24 красавiка 2024, Серада, 23:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Такія асобы, як Касцюшка і Адам Міцкевіч, нас аб'ядноўваюць»

2
«Такія асобы, як Касцюшка і Адам Міцкевіч, нас аб'ядноўваюць»

Беларусам не трэба адмаўляцца ад сваіх герояў.

Нашчадак шляхецкага роду з беларускіх земляў Тадэвуш Банавентура Касцюшка змагаўся за незалежнасць Польшчы. Дзяржавы з назвай Беларусь тады не было. І гэта дае падставу частцы гісторыкаў адмаўляць беларусам у праве называць Касцюшку сваім героем.

Ці правільна гэта, у белсатаўскім ток-шоу «Intermarium» вядуць спрэчку гісторыкі з Беларусі, Літвы і Польшчы.

Паўстанне, якое ўзначаліў Тадэвуш Касцюшка, пачалося ў 1794 годзе. Рэч Паспалітая толькі што перажыла другі падзел і знаходзілася пад акупацыяй прускіх і расейскіх войскаў. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў адсунуты ад улады. Дзяржавай кіравалі прарасейскія эліты.

Эканоміка была ў крытычным стане. Саслабленая бясконцымі ваеннымі дзеяннямі, Рэч Паспалітая страціла свае гандлёвыя шляхі, але пры гэтым была абавязаная ўтрымліваць 40-тысячнае акупацыйнае войска. На аплату свайго войска, якое складалася з 15 тыс. чалавек, грошай не было. Зачыняліся мануфактуры і банкі. Раслі кошты, а разам з імі – і незадаволенасць насельніцтва.

Да сялянскіх бунтаў і выступах праваслаўнага насельніцтва, якое змагалася за свае правы, дадалася барацьба магнацкіх груповак унутры краіны. Большая частка грамадства разумела, што другі падзел Рэчы Паспалітай – толькі прэлюдыя да поўнай ліквідацыі дзяржавы. Каб яе захаваць, трэба было змяніць палітычны лад, эканамічнае жыццё і сістэму абароны. Пазіцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага – захаваць рэшткі краіны пад расейскім пратэктаратам – не знаходзіла падтрымкі.

Пачалося паўстанне. Яго ўдзельнікі хацелі аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года, вярнуць Канстытуцыю 3 траўня 1791 года і прадоўжыць рэформы. Адначасова трэба было супрацьстаяць тром магутным дзяржавам: Расеі, Аўстрыі і Прусіі. Паўстанне скончылася паразай. Яго прыгнётам з асаблівай жорсткасцю камандаваў вядомы расейскі палкаводзец Аляксандр Сувораў.

З 150 тыс. чалавек, якія паводле розных ацэнак удзельнічалі ў паўстанні, ад 30 да 40 тыс. паходзілі з земляў Вялікага Княства Літоўскага. Кіраўнік Тадэвуш Касцюшка неаднаразова падкрэсліваў сваё ліцвінскае паходжанне. Паколькі слова «беларускі» тут не гучыць, частка вучоных мяркуе, што беларусы не маюць права далучыць гэтую фігуру да пантэона сваіх нацыянальных герояў.

«Тут традыцыя закладзеная ў першыя гады савецкай улады. Калі з беларусаў рабілі сялянскую нацыю, без шляхты, без нацыянальных герояў», – кажа Святлана Куль-Сяльверстава, доктарка гістарычных навук, прафесарка Беластоцкай палітэхнікі.

Яна звяртае ўвагу, што на кожным этапе развіцця нацыі ёсць героі, якія могуць належаць некалькім народам:

«Я ўвесь час праводжу аналогію: Карл Вялікі – чый ён? Нямецкі, французскі?»

У часы Касцюшкі словам «ліцвін» пазначалі не нацыянальную прыналежнасць, а дзяржаўную – да Вялікага Княства Літоўскага. Гэтак сама як палякамі называлі сябе ўсе грамадзяне Рэчы Паспалітай.

Чаму ў Беларусі выступаюць супраць Касцюшкі і каму гэта трэба?

«Таму што Касцюшка – гэта ўвасабленне дзяржаўнай ідэі. Каліноўскі – у меншай ступені. Ён не столькі за дзяржаву, колькі за сацыяльную роўнасць. На мой погляд, ёсць сілы, якія не хочуць, каб у Беларусі былі нацыянальныя героі, якія натхняюць на барацьбу за дзяржаўнасць, – мяркуе Святлана Куль-Сяльверстава. – Калі мы возьмем пантэон беларускіх герояў савецкіх часоў, там у нас дзяржаўнікаў не будзе. Там не будзе ні Сапегі, ні Радзівілаў. А вось Еўфрасіння Полацкая – калі ласка! Скарына, Янка Купала. Каліноўскага нават можна – ён за дзяржаву не змагаўся, ён – за роўнасць».

«Тут логіка якая: калі сёння мы выкрэсліваем Касцюшку са сваёй гісторыі, мы выкрэсліваем і дзяржаву, якой ён служыў, – Рэч Паспалітую. Гэта значыць некалькі стагоддзяў сваёй гісторыі. Таму без Касцюшкі – ніяк», – згаджаецца з ёй у студыі «Intermarium» Андрэй Кіштымаў, кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Рэспубліканскай лабараторыі гістарычна-культурнай спадчыны.

Яшчэ адзін удзельнік ток-шоу, Валдас Ракуціс доктар гістарычных навук, прафесар Клайпедскага ўніверсітэта (Літва) звяртае ўвагу на тое, што суседзі не павінны адбіраць герояў адзін у аднаго:

«Такія асобы, як Касцюшка і Адам Міцкевіч, нас аб'ядноўваюць. Мы павінны знайсці падставы для супрацоўніцтва народаў, таму што нас падзяляюць розныя інтарэсы, а патрэбныя такія рэчы, якія аб'ядноўваюць. Гэта людзі-масты».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках