23 лютага 2020, Нядзеля, 10:29
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Вайна ў Лівіі: Бакі канфлікту сустракаюцца ў Берліне з сусветнымі лідарамі

1
Вайна ў Лівіі: Бакі канфлікту сустракаюцца ў Берліне з сусветнымі лідарамі
Фотa: AFP

У перамовах удзельнічаюць прэм'ер-міністр Фаез ас-Сірадж і генерал Халіфа Хафтар.

У Нямеччыне аднавіліся перамовы паміж бакамі канфлікту ў Лівіі. У Берлін прыбылі прадстаўнікі двух асноўных варожых бакоў – урада ў Трыпалі, які дзейнічае пры падтрымцы ААН, і сілаў, верных генералу Хафтару, якія асталяваліся на ўсходзе краіны, паведамляе расейская служба ВВС.

Абвешчана, што ў перамовах удзельнічаюць прэм'ер-міністр Фаез ас-Сірадж і генерал Халіфа Хафтар.

У перамовах удзельнічаюць таксама дыпламаты-назіральнікі ААН, ЕЗ, Расеі і Турцыі. Таксама ў Берлін прыбыў расейскі прэзідэнт Пуцін, прэзідэнт Турцыі Эрдаган, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прем’ер-міністр Брытаніі Борыс Джонсан.

Спыненне канфлікту ў Лівіі залежыць ад яго знешніх удзельнікаў, у тым ліку ад Расеі, заявіў Борыс Джонсан пасля прыбыцця ў Берлін на канферэнцыю датычна Лівіі.

"Гаворка ідзе пра апасродкаваны канфлікт, рухомы знешнімі сіламі: Расея, Егіпет і іншыя краіны на адным баку, Турцыя і іншыя краіны – на другім баку, краіны ЕЗ ёсць і на тым і на другім. Такі канфлікт можа закончыцца, толькі калі знешнія сілы надумаюць закончыць яго. Менавіта да гэтага заклікае Брытанія, гэта ўжо доўжыцца занадта доўга, гэта ганьба", – сказаў Джонсан журналістам.

Раней на праведзеных у Маскве перамовах бакі не здолелі дабіцца згоды ў тым, як спыніць доўгую грамадзянскую вайну ў Лівіі.

Фотa: Reuters

На перамовах у Берліне ставіцца таксама задача дамагчыся ад асноўных дзяржаваў пацверджання раней дадзеных абавязальніцтваў у адмове ад умяшальніцтва ў канфлікт і паставак узбраенняў варожым бакам.

У суботу сілы, верныя генералу Хафтару, заблакавалі экспарт нафты з асноўных партоў краіны.

"Мы не трацім надзеі, што дыялог прадоўжыцца і што канфлікт будзе ўрэгуляваны", – заявіў прэзідэнт Пуцін у нядзелю пасля сустрэчы з прэзідэнтам Эрдаганам у кулуарах канферэнцыі.

Прэзідэнт Эрдаган, які напярэдадні санкцыянаваў адпраўку турэцкіх войскаў у Лівію з мэтай падтрымкі ўраду ў Трыпалі, заявіў да пачатку канферэнцыі, што агрэсіўнай пазіцыі генерала Хафтара час пакласці канец.

Што адбываецца ў Лівіі?

СІЛЫ, ВЕРНЫЯ ЎРАДУ Ў ТРЫПАЛІ, ТРЫМАЮЦЬ АБАРОНУ СТАЛІЦЫ
ФОТА: AFP

Грамадзянская вайна ў Лівіі доўжыцца з 2011 года, калі ў выніку паўстання быў зрынуты рэжым палкоўніка Муамара Кадафі.

Генерал Хафтар, які называе сябе камандавальнікам Лівійскай нацыянальнай арміі, кантралюе значную частку тэрыторыі на ўсходзе краіны. У красавіку летась ён разгарнуў наступ сваіх сілаў супраць сілаў, верных ураду нацыянальнай згоды ў Трыпалі.

Ягоныя сілы пакуль не ў стане авалодаць сталіцай, аднак у пачатку студзеня яны захапілі трэці ў велічыні горад і найважнейшы порт Сірт.

Тады ж было заключанае часовае перамір'е паміж супрацьлеглымі сіламі. Аднак абодва бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў зрыве дамовы. Гэтыя абвінавачванні сталі прычынай няўдачы перамоваў у Маскве, якія адбыліся на мінулым тыдні.

Якая роля трэціх краінаў?

ПАВОДЛЕ СЛОВАЎ САЛАМЭ, ЗАМЕЖНАЕ ЎМЯШАННЕ СПРЫЯЕ ПРАДАЎЖЭННЮ КАНФЛІКТУ Ў ЛІВІІ
ФОТА: AFP

Генерал Хафтар валодае падтрымкай з боку Расеі, Егіпта, Саудаўскай Аравіі і ААЭ, а таксама Іярданіі. Аднак у канцы мінулага года Турцыя прыняла закон, які гарантуе яе падтрымку ўрада ў Трыпалі.

У суботу спецыяльны пасланнік ААН у Лівіі Гасан Саламэ заклікаў знешнія сілы спыніць падтрымку мясцовых рушэнняў пастаўкамі зброі, наймітаў і іншай ваеннай дапамогай.

Паводле ягоных словаў, такія дзеянні ствараюць зачараванае кола, у рамках якога бакі канфлікту заклікаюць знешнія сілы да ўмяшання ў канфлікт.

Паводле словаў Саламэ, палітычнае ўрэгуляванне канфлікту стала б найлепшым зыходам для ўсіх яго ўдзельнікаў, паколькі Лівія, якая валодае шырокай тэрыторыяй, складаным этнічным складам насельніцтва, шматлікімі ўзброенымі рушэннямі і слабой дзяржаўнасцю, не можа кіравацца нейкай адной групоўкай.