19 сакавiка 2024, aўторак, 12:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-міністр працы: Пенсійны ўзрост павышаюць з пэўнай мэтай

63
Экс-міністр працы: Пенсійны ўзрост павышаюць з пэўнай мэтай
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Памер «сацыяльнай дзяржавы» ў Беларусі абмяжоўваецца Драздамі.

У сувязі з чарговым павышэннем з 1 студзеня пенсійнага ўзросту і мінімальнага страхавога стажу ўсё больш беларусаў трапляюць у «пенсійную пастку».

Каб атрымліваць працоўную пенсію, сёлета неабходна мець ужо мінімум 17,5 гадоў страхавога стажу.

Толькі паводле афіцыйных звестак, на 1 студзеня 2020 года ў Беларусі было 3586 чалавек, якія атрымліваюць сацыяльную пенсію праз недахоп страхавога стажу. Цяпер гэта 115,92 рубля (палова бюджэту пражытачнага мінімуму) за месяц.

Ці можна пражыць на такія грошы і што чакае беларускіх пенсіянераў у найбліжэйшай будучыні? На пытанні Charter97.org адказвае экс-міністр працы Аляксандр Сасноў.

– З 1 студзеня беларускія ўлады падвысілі пенсійны ўзрост і мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання пенсіі. Як Вы пракаментуеце гэтую ініцыятыву?

– Гэта – прамое парушэнне Канстытуцыі. Бо паводле Асноўнага закона, законы, якія прымаюцца, не павінны мець зваротнага дзеяння і пагаршаць становішча грамадзянаў. А ўказ пра павышэнне пенсійнага ўзросту і ствараная ім «пенсійная пастка» і «пастка страхавога стажу» якраз і маюць такі эфект.

Раней я меркаваў, што гэта ўсё – ад непісьменнасці, што ўлады зрабілі, не кемячы, што робяць. А цяпер мне ўсё больш і больш прыходзіць у галаву думка, што яны робяць гэта свядома, таму што шукаюць магчымасць зэканоміць і не баяцца выступленняў нейкіх там 3,5 тысячаў чалавек.

Гэта ж не 350 тысячаў чалавек. Вось калі б выйсці на вуліцы было гатова 350 тысячаў чалавек – яны падумалі б, а так яны гэта робяць свядома. Вядома, гэта з боку ўладаў цынічна і непрыстойна. Але мы самі павінны не даваць ім падставы так рабіць і верыць у сваё непахіснае месца ў гэтым жыцці.

– У сувязі з павышэннем мінімальнага страхавога стажу ўсё больш беларусаў трапляе ў «пенсійную пастку». Пры гэтым тыя, хто выходзіць на пенсію пасля войска ці ў міліцыі, у даволі маладым узросце атрымліваюць добрыя выплаты. Наколькі гэта справядліва?

– У дзяржавы занадта мала сродкаў, у Фондзе сацыяльнай абароны – вялізная дзірка. Каго ўлады ў першую чаргу будуць падтрымліваць? Правільна: тых хто забяспечвае ім захаванасць тых месцаў «ля ночваў». Таму тут пытання нават не павінна ўзнікаць – каго карміць у першую чаргу. Вядома ж, сілавікоў.

Можна прыкрываць сваю «пенсійную рэформу» рознымі лозунгамі і абяцаннямі, каб насельніцтва не ўзбунтавалася. Можна на пачатку кіравання казаць пра «справядлівасць», пра нейкую «сацыяльную дзяржаву». А потым зрабіць тое, што хацелася. А хацелася аднаго: набіць кішэню сабе і набліжаным, што Лукашэнка зрабіў і вельмі паспяхова, таму памер гэтай так званай сацыяльнай дзяржавы абмяжоўваецца Драздамі.

– Сацыяльная пенсія ў тых, хто трапіў у «пенсійную пастку» – блізу 50 даляраў. Ці можна пражыць на такія грошы?

– Пытанне рытарычнае. Усе, хто нават проста бываў у Беларусі, ведаюць, што за гэтыя грошы сапраўды пражыць немагчыма, гэта насмешка.

– Што Вы сказалі б чыноўнікам, якія выракаюць пажылых людзей на такія ўмовы жыцця?

– Я нават і не ведаю, што ім сказаць. У іх зусім іншыя мэты і задачы. У іх задача – уседзець ля кармілкі, набіць кішэню сабе, сваім родным, блізкім на многія дзесяцігоддзі наперад.

І мне няма чаго сказаць такім людзям. Мякка кажучы, непрыстойным. І гэтая непрыстойнасць, па-мойму, была відаць першапачаткова – з 1994 года.

– Паводле афіцыйнай статыстыкі, беларускі мужчына на пенсіі жыве ў сярэднім 16 гадоў...

– Арыентавацца на сярэднія лікі – гэта ні пра што не кажа, гэта як «сярэдняя тэмпература ў шпіталі». Ёсць і народная статыстыка: на могілках большасць мужчынскіх магілаў – перадпенсійнага і раннепенсійнага веку

Пры такой сістэме налічэння пенсій, якая ёсць у нас, пры салідарнай сістэме, калі новае пакаленне корміць адыходнае – магчыма ўсялякае, у тым ліку і тое, што чалавек не зможа (ці амаль не зможа) скарыстацца заслужаным адпачынкам і грашовымі адлічэннямі, зробленымі цягам усяго працоўнага жыцця ў дзяржаўны фонд.

– Павышэнне пенсійнага ўзросту сёлета – не апошняе. Як паўплываюць на жыццё беларускіх пенсіянераў чарговыя павышэнні?

– Вельмі негатыўна паўплываюць. Людзі будуць пазней выходзіць на пенсію. З працай у пажылых людзей досыць складаная сітуацыя. Калі працоўнае месца і ёсць, іх паводле сваёй спецыяльнасці ўсё роўна не ўладкуеш. Таму я не бачу ніякіх перспектываў ні ў гэтага рэжыму, ні ў створанай ім «эканамічнай сістэмы».

І ў гэтай сувязі павышэнне пенсійнага веку – усяго толькі часовы захад, свайго роду паліятыў, які толькі дасць магчымасць на некаторы час адтэрмінаваць або паменшыць праблемы.

Але ці надоўга? Усё вернецца на колы свае – і будзе яшчэ горш. Бо галоўнае ў тым, што не працуе эканоміка. Уяўленні ў нашых уладаў пра яе – прымітыўныя: маўляў, у ручным кіраванні эканоміка нібыта будзе працаваць. Але не атрымліваецца ж нічога!

А людзям, якія думаюць, гэта было відаць першапачаткова. Яшчэ амаль 30 гадоў таму гаварылася, што сядзець на нафтагазавай іголцы Расеі доўга не атрымаецца. Але ўлады сядзелі дастаткова доўга, трэба аддаць «належнае». Рабавалі яны Расею добра. Але скончыўся залаты час – і ўжо не вернецца.

Нічога не зрабіў Лукашэнка за гэты час, акрамя як набудаваў палацаў ды залатых унітазаў у самалётах. І ён вось расхлёбвае цяпер...

– Апраўдваючы павышэнне пенсійнага ўзросту ў сакавіку 2016 года, Лукашэнка сказаў, што «ў 60 гадоў мужык – гэта конь, на якім можна яшчэ араць». Што Вы яму адказалі б праз амаль 4 гады?

– Сказаць можна ўсё. Ён і раней вёрз усялякую лухту, напрыклад такую: «Глядзіце, за столькі гадоў я краіну ў пазыковую яму не загнаў». Гэта ён сказаў, пэўна, гадоў 15 таму. Затое цяпер паглядзіце – якая пазыковая яма ў краіне! Так што кажа немавед што, языком ляпаць – шмат розуму не трэба.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках