У Аўстрыі легкавік збіў траіх дальнабойнікаў з Беларусі, якія ішлі па дарозе
6- 19.01.2020, 16:28
- 22,155
Адзін з іх загінуў.
У мінулую суботу ў Аўстрыі італійскі кіроўца збіў на дарозе трох мужчын - гэта былі беларускія дальнабойнікі. Адзін з іх загінуў, паведамляе Salzburger Nachrichten (пераклад - tut.by) са спасылкай на мясцовую паліцыю.
ДТЗ адбылося блізу 12.00 у суботу, 18 студзеня, у аўстрыйскім горадзе Арнольдштэйне, непадалёку ад мяжы з Італіяй і Славеніяй.
Легкавы аўтамабіль ехаў заснежанай крутой дарогай, а на супрацьлеглым баку ў гэты час ішлі тры пешаходы. Як мяркуецца, легкавік пры павароце направа занесла на людзей і іх прыціснула да агароджы або адкінула ў яе бок. Магчыма, адзін чалавек ад удару адляцеў у лес.
Дапамога пацярпелым прыйшла позна. У выніку аварыі два чалавекі атрымалі траўмы, адзін загінуў.
Паводле інфармацыі паліцыі, пацярпелыя пешаходы - беларускія кіроўцы цяжкавікоў, якія працавалі на літоўскую кампанію. На выходных яны прыпаркавалі свае аўто ў мястэчку Цёрл-Маглерн і мелі намер хадзіць па крамах пешшу. За стырном легкавога аўто, які ўчыніў ДТЗ, быў 73-гадовы італіец, які пражывае ў Аўстрыі.
Паліцыя высвятляе падрабязнасці аварыі, дзяржабвінаваўца канфіскаваў аўтамабіль для далейшых аглядаў.
Паводле непацверджанай інфармацыі, загінулы пешаход - 30-гадовы жыхар Пінска. Атрымаць каментар у літоўскай фірмы-возніка журналістам не ўдалося.