28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым запомніўся Раўкоў на пасадзе міністра абароны

7
Чым запомніўся Раўкоў на пасадзе міністра абароны
АНДРЭЙ РАЎКОЎ

«Крывавы салют», скарачэнне адтэрміновак і справа Коржыча.

Сёння Андрэй Раўкоў прызначаны дзяржсакратаром Савета бяспекі. Да гэтага ён займаў пасаду міністра абароны Беларусі. Onliner.by ўзгадвае самыя рэзанансныя выпадкі, з якімі звязанае Мінабароны на чале з ім.

Раўкоў заняў міністэрскую пасаду ў лістападзе 2014-га. Да гэтага ён быў камандуючым войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Экспэрты адзначаюць, што за ім ва Узброеныя сілы прадоўжылі паступаць сучасныя ўзоры ўзбраенняў - Як-130, Су-30, ТОР-М2, бронеаўтамабілі, мадэрнізаваныя ўзоры савецкай тэхнікі і гэтак далей. Экс-міністр увёў больш сучасную баявую форму, арганізаваў IT-роту. І вось сёння пайшоў на падвышэнне.

За няпоўныя пяць гадоў на пасадзе міністра абароны Андрэй Раўкоў перажыў некалькі рэзанансных медыйных гісторый. Вось некаторыя з іх.

2017-ы: смерць Коржыча і іншых вайскоўцаў

Восень 2017-га выпрабавала беларускае войска на вытрымку. Людзі ледзьве паспявалі пераварваць навіны пра гібель жаўнераў. Самая гучная з іх - смерць шарагоўца Аляксандра Коржыча ў Печах. Нагадаем, цела 21-гадовага вайскоўца знайшлі ў падвале будынка медыцынскай роты ў кастрычніку 2017-га. Былі распачатыя прыблізна 15 крымінальных спраў, а начальніка 72-га аб'яднанага вучэбнага цэнтра ў Печах вызвалілі ад пасады.

Акрамя таго, восень 2017-га азмрочылі смерці жаўнераў у Бярозе і Барысаве.

2018-ы: IT-рота з конкурсам 8 чалавек на месца

Пазалетась незвычайная служба з'явілася ў Вайсковай акадэміі. Мэта IT-роты - распрацоўка праграм і праграмных прадуктаў у інтарэсах падраздзяленняў Мінабароны, генштаба, Узброеных сіл, іншых устаноў рэспублікі, а таксама інфарматызацыя акадэміі.

- Кірункі зусім розныя. Яны звязаныя з навігацыяй, аўтаматызацыяй, кіраваннем войскамі, мадэляваннем вайсковых дзеянняў і шэрагам іншых, увогуле, даволі сакрэтных задач. Упэўнены, што ў хлопцаў усё атрымаецца і сістэма, створаная на сёння, дазволіць ім даваць максімальны вынік. Упэўнены, гэты вынік паслужыць радзіме ў рамках умацавання яе абараназдольнасці і захавання міру і стабільнасці на нашай беларускай зямлі, - год таму Андрэй Раўкоў казаў, што задача службоўцаў - праграмаванне пэўных алгарытмаў, іх рэдагаванне і тэставанне для наступнага выкарыстання.

2019-ы: папраўкі ў закон аб вайсковай службе

У канцы чэрвеня дэпутаты ў другім чытанні прагаласавалі за новаўвядзенні ў войску. Адным з ініцыятараў пераменаў стаў і Андрэй Раўкоў. На ягоную думку, «настаў час, калі трэба падтрымаць прапанову сілавых структур».

- Узброеныя сілы і іншыя войскі з аб'ектыўных прычын маюць цяжкасці ў камплектаванні асабовага складу: гэта і зніжэнне колькасці прызыўных рэсурсаў, гэта і пагаршэнне здароўя юнакоў, а таксама вялікая колькасць адтэрміновак, - адзначыў нядаўна Раўкоў.

Новае заканадаўства падае толькі адну адтэрміноўку для атрымання адукацыі. Калі раней можна было паступіць у каледж, ВНУ, потым у магістратуру, аспірантуру - і ўвесь гэты час атрымліваць адтэрміноўкі - то цяпер перанесці тэрмін службы можна толькі раз.

Нагадаем, да гэтага Аляксандр Лукашэнка абурыўся вялікім адсоткам адтэрміновак ад службы ў войску з такімі словамі: «Мы выміраем як клас, мы выміраем як мужыкі».

2019-ы: Здарэнні 3 ліпеня ў Менску

Самая гучная падзея мінулага ліпеня - гібель 64-гадовай жанчыны ад асколка святочнага салюту ў Дзень незалежнасці. За арганізацыю феерверку адказвала Мінабароны.

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, усяго падчас салюту 3 ліпеня пацярпелі 10 чалавек.

- Вайсковае міністэрства выказала спачуванні родным і блізкім загінулай і надае ім неабходную дапамогу, - паведамлялі ў прэс-службе Міністэрства абароны. Сам Раўкоў з гэтай нагоды публічна не выказваўся, але сустрэўся з сям'ёй загінулай.

Даведачна

Андрэй Раўкоў нарадзіўся 25 чэрвеня 1967 года ў вёсцы Равяках Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, паведамляе сайт Мінабароны. У 1988 годзе скончыў з залатым медалём Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. У наступныя гады прайшоў шлях ад камандзіра ўзвода да камандзіра батальёна. У 1999 годзе скончыў з залатым медалём камандна-штабны факультэт Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Службу праходзіў на пасадах начальніка штаба і начальніка (камандзіра) базы захоўвання ўзбраення і тэхнікі.

У 2005 годзе скончыў з адзнакай Вайсковую акадэмію Генеральнага штаба Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі і быў прызначаны камандзірам 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады. З 2006 да 2012 года займаў пасады начальніка аператыўнага аддзела - намесніка начальніка штаба Заходняга аператыўнага камандавання, а таксама начальніка штаба - першага намесніка камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Указам Лукашэнкі Рэспублікі Беларусь 16 лістапада 2012 года прызначаны камандуючым войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Праз два гады быў прызначаны на пасаду міністра абароны Беларусі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках