28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Падумала, што хтосьці запускае салют»

«Падумала, што хтосьці запускае салют»

Суседзі распавялі новыя падрабязнасці аб дзёрзкі забойстве бізнэсоўца пад Гародняй.

У невялікай вёсцы Чэхаўшчыне, што недалёка ад Гародні, пра забойства бізнэсоўца Аляксандра Прасняка многія мясцовыя даведаліся з СМІ. З 55-гадовым акцыянерам гарадзенскай пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт» мала хто быў асабіста знаёмы - ён жыў у доме ля возера разам з жонкай і маленькім дзіцем, піша kp.by.

- Я жыву далёка, прыкладна ў кіламетры ад яго. Мы бачыліся часам, віталіся, але далей двух слоў гутарка не заходзіла, - кажа мясцовы жыхар. Пра забойства ён прачытаў увечары 15 студзеня ў інтэрнэце.

Цела мужчыны з агнястрэльным раненнем знайшлі ў ноч на 15 студзеня ў ягоным аўтамабілі. Распачатая крымінальная справа, міліцыя шукае датычных да злачынства. На месцы працавала група самых дасведчаных супрацоўнікаў цэнтральнага апарата Следчага камітэта. На вечар 16 студзеня падазраванага яшчэ не знайшлі.

У вёсцы распавядаюць, што звычайных сельскіх домікаў тут засталося не так шмат - праз блізкасць да горада (да Гародні ўсяго 10 хвілін язды на аўтамабілі), тут будуюць дамы і лецішчы многія забяспечаныя людзі. Усяго ў Чэхаўшчыне, са слоў вяскоўцаў, жыве 30-40 чалавек.

- Мы паміж сабой называлі тую вуліцу, дзе жыў Аляксандр, вуліцай крутых - ну так, каб зразумела было, - распавядае Ірына. - Там адны прадпрымальнікі жывуць. Гэта вельмі добрае месца: возера побач, прырода - нашмат лепш, чым у гарадской кватэры душыцца. Тая вуліца знаходзіцца за рысай вёскі - з Чэхаўшчынай іх звязвае толькі газавая труба.

Са слоў жанчыны, ні стрэлу, ні выбуху ў той вечар яна не чула.

- Нават калі б і пачула нешта такое - падумала б, што гэта салют хтосьці запусціў. Ці мала хто катэдж здаваў на святы.

Аб салюце ў ноч забойства падумала і Таццяна Мікалаеўна, якая жыве недалёка ад бізнэсоўца.

- Я паклала ўнука спаць, сама яшчэ ляжала. Пачула нейкі гук - яшчэ здзівілася, думаю, няўжо ў будні дзень хтосьці свята зладзіў. Я не выходзіла на вуліцу - там усё адно беспраглядная цемень: калі ў гэтых катэджах не гарыць святло, нічога не будзе відаць, ліхтароў там няма.

У Чэхаўшчыне Таццяна жыве 16 гадоў, як мінімум столькі ж тут жыў і забіты бізнэсовец.

- Ён неяк шмат гадоў таму прыходзіў да мяне, пытаўся, ці не прадаю я свой дом. У мяне месца добрае, шмат зямлі. Дом я прадаваць не хацела, але ён тады пакінуў нумар свайго тэлефона - маўляў, калі перадумаеш, тэлефануй. Ведаю, што Саша прыходзіў з такім пытаннем не толькі да мяне, але дамы тут не прадаюць - у асноўным перадаюць сваякам у спадчыну.

Пра Аляксандра суседзі распавядаюць так: жыў у сваё задавальненне, быў сам сабе на розуме. У горадзе ў яго было некалькі кватэр ва ўласнасці.

- 15 студзеня да мяне прыйшоў наш участковы і следчы, сказалі, што ў нас забілі чалавека. Я не паверыла, кажу: «Вы жартуеце, напэўна!». Але адразу чамусьці падумала пра Сашу: мне здаецца, гэта той чалавек, у якога маглі быць ворагі, - прадаўжае Таццяна. - У вёсцы ў яго таксама здараліся канфлікты, але дробныя: многім не падабалася, што ён выгульвае сабак без ланцужка, яны столькі курэй перадушылі. Я таксама аднойчы зрабіла заўвагу, ён адказаў «калі мне будзе трэба - тады і прывяжу».

Аляксандр Прасняк валодаў акцыямі пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт», раней займаў пасаду дырэктара ў развіцці гэтага прадпрыемства. Мэнэджарка Гарадзенскай пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт» Галіна Кулакоўская не стала даваць каментар.

- Не буду нічога распавядаць, мяне прасілі следчыя органы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках