16 красавiка 2024, aўторак, 19:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Der Spiegel: Пуцін знаходзіцца ў ілюзіі

Der Spiegel: Пуцін знаходзіцца ў ілюзіі
Фота: bloomberg

Атака на Канстытуцыю была прадказальнай.

"Глеб Паўлоўскі быў паліттэхнолагам Крамля да таго часу, пакуль не трапіў у няміласць", - піша нямецкі часопіс Der Spiegel (пераклад - inopressa.ru). У інтэрв'ю журналісту выдання Крысціяну Эшу Паўлоўскі кажа аб канстытуцыйнай рэформе Уладзіміра Пуціна і памылках апазіцыі.

"Калі мяне што і здзіўляе, дык гэта апазіцыя. Гэтая атака на Канстытуцыю была прадказальнай, тым не менш яна [апазіцыя] дазволіла сябе шакаваць. Яна літаральна страціла дар мовы ад здзіўлення. Гэта мне здаецца больш цікавым, чым тое, пра што абвясціў Пуцін. Усе цяпер абмяжоўваюцца толькі каментарамі - пры гэтым гаворка ідзе аб дзеяннях, якія значна больш радыкальныя, чым збіццё дэманстрантаў мінулым летам", - сказаў суразмоўца выдання.

"Самі папраўкі да Канстытуцыі пры найбліжэйшым разглядзе не такія радыкальныя. Яны ўсё адно не закранаюць рэжым, бо ён функцыянуе неафіцыйна, спосабам, які не замацаваны ў Канстытуцыі. Але, з іншага боку, гэтыя папраўкі, калі хочаце, руйнуюць магчымасць выхаду з сённяшняй сітуацыі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Яны ўносяць хаос у старую Канстытуцыю і робяць яе непрыдатнай для таго, каб вызваліцца ад статусу-кво", - мяркуе Паўлоўскі.

"(...) Папраўкі да Канстытуцыі палавіністыя і яны будуць функцыянаваць, толькі пакуль Пуцін і Крэмль кантралююць неафіцыйныя структуры ўлады", - адзначыў экспэрт.

На думку Паўлоўскага, Пуцін яшчэ не прыняў пастанову аб сваёй ролі пасля заканчэння прэзідэнцкага тэрміну і зробіць гэта не раней за 2023 год. "Цяпер ён проста стварае розныя магчымасці, каб атрымаць свабоду дзеянняў", - мяркуе суразмоўца выдання.

"Ён цалкам перакананы, што ён стварыў сістэму, пра якую ён марыў. Фактычна, ён нават адкрыта сказаў пра гэта ў штогадовым пасланні. Там гаворка ішла пра тое, што ўсе замежныя праблемы развязаныя, што мы стварылі нейкі цуд-зброю. Ён думае, што выканаў сваю працу. (...) Ён не ставіць сабе задачу стварыць Расею, адрозную ад той, што мы маем", - падкрэсліў Паўлоўскі.

"Сітуацыя нагадвае мне пра позні савецкі перыяд, калі генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў рэдагаваў канстытуцыю Сталіна і ва ўсе магчымыя артыкулы ўпісваў нешта пра ролю Камуністычнай партыі. Пуцін знаходзіцца ў ілюзіі, што ён проста можа рабіць усё. Яго ідэя аб ператварэнні Дзяржсавета у дзяржаўны інстытут і аб замацаванні яго статусу ў Канстытуцыі не толькі супярэчыць Канстытуцыі, але і небяспечная ў палітычным сэнсе, - указаў Паўлоўскі. - Дзяржсавет зараз хутчэй з'яўляецца клубам губернатараў рэгіёнаў. Калі такую арганізацыю абвяшчаюць дзяржаўнай установай, гэта стварае дысбаланс у сістэме ўлады. Пуцін гэтага наогул не адчувае. Урэшце гэта для яго і асабістая справа: у Сталіна была свая канстытуцыя, у Ельцына была свая канстытуцыя, цяпер ён хоча і сваю ўласную".

Склад рабочай групы для падрыхтоўкі змяненняў у Канстытуцыю экспэрт уважае за "недарэчны". "Гэтая рабочая група - тэатр, ніхто не ўспрымае яе сур'ёзна. Натуральна, папраўкі распрацоўваюцца ў Адміністрацыі прэзідэнта. Але цікава тое, што ў грамадства няма пазіцыі наогул. Гэта паказвае, наколькі далёка ў нас зайшла дэпалітызацыя. Бо Канстытуцыя ўсё адно не выконваецца, грамадства думае, што гаворка ідзе пра літаратурны тэкст. Нават апазіцыя толькі піша нейкія каментары ў Facebook замест таго, каб аб'яднацца для абароны Канстытуцыі", - указаў Паўлоўскі.

На думку экспэрта, расейская апазіцыя занадта зацыкленая на Пуціне. "Яе палітычная праграма ў дурным лозунгу: Пуцін павінен сысці. Уладам выгадна, што яна зацыкленая не на сапраўднай палітычнай сістэме, а толькі на яе "лідары ", - падкрэсліў Паўлоўскі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках