19 сакавiка 2024, aўторак, 8:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нараджальнасць у Кітаі дасягнула мінімуму за 70 гадоў

2
Нараджальнасць у Кітаі дасягнула мінімуму за 70 гадоў

Экспэрты называюць зніжэнне нараджальнасці бомбай запаволенага дзеяння для дэмаграфіі краіны.

Нараджальнасць у Кітаі ўпала да самай нізкай адзнакі з часоў утварэння Кітайскай народнай рэспублікі 70 гадоў таму, нягледзячы на скасаванне правіла «адна сям'я - адно дзіця».

У 2019 года ў краіне нарадзілася 14,65 мільёна дзяцей, што на 580 тысяч менш, чым у папярэднім. Згодна з Нацыянальным агенцтвам статыстыкі, гэта самы нізкі паказчык з 1949 года, паведамляе ВВС.

Нараджальнасць у Кітаі паступова падае ўжо шмат гадоў, што стварае сур'ёзную праблему для другой па велічыні эканомікі свету.

Пры гэтым працягласць жыцця ў Кітаі крыху ўзрасла, таму колькасць насельніцтва ў 2019 годзе склала 1,4 мільярда чалавек замест 1,39 млрд у папярэднім годзе.

Экспэрты называюць сітуацыю бомбай запаволенага дзеяння для дэмаграфіі краіны, калі працуючай меншасці давядзецца ўтрымліваць непрацуючую большасць.

Па нараджальнасці Кітай, дзе ў 2019 годзе нарадзілася 10,48 дзяцей на тысячу чалавек, саступае ЗША (12 дзяцей на тысячу чалавек - звесткі 2017 года), але апярэджвае Японію (8 на 1000).

Паводле інфармацыі Сусветнага банка, сярэдні паказчык нараджальнасці ва ўсім свеце ў 2017 годзе склаў 18,65 дзяцей на 1000 чалавек.

Гендэрны дысбаланс

У 1979 годзе, каб затармазіць рост насельніцтва, улады Кітая ўвялі палітыку «адна сям'я - адно дзіця». Парушэнне гэтага закона цягнула за сабой вялікія штрафы, звальненне з працы, а часам і прымусовыя аборты.

Выключэнні рабіліся для жыхароў сельскай мясцовасці, калі іх першынцам стала дзяўчынка, для прадстаўнікоў этнічных меншасцяў, а з 2013 года - таксама для пар, дзе хоць бы адзін бацька - адзінае дзіця ў сваёй сям'і.

На думку спецыялістаў, менавіта гэтая палітыка прывяла да вялізнага гендэрнага дысбалансу ў краіне. Паводле інфармацыі за 2019 год, мужчынскае насельніцтва Кітая перавышае жаночае больш чым на 30 мільёнаў чалавек.

Канец «палітыкі аднаго дзіцяці» быў пакладзены ў 2015 годзе, калі ўлады дазволілі сем'ям мець па двое дзяцей.

Аднак гэтая рэформа не змагла спыніць скарачэнне нараджальнасці, бо як кажуць экспэрты, не была падтрыманая такімі спадарожнымі захадамі, як выплаты на догляд за дзіцем і падаўжэнне дэкрэтнага адпачынку.

Многія сем'і проста не могуць сабе дазволіць больш за адно дзіця.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках