Лукашэнку будуць судзіць, як здрадніка Радзімы
20- Максім Вінярскі
- 2.01.2020, 15:05
- 61,346
Дыктатар фактычна бярэ на сябе яшчэ адзін крымінальны артыкул.
Сёння каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі выйшаў на волю пасля 15 дзён адміністрацыйнага арышту, праведзеных у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна.
Актывіста асудзілі на 15 дзён арышту за ўдзел у акцыях у абарону незалежнасці Беларусі, якія прайшлі 7 і 8 снежня ў Менску.
Каталіцкія Каляды і Новы год Максім Вінярскі сустрэў у турэмных умовах. Актывіст пракаментаваў Charter97.org свой арышт за ўдзел у акцыях супраць «інтэграцыі» з РФ:
- Гэта ўжо чацвёрты Новы год, які я сустракаю ў беларускай турме.
Лукашэнка выразна паказаў, што ён «гарант» не беларускай незалежнасці, а гарант беларускай акупацыі. Гэта бачна па тым, як ён ставіцца да тых людзей, якія выходзяць, каб паказаць, што яны за незалежнасць Беларусі і абараніць нашу дзяржаўнасць.
Лукашэнка фактычна бярэ на сябе яшчэ адзін крымінальны артыкул: «здрада Радзіме». І па гэтым артыкуле ён таксама будзе асуджаны - як і за выкраданне і забойства людзей, як і за ўзурпацыю ўлады
- Што дапамагло вытрымаць Новы год на Акрэсціна?
- Салідарнасць нашых людзей. І тое, што міліцыянты перад вызваленнем вывозілі нас у невядомым кірунку, паказвае, як яны баяцца нашай салідарнасці.
Дзякую ўсім, хто дасылаў лісты і паштоўкі з віншаваннямі з Калядамі і Новым годам. На жаль, да мяне дайшло далёка не ўсе. Напрыклад, ад Змітра Паліенкі мне дайшаў толькі другі ліст, першы з іх не перадалі. А калі вывозілі з Акрэсціна, турэмшчыкі адабралі ў мяне мой «турэмны дзённік» - сшытак, куды я запісваў усё, што адбывалася на працягу 15 дзён.