28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

РБК: Крэмль прызначыў даты галасавання пра папраўкі ў Канстытуцыю

12
РБК: Крэмль прызначыў даты галасавання пра папраўкі ў Канстытуцыю

Ёсць некалькі варыянтаў.

Усерасейскае галасаванне пра папраўкі ў Канстытуцыю можа прайсці 12 красавіка, паведамляе РБК, спасылаючыся на ўласныя крыніцы. Адзін з суразмоўцаў агенцтва, называе гэты дзень найбольш верагоднай датай. Другім варыянтам з'яўляецца 26 красавіка.

Нядзеля, 19 красавіка, нязручная для галасавання, паколькі на гэты дзень выпадае праваслаўны Вялікдзень, кажа яшчэ адна блізкая да Крамля крыніца.

Усерасейскае галасаванне адбудзецца пасля таго, як папраўкі ў Асноўны закон прымуць Дзярждума і Рада Федэрацыі, але да пачатку дзеяння прынятага імі федэральнага канстытуцыйнага закона, паведамілі два суразмоўцы, блізкія да Адміністрацыі прэзідэнта. Выказацца ў падтрымку прыняцця паправак у Канстытуцыю павінны таксама не менш як дзве трэці заканадаўчага сходу рэгіёнаў, у Крамлі спадзяюцца, што гэта пройдзе максімальна хутка. Больш падрабязна апавядаць пра працэдуру крыніцы адмовіліся.

Тэрміны і парадак правядзення галасавання будуць прапісаныя ў спецыяльным указе Уладзіміра Пуціна, казаў раней прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.

12 красавіка адзначаецца Дзень касманаўтыкі. Характэрна, што ў гэты дзень у 1978 годзе была прынятая новая Канстытуцыя РСФСР, у артыкуле 5 якой замацоўвалася, што «найбольш важныя пытанні дзяржаўнага жыцця выносяцца на ўсенароднае абмеркаванне, а таксама ставяцца на ўсенароднае галасаванне (рэферэндум)».

Уладзімір Пуцін прапанаваў унесці шэраг істотных паправак у Канстытуцыю, выступаючы 15 студзеня з штогадовым пасланнем Федэральнаму сходу. Прэзідэнт, сярод іншага, прапанаваў замацаваць у Канстытуцыі статус і ролю Дзяржрады як новага органа ўлады, даць Дзярждуме права не толькі ўзгадняць, але і зацвярджаць кандыдатуры на пасады прэм'ер-міністра, віцэ-прэм'ераў і міністраў, прычым прэзідэнт не зможа іх адхіліць.

Сярод іншых зменаў – прыбраць з Канстытуцыі агаворку пра два прэзідэнцкія тэрміны запар, усталяваць прыярытэт нацыянальнага заканадаўства над міжнародным правам, забараніць кіраўнікам суб'ектаў РФ, чальцам Рады Федэрацыі, дэпутатам Дзярждумы, чальцам урада і суддзям мець замежнае грамадзянства або від на жыхарства ў іншай краіне. Для ўнясення змяненняў у Канстытуцыю ўжо створаная працоўная група.

Расейцы падлічылі, што ў першыя гады свайго прэзідэнцтва Пуцін як мінімум тройчы выступаў катэгарычна супраць любых змяненняў у Канстытуцыі, адзначаючы, што не дапусціць гэтага «ні пры якіх абставінах». Ён таксама прагназаваў, што як толькі будзе запушчаны механізм унясення паправак у асноўны закон краіны, спыніцца будзе складана. Больш за тое, змены ў Канстытуцыю могуць прывесці да «нестабільнай сітуацыі», заяўляў Пуцін.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках