20 лютага 2020, Чацвер, 10:20
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

У Беларусі ўвялі «падатак на пластык»

23
У Беларусі ўвялі «падатак на пластык»

Паводле задумы Саўміна і Лукашэнкі, выдаткаваць грошы на барацьбу з пластыкавай тарай павінны самі грамадзяне.

У Беларусі падвысілі плату для вытворцаў і пастаўшчыкоў за арганізацыю збору пластыкавай упакоўкі і посуду. Змены прадугледжаныя пастановай Саўміна № 24 ад 16 студзеня. Магчымы рост выдаткаў праз павелічэнне збору юрасобам і ІП будзе кампенсаваны спажыўцамі, тлумачылі раней улады. Прасцей кажучы, будуць расці кошты на тавары ў пластыкавай упакоўцы. Яшчэ адно змяненне датычна пластыку прыняў Лукашэнка, яно тычыцца сістэмы збору адкідаў папяровай і кардоннай упакоўкі, паведамляе tut.by.

Што будзе з коштамі на тавары ў пластыкавай упакоўцы праз новаўвядзенні

Цяпер плата для вытворцаў і пастаўшчыкоў за арганізацыю збору пластыкавай упакоўкі і посуду складае 180 рублёў за адну тону. З 1 красавіка і да канца года яна будзе складаць 270 рублёў, а з 1 студзеня 2021-га – 360 рублёў. Збор за тону біяраскладальных мяшкоў і торбаў з 1 красавіка гэтага года складзе 90 рублёў.

Магчымы рост выдаткаў юрыдычных асобаў і ІП, якія займаюцца вытворчасцю або ўвозам палімернай упакоўкі, тавараў у такім пакаванні і пластыкавага посуду, а таксама выкарыстоўваюць гэтую ўпакоўку і посуд пры вытворчасці тавараў, будзе кампенсаваны ім спажыўцамі, якія набываюць тавары ў палімернай упакоўцы і пластыкавым посудзе, тлумачылі раней улады. «Пры гэтым спажыўцы маюць магчымасць выбраць аналагічныя тавары з паперы і шкла, у дачыненні да якіх плата не змяняецца», – адзначалі чыноўнікі.

Анатоль Шагун, кіраўнік управы ў каардынацыі дзейнасці ў сферы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ГУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў», раней таксама тлумачыў, што будзе з коштамі на тавары ў пластыкавай тары.

– Гэта так усюды з усімі адкідамі: у нас, у Еўропе, ва ўсім свеце, – адзначаў Анатоль Шагун. – Усе выдаткі вытворцы трапляюць у кошт тавару. Калі плата істотная, спажыўцы пачынаюць задумвацца, як скараціць аб'ём гэтай платы, гэта значыць паменшыць аб'ём спажыванай упакоўкі. Трэба падымаць плату за пластык, а за шкло зніжаць і тым самым стымуляваць выкарыстанне шкляной упакоўкі. Але гэта працэс паэтапны, нельга адразу падняць плату ў 10 разоў. Людзі павінны да гэтага падрыхтавацца.

Вытворцы раней апавядалі, што падвышэнне гэтага збору прывядзе да падаражання канчатковай прадукцыі для пакупнікоў.

– Калі плату за збор, абясшкоджванне і перапрацоўку пластыкавай тары павялічаць да 360 рублёў, гэта значыць у 2 разы, гэта, вядома ж, адаб'ецца на кошце канчатковай прадукцыі, – адзначаў раней генеральны дырэктар кампаніі «Дарыда» Зміцер Невяровіч. – Адна пластыкавая бутэлька важыць прыкладна 35–40 грамаў. Калі сёння за тону мы плацім 180 рублёў, то цяпер нам прапануюць плаціць 360 рублёў. Можна палічыць, на колькі вырасце сабекошт кожнай бутэлькі.

Мы раней спадзяваліся, што тона – гэта прыкладна 25 тысячаў бутэлек, і вылічылі, колькі дадатковых выдаткаў ляжа на кожную зыходзячы з новай велічыні збору. Гэта значыць збор на адну бутэльку будзе блізу 1,5 капейкі, вырасце напалову.

Чыноўнікі мяркуюць, што павелічэнне збору дазволіць паступова скараціць спажыванне пластыкавай упакоўкі і перайсці на экалагічна бяспечную – шкляную, папяровую, плата за якую расці не будзе.

Аднак калі параўнаць кошты на прадукты ў шкле і ў пластыку, нават з улікам павышэння збору, першыя саступаюць – яны ўсё роўна будуць значна даражэйшыя. Раней прадстаўнікі Рагачоўскага малочнакансервавага камбіната апавядалі нам, што, да прыкладу, малако ў шкляной бутэльцы каштуе адсоткаў на 15 даражэй, чым у пластыкавай. 730 мілілітраў малака ў шкле абыдзецца на 1,74 рубля. 900 мілілітраў малака такой самай тлустасці гэтага ж вытворцы, але ў пластыкавай бутэльцы каштуюць 1,56 рубля. Гэта значыць 730 мілілітраў прадукту ў пластыку каштавалі б 1,26 рубля – на 48 капеек танней. І калі малако аднолькавае, то розніца, хутчэй за ўсё, за кошт упакоўкі.

Якія змены ўвёў Лукашэнка

Лукашэнка 17 студзеня падпісаў указ № 16 «Аб удасканаленні парадку абыходжання з адкідамі тавараў і ўпакоўкі». Дакумент сярод іншага скасоўвае дзейнае абмежаванне ва ўжыванні вытворцамі і пастаўшчыкамі ўласнай сістэмы збору адкідаў папяровай і кардоннай упакоўкі. Зніжаецца адміністрацыйная і фінансавая нагрузка на суб'екты гаспадарання, звязаныя з выкананнем абавязкаў у забеспячэнні збору адкідаў, пры гэтым выключаецца адміністрацыйная працэдура рэгістрацыі ў рэестры вытворцаў і пастаўшчыкоў, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

«Каб стымуляваць прадпрыемствы да выкарыстання пры вытворчасці тавараў экалагічнай упакоўкі, ім змогуць кампенсаваць розніцу кошту ў параўнанні з палімерным пакаваннем. Аднак для гэтага экаўпакоўка павінна быць вырабленая на тэрыторыі Беларусі з выкарыстаннем другаснай сыравіны – шклабою і макулатуры», – адзначаюць у прэс-службе Лукашэнкі.

Якія яшчэ новаўвядзенні ўвялі ўлады датычна пластыку

Улады маюць намер паэтапна зніжаць выкарыстанне палімернай упакоўкі. З 2021 года ў Беларусі плануюць абмежаваць выкарыстанне пластыкавага посуду ва ўстановах грамадскага харчавання. Змены прадугледжаныя пастановай Саўміна № 7 ад 13 студзеня «Пра паэтапнае зніжэнне выкарыстання палімернай упакоўкі».

Да прыкладу, з 2021 года плануюць увесці забарону на выкарыстанне і продаж некаторага аднаразовага пластыкавага посуду ва ўстановах грамадскага харчавання. Сёлета ўлады павінны вызначыць, які канкрэтна посуд падпадзе пад забарону.

З іншых планаў – паэтапнае зніжэнне максімальнай ёмістасці палімернай тары для разліву піва і слабаалкагольных напояў да 1 літра ўключна. Адпаведныя змены павінны падрыхтаваць у 2021 годзе.