24 красавiка 2024, Серада, 16:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трампа паводле справы аб імпічменце будуць абараняць абвінаваўцы Клінтана

Трампа паводле справы аб імпічменце будуць абараняць абвінаваўцы Клінтана

Працэдура набліжаецца да вызначальнай фазы.

У каманду юрыстаў, якія адстойваюць інтарэсы амерыканскага лідара Дональда Трампа на слуханнях у сенаце, увойдуць былыя пракуроры паводле справы аб імпічменце 42-га прэзідэнта ЗША Біла Клінтана ў 1998 годзе. Пра гэта паведамляюць Politico і The New York Times са спасылкай на крыніцы, піша РБК.

Паводле звестак выданняў, у склад групы прадстаўнікоў Трампа на працэсе пра імпічмент увойдзе юрыст і былы федэральны суддзя Кэнэт Стар, чыё расследаванне сэкс-скандалу з удзелам супрацоўніцы Белага дому Монікі Левінскі прывяло ў 1998 годзе да імпічменту 42-га прэзідэнта Біла Клінтана. Паводле звестак NYT, Трамп мяркуе, што Стар зможа падтрымаць на слуханнях у сенаце меркаванне пра тое, што працэс імпічмэнту ў дачыненні да яго з'яўляецца «незаконным і несправядлівым».

Да яго на слуханнях у сенаце таксама далучацца экс-генпракурор Флорыды Пэм Бондзі і юрыст Роберт Рэй, які змяніў Стара ў якасці незалежнага юрыста ў іншай справе Клінтана, звязанай з падазрэннямі ў махінацыях з інвестыцыямі ў нерухомасць (абвінавачванні Клінтану і ягонай жонцы Хілары ў выніку прад'яўленыя не былі праз недастатковасць доказаў). Асноўнымі абаронцамі Трампа на будучым судовым працэсе будуць юрысконсульт Белага дому Пэт Чыпалонэ, ягоны асабісты адвакат Джэй Секулоу і Джэйн Серэна Раскін, якая бараніла Трампа падчас расследавання спецпракурора Роберта Мюлера пра ўмяшанне Расеі ў амерыканскія выбары. CNBC звяртае ўвагу на тое, што ў склад юрыстаў не ўвайшоў іншы асабісты адвакат Трампа Рудзі Джуліяні. У ЗША яго падазраюць у ціску на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага: Джуліяні нібыта спрабаваў прымусіць яго ініцыяваць новае расследаванне дзейнасці сына былога віцэ-прэзідэнта краіны Джозэфа Байдэна – Хантэра і ўкраінскай газавай кампаніі Burisma.

Акрамя таго, Трампа будзе прадстаўляць былы прафесар канстытуцыйнага права Гарвардскага ўніверсітэта Алан Дэршовіц, які раней бараніў у 1990-я баксёра Майка Тайсана і мільярдэра Джэфры Эпштэйна. У інтэрв'ю тэлеканалу CNBC ён растлумачыў, што, нягледзячы на тое, што на выбарах ў 2016 годзе галасаваў за экс-дзяржсакратарку Хілары Клінтан, пагадзіўся выступаць паводле справы аб імпічменце Трампа ў сенаце з мэтай «абароны цэласнасці Канстытуцыі краіны і прадухілення стварэння небяспечнага прэцэдэнту». NYT удакладняе, што 81-гадовы Дэршовіц не раз выступаў у абарону кіраўніка Белага дому ў эфіры розных тэлевізійных перадачаў.

У канцы верасня палата прадстаўнікоў кангрэса ЗША абвесціла пра пачатак працэдуры імпічменту Трампа. Падставай для гэтага стала ліпеньская размова Трампа з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. The Wall Street Journal пісала са спасылкай на ананімнага інфарматара, што амерыканскі лідар прасіў украінскага калегу ў абмен на ваенную дапамогу пачаць расследаванне крымінальнай справы супраць сына былога віцэ-прэзідэнта ЗША і галоўнага спаборніка Трампа на сакавіцкіх выбарах 2020 года Джозэфа Байдэна. У снежні палата прадстаўнікоў ЗША зацвердзіла абодва артыкулы абвінавачвання супраць Трампа ў рамках працэдуры імпічменту – яму ставяць у віну злоўжыванне ўладай і перашкоды ў працы кангрэса. 15 студзеня палата прадстаўнікоў прагаласавала за перадачу справы пра імпічмент Трампа ў Сенат, пасля чаго ён афіцыйна запусціў судовае разбіральніцтва.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках