18 красавiка 2024, Чацвер, 8:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нафтавы канфлікт: Уседзець на двух крэслах не атрымаецца

20
Нафтавы канфлікт: Уседзець на двух крэслах не атрымаецца

Мець поўны суверэнітэт і набываць паводле ўнутраных коштаў – не атрымаецца.

Яшчэ месяц таму Беларусь ледзь не чакала канчатковай інтэграцыі з Расеяй, але цяпер нафтавая спрэчка ўнутры так званай саюзнай дзяржавы дасягнула апагею. Абодва бакі штодня страчваюць мільёны. Беларусь заяўляе пра пошукі альтэрнатыўных крыніцаў нафты і звярнулася да ўсіх суседзяў. Расейцы, здаецца, упэўненыя: танней, чым у нас, не знойдзеце. Як Беларусь шукае хаўруснікаў у чарговай вайне за энэрганосьбіты з Расеяй – у сюжэце праграмы «Прасвет» на тэлеканале «Белсат».

Непадпісаныя дарожныя карты – няма доўгатэрміновай дамоўленасці пра пастаўкі газу і, што яшчэ горш, расейская нафта амаль не паступае на беларускія НПЗ. І вось на гэтым тыдні Менск звярнуўся да ўсіх суседзяў, а таксама да Казахстана з Азербайджанам у пошуках альтэрнатывы расейскаму чорнаму золату. Чаму ўлады спахапіліся толькі цяпер?

«Яны спадзяваліся, што Расея не пойдзе на тое, каб страчваць грошы, бо кожны дзень няпродажу нафты ў Беларусь – гэта не толькі нашы страты, але і Расеі, прычым Расея страчвае больш, чым мы», – каментуе палітолаг Вольга Харламава:

Натуральна, Беларусь толькі зарабляе на перапродажы нафтапрадуктаў, а Расея прадае саму нафту. А ў Беларусь ідзе кожны дзясяты бараль расейскай нафты, і страты Крамля дасягаюць у сярэднім блізу $ 30 млн за дзень, падлічыла спецыялістка. Але ў Расеі запас трываласці значна большы, таму з Масквы гучаць усё тыя ж аргументы.

«Ну паглядзіце – Прыбалтыка, яна настойвае на сваім суверэнітэце і набывае нафту і газ паводле рынкавых еўрапейскіх коштаў. Мець поўны суверэнітэт і набываць паводле ўнутраных коштаў – не атрымаецца. Гэта значыць нешта адно», – кажа Аляксей Калачоў, аналітык групы кампаній «Finam», Масква:

Маўляў, у Менску хочуць традыцыйна – утрымацца на двух крэслах. І, каб падкрэсліць сур'ёзнасць сваіх пазіцый, Беларусь абвесціла пра штомесячныя рамонтная працы на трубаправодзе «Дружба», па якім расейская нафта плыве, сярод іншага, у Нямеччыну і Польшчу. На час рамонту прапускная здольнасць паменшыцца напалову.

«Калі былі першыя прапановы перакрыць транзіт праз беларускую тэрыторыю, то мы патэлефанавалі адразу ў нямецкую амбасаду – як яны да гэтага ставяцца. Нам сказалі, што надзвычай адмоўна, бо стан такі, што неабходна захаваць транзіт праз "Дружбу". Гэта значыць, сітуацыя можа ўскладніцца і для расейскіх кампаній, і для атрымальнікаў у Нямеччыне і Польшчы», – каментуе Міхаіл Круціхін, партнёр кансалтынгавай кампаніі «Rusenergy», Масква:

Летась Беларусь набывала нафту за 83% сусветнага кошту. Сёлета ён вырасце з прычыны чарговага памяншэння расейскіх мытаў на нафтапрадукты, на перапродажы якіх зарабляе Менск. Нафтавая праблема сёння ляжыць нават не ў інтэграцыйных дакументах, тлумачыць спецыяліст.

«Спрэчка ідзе пра прэмію для расейскіх кампаній памерам блізу $ 10 за тону. Расейскія кампаніі пастаўляюць нам нафту з прэміяй прыблізна $ 10 за тону. Гэтая прэмія была вызначаная яшчэ ў 2011 годзе», – удакладняе эканамічная аглядальніца Таццяна Манёнак.

Залатыя часы для расейскай нафтавай галіны. Тады кошт бараля быў ледзь не ўдвая большы за цяперашні – $ 64. А Менск столькі зарабляў на бязмытных пастаўках, што мог дазволіць дакінуць расейскім кампаніям такую прэмію. Сёння нават у Маскве прызнаюць, што гэты момант можна б выправіць... але не абавязкова цяпер.

«Цяпер розніца ўсё ж такі паміж унутранымі пастаўкамі – ну, тымі, што адбываюцца бязмытна, і мытнай нафтай – яна перавышае і даволі істотна, гэта значыць пытанне не стаіць так востра. Але з іншага боку можна зразумець Аляксандра Рыгоравіча ў тым плане, што, ну, праз два гады праблема стане вастрэй, таму чаму б не развязаць яе цяпер?» – прадаўжае Аляксей Калачоў:

Стане яшчэ больш вострай, бо з прычыны так званага расейскага падатковага манеўру мыты на чорнае золата за 5% у год уваходзяць у кошт нафты і зніжаюць прыбыткі перапродажу нафтапрадуктаў на Захад. А прэмія для расейскіх кампаній – не мяняецца. У такіх умовах еўрапейцы сталі Лукашэнку ледзь не бліжэйшымі, чым стары хаўруснік.

«Паважаны спадар прэм'ер-міністр, мне на самай справе прыемна бачыць вас з вашымі калегамі ў Менску, вельмі спадзяюся, што для вас гэта не чужы горад, гэтак жа, як і для мяне сталіца нашай сяброўскай Латвіі», – казаў Лукашэнка.

Прэм'ер Латвіі Крыш'яніс Карыньш заявіў, што латвійскія парты гатовыя паставіць нафту ў Беларусь – гаворка пра чыгуначныя шляхі.

«Альтэрнатыва – гэта заўсёды добра, але, калі гэта будуць пастаўкі па чыгунцы, – невялікія аб'ёмы. Гэта несур'ёзная пакуль што альтэрнатыва, больш сур'ёзная альтэрнатыва – гэта пастаўкі па трубе, гэта больш танныя пастаўкі», – мяркуе Таццяна Манёнак.

Па чыгунцы ў Беларусь можна паставіць не больш за тры мільёны тонаў нафты за год – кажуць спецыялісты. Патрэбы ж беларускіх НПЗ складаюць да 24 млн тонаў. Праблема ў кошце. У залежнасці ад таго, адкуль у Латвію прыйдзе гэтая нафта, кошты транспартвання павялічаць кошт адной тоны нафты нават на € 40. Ёсць яшчэ і літоўскі варыянт.

«Мы рэгулярна размаўляем пра магчымыя пастаўкі з беларускім бокам, я ў хуткім часе збіраюся ў Менск, пагутарым з калегамі з беларускай чыгункі. Гэта значыць, мы ў няспынным кантакце. Увогуле наша палітыка такая – чым большы памер паставак, тым лепшы кошт», – заяўляе Эгідыус Лазаўскас, гендырэктар літоўскай чыгуначнай кампаніі «LG Cargo»:

З магчымымі пастаўкамі праз Літву тая ж праблема – кошт і памер. Ад трубаправода «Дружба» дзве галіны вядуць уласна ў гэтыя краіны. Іх можна было б выкарыстоўваць, і тое, што пра іх гаворкі не ідзе, можа казаць пра негатоўнасць Беларусі цалкам адмовіцца ад расейскай сыравіны.

«Гэтыя трубы пустуюць з 2003 года ў напрамку Латвіі, з 2006 года – у напрамку Літвы. Калі б гэта было сур'ёзна, то бакі абмяркоўвалі б пастаўкі па трубе», – кажа Таццяна Манёнак:

Размовы пра чыгуначны шлях вядуцца, магчыма, каб перамагчы час у перамовах з Масквой, пакуль тая страчвае больш, чым Менск. Ёсць варыянт паставак і праз Украіну, прычым асаблівасці мясцовай інфраструктуры лепш падыходзяць для кароткатэрміновага развязання праблемы.

«Разавыя пастаўкі, безумоўна, прасцей арганізаваць, гэта будзе, да прыкладу, набыты недзе ў міжземнаморскіх партах танкер, пастаўлены паблізу Адэсы, і потым па чыгунцы цыстэрнамі нафта пойдзе ў Беларусь», – кажа Генадзь Рабцаў, кіраўнік спецыяльных праектаў навукова-тэхнічнага цэнтра «Псіхея», Украіна.

Знайсці нафту – не праблема, падкрэсліваюць эксперты. Аднак няма варыянту, пры якім яна будзе таннейшай, чым у Расеі, пры ўсіх праблемах з падатковым манеўрам і прэміям расейскім кампаніям. Таму хутчэй за ўсё давядзецца зноў дамаўляцца з Крамлём. Але ці не згадаюць там пра інтэграцыю?

«Інтэграцыя, безумоўна, спыненая не будзе, але будзе аднесеная на пэўны тэрмін. Месяцы два-тры найбліжэйшыя да інтэграцыі вяртацца не будуць. У Расеі ёсць іншыя праблемы, іншыя пытанні, ім не да нас. Хутчэй за ўсё бліжэй да лета пытанне інтэграцыі зноў падымуць, прычым падымем не мы, падыме Расея», – кажа Вольга Харламава.

Каляндар галоўных палітычных падзей года пацвярджае такі прагноз. Крэмль спачатку – да траўня – зменіць Канстытуцыю і тады ўжо зможа свабодна займацца знешнепалітычнымі праблемамі. Задача ж Менска – як мага хутчэй, да пачатку перадвыбарчай кампаніі да прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на жнівень, дамовіцца пра энэрганосьбіты, і на як мага больш доўгі тэрмін.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках