзін з самых высокіх паказнікаў росту ВУП апошніх гадоў – верагодна, блізу 3,5 адсотка ў рэальных лічбах. Наўрад ці гэта менавіта тое, чаго хацелася б бачыць ураду – ягоныя мэты больш амбіцыйныя. Так ці інакш, але гэта відавочна пазітыўны трэнд.

А калі паглядзець на іншыя эканамічныя паказнікі, то інфляцыя істотна знізілася – 4 адсоткі адпавядаюць калідору, закладзенаму Нацбанкам Украіны, золатавалютныя рэзервы ў канцы мінулага года прыкметна выраслі, грыўна значна ўмацавалася ў кошце, што з'яўляецца сведчаннем даверу з боку інвестараў. Дэфіцыт, закладзены ў бюджэт 2020 года, памяркоўны. Дзяржаўная пазыка ў суадносінах да ВУП зніжаецца. Усе гэтыя паказнікі дэманструюць, што эканоміка развіваецца ў правільным кірунку. Вядома, гэта не толькі дасягненні ўрада за чатыры месяцы, тут ролю мае праца Нацбанка і папярэдняга ўрада. Але ў любым выпадку Украіна на правільным шляху.

– Вы назвалі найбольш прыкметныя поспехі. А ў якіх сферах вы чакаеце ад урада Украіны больш катэгарычных і актыўных дзеянняў?

– Апісанае мной макраэканамічнае развіццё станоўчае, а таму важна, каб яно прадаўжалася. Нельга расслабляцца, трэба далей працаваць над тым, каб фіскальная, грашовая палітыка і г.д. былі такімі, каб гэтыя поспехі заставаліся. Дзе патрэбныя больш актыўныя дзеянні, дык гэта ў сферы структурных рэформаў. Тут варта назваць зямельную рэформу, пра якую шмат гавораць і якую дзесяцігоддзямі адкладалі, што прывяло да сітуацыі, калі Украіна ператварылася ў краіну-выключэнне. У большасці падобных дзяржаваў свету гандаль зямлёй не з'яўляецца якой-небудзь праблемай, гэта дае станоўчы імпульс эканоміцы.

Ва Украіне ёсць першыя спробы гэта зрабіць, адпаведны законапраект быў ухвалены ў першым чытанні. Гэта ўжо вялікі поспех. Але цяпер гаворка ідзе пра тое, каб давесці рэформу да канца, то-бок вынесці закон на другое чытанне і прыняць яго. І тут вызначальным будзе тое, якім стане закон. Пакуль гэта незразумела. Да прыкладу, пытанне, ці змогуць удзельнічаць у гандлі зямлёй замежнікі, на якіх умовах. Ураду варта сканцэнтравацца на тым, каб знайсці мадэль, якая ў канчатковым выніку дапамагла б паскорыць і эканамічнае развіццё, каб урад дасягнула паказнікаў, блізкіх да пастаўленых ва ўрадавай праграме.

– А акрамя?

– Другая тэма – гэта рэформа дзяржаўных прадпрыемстваў, дзе да гэтага часу існуе шмат неэфектыўнасці, марнатраўства. Гэта тое, што дзяржава павінна змяніць, і дзе ў апошнія гады было мала зрухаў. Хочацца спадзявацца, што гэты працэс атрымае новы імпульс – перш за ўсё ад каманды міністра эканомікі Цімафея Мілаванава. І трэцяе – гэта прававая абарона інвестараў, што надзвычай важна.

Калі ва Украіне хочуць на доўгую перспектыву палепшыць інвестыцыйны клімат, а пэўны прагрэс ужо ёсць, то трэба заняцца судовай рэформай. Гэта неабходна і для таго, каб прывабіць ва Украіну больш замежных інвестыцый. Бо ў апошнія гады іх плынь была хутчэй сціплай. Урад паставіў перад сабой мэту павялічыць гэты паказнік да 50 мільярдаў даляраў цягам пяці гадоў. Без прававой абароны дасягнуць гэтага не атрымаецца. Пакуль мы бачым, што Украіна не рэалізавала свой патэнцыял у тым, што тычыцца прамых інвестыцый.

– Вы закранулі пытанне зямельнай рэформы. Якім Вы бачыце ў выніку рынак зямлі ва Украіне – цалкам свабодным і для замежнікаў?

– Я з вялікім разуменнем стаўлюся да таго, што ў пачатку такой рэформы ўсталёўваюцца пэўныя абмежаванні, якія з часам здымаюцца, калі высвятляецца, што многія асцярогі не апраўдаліся. Лепш так, чым наадварот. Але цалкам выключаць замежнікаў і выносіць пытанне іх удзелу ў рынку зямлі на рэферэндум... Я не ўпэўнены, што гэта рэалістычны падыход у наш час, і гэта тычыцца не толькі Украіны. Я думаю, што перш за ўсё самі ўкраінцы павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб попыт на іх зямлю быў вельмі высокім, і гэты попыт часта прыходзіць з-за мяжы, дык чаму іх выключаць? Урэшце гэта сродкі, якімі ў канчатковым выніку змогуць карыстацца ўкраінцы.

Іншая рэч сачыць, каб гэта не былі людзі, якія хочуць толькі спекуляваць зямлёй на рынку. Але гэта тычыцца таксама і ўкраінцаў, бо сярод іх гэтаксама могуць быць патэнцыйныя спекулянты. Таму трэба стварыць механізмы папярэджання. Бо ёсць шмат замежнікаў, якія інвестуюць ва Украіну, якія ствараюць працоўныя месцы, у тым ліку ў аграрным сектары, і мне б, увогуле, хацелася бачыць больш такіх прыкладаў.

– На гэтым тыдні ва Украіне актыўна абмяркоўвалі высокія заробкі чальцоў урада, што абурылі многіх грамадзянаў. Прэм'ер Ганчарук абараняе такі падыход, матывуючы яго барацьбой з карупцыяй. Наколькі гэта дзейсны метад?

– Адных заробкаў для таго, каб стрымаць людзей ад карупцыі, на маю думку, недастаткова. У той самы час зразумела і тое, што добрым спецыялістам трэба плаціць добрыя заробкі. Думаю, што кожны чалец урада валодае альтэрнатыўнымі магчымасцямі працы ў прыватным бізнэсе, дзе заробкі залежаць ад якасці працы. Краіна не пераможа ад сімвалічнай аплаты працы людзей цягам многіх гадоў.

Гэта можа працаваць часова, напрыклад, пасля Еўрамайдана многія свядома адмаўляліся ад заробку. Але гэта можна разглядаць толькі як пераходную пастанову. Бо міністр павінен адказваць за шматтысячны штат супрацоўнікаў і распараджацца мільярдным бюджэтам. І гэта павінна аплачвацца гэтаксама, як і на прыватным прадпрыемстве, дзе пануюць падобныя ўмовы. Вядома, тут гаворка ідзе пра бюджэтныя грошы. Але варта хутчэй спрабаваць падвысіць эфектыўнасць працы дзяржаўнага сектара, бо збольшага ва ўстановах і міністэрствах працаўладкавана больш людзей, чым трэба. Тады падняць заробкі можна не толькі кіраўніцтву, але і іншым супрацоўнікам. Так што я не вылучаў бы пытанні аплаты працы міністраў у асобную тэму, а разглядаў іх у кантэксце структурнай рэформы дзяржсектара.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках