19 красавiка 2024, Пятніца, 12:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць парад, як беларусам купіць танныя авіябілеты

4
Пяць парад, як беларусам купіць танныя авіябілеты

Танныя квіткі на самалёт - аснова падарожжа самастойнага турыста.

Тым больш, купіць квіток на самалёт онлайн вельмі проста: дастаткова мець картку з інтэрнэт-банкінгам і актуальныя пашпартныя звесткі. Нават ангельскую мову ведаць не абавязкова: у некаторых браўзэрах можна ўключыць аўтаматычны пераклад старонкі, калі ў сайта няма расейскамоўнай версіі. Ніжэй - некалькі карысных парад tio.by аб тым, як купіць танныя квіткі на самалёт онлайн.

Шукайце квіткі загадзя

Найлепшы перыяд для пошуку танных квіткоў на самалёт - ад паўгода да паўтара месяцаў да вылету. Найбольш дарагімі квіткі будуць у дзень адпраўлення: бо каму вельмі патрэбна, усё адно купяць! Зрэшты, з чартарамі гэтае правіла не заўсёды працуе: танныя квіткі на чартарныя рэйсы часцяком з'яўляюцца за некалькі дзён да вылету.

Своечасовая купля білетаў і магчымасць трохі зрушыць даты мае яшчэ адзін важны плюс: вы можаце скарыстацца хітрыкамі з днямі тыдня. Аўторак і серада - найменш папулярныя дні для пералётаў. Адпаведна, часцяком кошт квіткоў з вылетамі ў гэтыя дні будзе ніжэйшы. А бліжэй да выхадных кошт на квіткі звычайна падымаецца. Дарэчы, турысты, якія падарожнічаюць у буднія дні, маюць больш шанцаў апынуцца побач з пустым крэслам у самалёце - і не абавязкова быць інтравертам, каб гэтаму парадавацца.

Ачысціце кэш або выкарыстоўвайце рэжым "інкогніта"

Часцяком сайты для пошуку авіябілетаў запамінаюць ваш запыт і могуць паказваць вам стары кошт. Ці рэагаваць на падвышаны попыт і падганяць з купляй. Пазбегнуць гэтага можна, ачысціўшы кэш і гісторыю наведванняў, альбо ж адкрыўшы сайт у рэжыме "інкогніта" - і тады ўжо шукаць квіток на самалёт у патрэбным кірунку.

Выкарыстоўвайце опцыю "Палёт куды хочаш"

Як купіць самыя танныя авіябілеты? Калі вы толькі прыглядаецеся да розных гарадоў і вам яшчэ не прынцыпова, куды менавіта адправіцца ў падарожжа, можна выкарыстоўваць опцыю "Палёт куды хочаш", якую прапаноўваюць некаторыя білетныя агрэгатары - напрыклад, Momondo і Aviasales. Увядзіце сваю лакацыю (дапусцім, Менск), патрэбны перыяд і выберыце варыянт "Куды хочаш" - і самыя танныя авіябілеты апынуцца на адлегласці аднога націску ад вас.

Шукайце танныя чартарныя квіткі

Часцяком чартар - гэта адзіны спосаб наўпрост прыляцець на патрэбны вам курорт. Аднак, паколькі продажам чартарных квіткоў займаюцца турфірмы, гэтыя квіткі не заўсёды можна знайсці ў папулярных агрэгатарах. Таму, каб танна купіць білет на самалёт, які выконвае чартарныя перавозкі, зручней за ўсё карыстацца пошукавікам чартарных квіткоў.

Важна! Часам пералёт чартарным рэйсам каштуе амаль столькі ж, колькі цэлы пакетны тур. У гэтым выпадку турысту выгадна набыць тур. Праверыць кошты пакетных тураў у розныя краіны можна ў раздзеле "авіятур".

"Пагуляйце" з гарадамі

Калі ў вас ёсць невялікі запас часу, паспрабуйце "пагуляць" з гарадамі вылету і прылёту, каб знайсці больш выгадныя прапановы авіякампаній. Гэта справядліва і для рэгулярных, і для чартарных рэйсаў. Напрыклад, авіябілеты ў Эйндховен звычайна каштуюць значна танней, чым у Амстэрдам. Улічваючы тое, што Нідэрланды памерам крыху большыя за Віцебскую вобласць, дабрацца з аднаго горада ў іншы не складзе працы.

Таксама ў мэтах эканоміі лепш купляць білеты "туды-назад" і не баяцца рэйсаў з перасадкамі: часцяком у суме гэта каштуе танней, а ў вас, магчыма, будзе шанец паглядзець яшчэ адзін горад.

Калі вы разглядаеце вылеты з суседніх краін, якія не абмяжоўвайцеся сталіцамі. Лоўкостэры лётаюць таксама з Коўна, Львова, Гданьска, Кракава, Любліна і іншых гарадоў. Дарэчы, многія з гэтых гарадоў самі па сабе прыгожыя і заслугоўваюць наведвання.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках