29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што чакае экс-трэнера БАТЭ ў «Жальгірысе»?

Што чакае экс-трэнера БАТЭ ў «Жальгірысе»?
Алексей Бага

Давядзецца развязваць тыя ж задачы, што і барысаўчанам: вярнуць клуб на вяршыню.

У нядзелю Аляксей Бага вызначыўся з новым месцам працы, упершыню ў кар'еры адправіўшыся за мяжу ў статусе трэнера, піша pressball.by.

У "Жальгірысе" 38-гадовы спецыяліст стартуе з месца ў кар'ер – у гэты ж дзень Бага назіраў за спарынгам новай каманды з латвійскай "Валміерай" (2:1). Разам з Аляксеем Анатольевічам у сталіцу Літвы перабраўся і ягоны памочнік Валер Тарасенка. Кантракт з беларусамі заключаны на адзін сезон з опцыяй падаўжэння.

Увогуле яшчэ некалькі тыдняў таму "Жальгірыс" і не думаў шукаць новага галоўнага трэнера. Пасля таго як у лістападзе летась пасля фінішу на другім месцы віленчукі рассталіся з партугальцам Жуанам Луішам Мартыншам, яны вызначыліся з новым штабам. У яго павінны былі ўвайсці гішпанцы Хуан Феранда і Віктар Басадрэ. Першы працаваў у ціраспальскім "Шэрыфе", а ў апошнія гады – у грэцкай "Алімпіякас" з Воласа, які за два сезоны пераадолеў шлях з трэцяга дывізіёна ў эліту.

Феранда павінен быў далучыцца да "Жальгірыса" ў сярэдзіне лютага, аднак у іспанца ўзніклі праблемы са здароўем (кажуць, вельмі сур'ёзныя), і пераезд у Літву давялося адмяніць. Ягоны памочнік, 49-гадовы Віктар Басадрэ, у Вільню прыехаў і нават пачаў з "Жальгірысам" перадсезонку, правёўшы некалькі трэніровак, аднак клуб не хаваў, што на ўсю моц вядзе пошукі галоўнага трэнера. Які лёс чакае гішпанца пасля прыходу Багі, пакуль невядома.

Галоўная задача беларуса – вярнуць "Жальгірыс" на першы радок. Віленчукі перажылі крызіс "нулявых", і ў дзесяцігоддзе, якое сыходзіць, вярнуліся на вяршыню літоўскага футболу. У 2013-м яны ўпершыню за 14 гадоў перамаглі ў чэмпіянаце Літвы і ўтрымлівалі ў сябе тытул яшчэ цягам трох гадоў. Аднак потым эстафету перахапіла "Судува", і "Жальгірыс" тры сезоны запар фінішуе на другім месцы. У мінулым чэмпіянаце адрыў ад лідара склаў 13 балаў.

Зрэшты, цяпер у Вільні, прынамсі, усё стабільна. Асабліва ў параўнанні з бядотнымі "нулявымі", калі пасля арышту за вымагальніцтва ўладальніка клуба – літоўскага бізнэсмэна Вадзіма Кастуева – "Жальгірыс" застаўся без сродкаў да існавання. Каманда была паніжаная ў класе, але і ў першай лізе заняла толькі 6-е месца. Тым не менш у эліту яе вярнулі. Па-першае, таму што прынялі да ўвагі багатую гісторыю клуба – адзінага прадстаўніка Літвы, які браў медалі саюзнага чэмпіянату (бронза-1987). Па-другое, сярод канкурэнтаў не знайшлося ахвотных узяць на сябе эканамічныя абавязальніцтвы ў выступе ў эліце.

Шэфства над клубам узяў горад. Была створаная новая структура – Віленскае гарадское футбольнае таварыства "Жальгірыс". Ужо праз два гады, у 2010-м, "зялёна-белыя" зноў былі ў тройцы прызёраў, а ў 2013-м упершыню з 1991 года зрабіў дубль, перамогшы і ў чэмпіянаце і ў Кубку. Другі трафей "Жальгірыс" атрымаў пяць разоў запар за чатыры гады (у 2016 Кубак Літвы стаў гуляцца паводле сістэмы "вясна – восень" – сталічны клуб у тым годзе ўзяў абодва тытулы).

Адпаведна каманда вярнулася ў еўракубкі, дзе паставіла рэкорд для сябе і літоўскіх клубаў. У сезоне-2013/14 віленчукі прайшлі тры раўнды ў Лізе Еўропы, адолеўшы ірландскі "Сэнт-Патрык" (2:2, 2:1), армянскі "Пюнік" (2:0, 1:1) і польскі "Лех" (1:0, 1:2), і толькі ў раўндзе плэй-оф саступілі аўстрыйскаму "Зальцбургу" (0:2, 0:5).

Зрэшты, пасля гэтага якіх-небудзь значных поспехаў на еўрапейскай арэне дасягнуць не атрымалася. Хіба што ў ЛЕ 2018/19 "Жальгірыс" прайшоў два раўнды, але потым трапіў на "Севіллю" (0:1, 0:5). У мінулым сезоне літоўцы на першай жа стадыі саступілі венгерскаму "Гонведу" (1:1, 1:3). З таго ж 1-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы "Жальгірыс" стартуе будучым летам і пад кіраўніцтвам Багі.

На гэты момант у распараджэнні Багі 20 футбалістаў. Пасля заканчэння мінулага сезону пакінулі каманду адзін з лідараў гішпанец Віктар Перэс, а таксама лідар нападаў харват Таміслаў Кіш, добра вядомы беларускім заўзятарам з выступаў за салігорскі "Шахцёр". Узімку ён адправіўся ў паўднёвакарэйскі "Сенам". Затое застаўся ў складзе віленчукоў яшчэ адзін экс-гулец гарнякоў – хаўбек Саўлюс Мікалюнас, які правёў у Салігорску паўтара сезона ў 2014/15 годзе. Дадамо, што да лета мінулага года "зялёна-белых" трэніраваў яшчэ адзін чалавек з салігорскім мінулым – паляк Марэк Зуб.

Пачаткоўцаў пакуль двое. Гэта хаўбек Мантас Кукліс, які вярнуўся ў "Жальгірыс" пасля двух гадоў легіянерства ў казахстанскім "Жэтысу", і канадскі паўабаронца Рычлорд Энін, выхаванец "Таронта", які паспеў засвяціцца ў MLS і выступаў за зборныя Канады U-17 і U-20. Зрэшты, Багу разам з дырэктарамі клуба – даволі вядомым Эдгарасам Чэснаўскісам і Дэйвідасам Шэмберасам – яшчэ напэўна трэба будзе папрацаваць над селекцыяй. Хто ведае, можа, у Вільні з'явіцца яшчэ хто-небудзь з беларусаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках