25 красавiка 2024, Чацвер, 8:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дачка Юрыя Захаранкі: Пяць гадоў мы спадзяваліся, што бацьку пакінулі ў жывых

44
Дачка Юрыя Захаранкі: Пяць гадоў мы спадзяваліся, што бацьку пакінулі ў жывых

Як 20 гадоў жыла сям'я зніклага экс-міністра МУС Беларусі.

Дачка былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі Алена зьехала разам з маці, сястрой і сынам ў Нямеччыну, калі ёй было былі 24 гады. У мінулым засталіся вучоба ў Акадэміі МУС, праца інспэктарам у справах непаўналетніх, шчасьлівая сям’я, піша журналістка Ганна Соусь. «Радыё Свабода».

Прызнаньні былога байца СОБР Гараўскага разьвярэдзілі рану, якая ніколі не загоіцца, кажа 44-гадовая жанчына. Алена Захаранка ўпершыню дала вялікае інтэрвію пра гвалтоўнае зьнікненьне бацькі і пра тое, як іх сямʼя жыве ў Нямеччыне амаль 20 гадоў.

«Пяць гадоў мы спадзяваліся, што яго пакінулі ў жывых»

З Аленай Захаранкай было цяжка дамовіцца на інтэрвію. Жанчына працуе практычна без выходных. Урэшце ў Алены зьявіўся вольны дзень, і мы пачалі размову пра фільм Deutsche Welle, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

— Інтэрвію з былым байцом паўплывала на псыхічны стан нашай сямʼі. Пяць гадоў наша сямʼя не была перакананая, што бацьку забілі. Недзе ў душы мы спадзяваліся, што магчыма, яго пакінулі ў жывых. Як у гульні, калі туз пакідаюць на апошнюю чаргу. Была надзея, што яго трымаюць у нейкай турме КДБ. Потым мы сталі крыху ўваходзіць у рэальнасьць, надзею страчвалі.

Прайшло гадоў пятнаццаць, і мы прачыталі ў інтэрнэце (падаецца, Барадач пісаў), што сьмерць бацькі не была хуткай, што яго катавалі, адрэзалі рукі, язык. Тады мы зламаліся... Зайздросьцілі нават мёртвым, нават сямʼі Карпенкі, якая змагла пахаваць блізкага чалавека. Гэты эмацыйны стан у нас працягваўся да таго моманту, як гэты чалавек, былы собравец даў інтэрвію Deutsche Welle. Я спадзяюся, што гэта праўда, што яго забілі хутка. Гэта стала трошкі аблягчэньнем. Я хачу, каб распачалі крымінальную справу на падставе канкрэтных дакумэнтальных фактаў, каб быў суд. Ня ўпэўнена, што цяпер гэта можа рэалізаваць.

«У нас вырванае жыцьцё. 20 гадоў сышлі ў бездань»

— Як жыве ваша сямʼя больш за 20 гадоў пасьля таго, як вы папрасілі палітычнага прытулку ў Нямеччыне? Як маці, сястра? Як жывуць унукі Юрыя Захаранкі?

— У нас вырванае жыцьцё. 20 гадоў сышлі ў бездань. Гэтыя кашмарныя падзеі будуць з намі да канца жыцьця. Не разьвітацца, не даведацца, як сапраўды ўсё адбылося, жыць, ведаючы, што вінаватыя знаходзяцца на свабодзе, што вінаватыя знаходзяцца пры ўладзе, што яны стварылі сабе падобных, ідэнтычных людзей, якія іх атачаюць... Беспакаранасьць спараджае новыя злачынствы.

Усё нашае жыцьцё ў Нямеччыне зьвязанае з нашым мінулым. Вельмі цяжка аднавіць нармальнае жыцьцё, зьмірыцца з непазьбежным. Цягне назад тое, што адбылося 20 гадоў таму. Маці, сястра Юля з сынам Дзянісам і я з сынам Кірылам жывем у Мюнстэры. Сюды мы прыехалі 20 гадоў таму, тут і засталіся.

Мой сын вучыцца ў школе. Мама на пэнсіі, ёй ужо пад 70 гадоў. Я працую прадаўцом. Маральна мы «забітыя» нашым мінулым. Мая сястра Юля тут «згубілася», яна эмацыйна дагэтуль падаўленая. Нічога не магу сказаць пазытыўнага пра нас

— Ці змаглі вы інтэгравацца ў нямецкае грамадзтва? Разумею, што для маці гэта было цяжка, а для вас і вашага сына?

— І для мяне цяжка. Сыну быў годзік, калі мы сюды прыехалі. Я расказвала яму пра дзядулю, але сыну было незразумела, як такое можа адбывацца ў цэнтры Эўропы.

Мы жывем у дэмакратычнай краіне, дзе кожны чалавек можа выказваць сваё меркаваньне і яно ўлічваецца, дзе не зьнішчаюцца апанэнты.

Сын ня можа зразумець, што ў наш час, калі няма вайны, адбываюцца такія страшныя падзеі.

«Мы павінны змагацца за жыцьцё ў Нямеччыне. Гэта чужая краіна, чужая мова, культура»

— Ці вы кантактуеце з роднымі іншых зьніклых? Зь сямʼёй Красоўскіх, Ганчара?

— Не.

— А з кім падтрымліваеце сувязь у Беларусі?

— Ні з кім. Калі бацька быў у апазыцыі і проста вітаўся з былымі супрацоўнікамі, іх звальнялі на наступны дзень. Мы яшчэ тады сталі пэрсонамі нон грата ў Беларусі. З кім можна падтрымліваць кантакты, калі людзі баяцца, думаюць пра сваё жыцьцё і існаваньне ў Беларусі. Рэжым прынёс страх. Мы павінны заставацца ў сваёй сямʼі і змагацца за жыцьцё ў Нямеччыне. Змагаемся як можам. Гэта чужая краіна, чужая мова, культура, мэнталітэт. Колькі б ні знаходзіўся на чужыне, ніколі ня зможаш быць такімі, як яны. У нас зусім іншыя душы і думкі.

— Хто вас падтрымліваў усе гэтыя гады ў Нямеччыне?

— Некаторыя знаёмыя. Ёсьць немцы, якія вельмі нас разумеюць. Дагэтуль маме дапамагае жанчына, якая ведае сытуацыю.

— А што нямецкая дзяржава вам дала як палітычным уцекачам? Жыльлё, моўныя курсы...

— Так. Я і мой сын — грамадзяне Нямеччыны. Мама ня хоча, у яе няма неабходнасьці. Сястра таксама ня хоча. Сыну трэба было атрымліваць адукацыю, а гэта вялікі мінус, калі няма грамадзянства, а толькі права на жыхарства.

«У Беларусі няма міліцыі, якая б абараняла свой народ»

— У Беларусі вы працавалі ў міліцыі. Што думаеце пра цяперашнюю міліцыю?

— Усё, што адбываецца ў Беларусі, і так думаюць многія, гэта запаведнік бяспраўя. Там няма міліцыі, якая б абараняла свой народ, а ёсьць міліцыя як зброя для барацьбы з гэтым народам. Нічога станоўчага пра праваахоўныя органы Беларусі я сказаць не магу.

Цяпер перад прэзыдэнцкімі выбарамі яны могуць паказаць, якім крымінальным быў мой бацька. Яны ўсё могуць прыдумаць, распачаць крымінальную справу, каб яго зьняславіць. Я гэтага чакаю. Знойдуцца і сьведкі, і фальшывыя факты. Будзе падтасоўка, каб мяне, маю сямʼю і бацьку зганьбіць. Так атрымалася, што бацька пакінуў нас, але ён не пакінуў Беларусь. За гэта плацім мы, плаціць мая сямʼя, гэта хранічны боль, рана краваточыць увесь час.

«Нам не даюць магчымасьці нічога зрабіць зь менскай кватэрай»

— Нядаўна ў Менску я праходзіла побач з домам, дзе вы жылі. Бачна, што кватэра нежылая, старыя вокны вылучаюцца на фоне суседзкіх. Што з гэтай чатырохпакаёвай кватэрай? Ці магчыма яе прадаць, здаць у арэнду? Магчыма, вы яшчэ думаеце вярнуцца, і яна спатрэбіцца на радзіме?

— Гэта нонсэнс, калі чалавека 20 гадоў не прызнаюць памерлым. Мы ня маем ніякага права на спадчыну. Нягледзячы на шматлікія суды, нам не даюць магчымасьці нічога зрабіць з кватэрай. Мы вісім у паветры, кватэра вісіць у паветры. Крымінальная справа не раскрытая. І мы не спадзяемся, што яна будзе раскрытая пра ўладзе гэтых дзеячаў.

— Як вы думаеце, як мог скласьціся ваш лёс, калі б ня 7 траўня 1999 году?

— Калі б не адбылося гэтай трагедыі, нічога б з намі нэгатыўнага ў жыцьці не адбывалася б. А так нам прыйшлося самім, жанчынам, змагацца за сваё жыцьцё на чужыне. Гэта вельмі цяжкі лёс. Мы ніколі не хацелі тут знаходзіцца. Нам тут усё было чужое. А што было б у Беларусі? Бацька быў нашым анёлам-абаронцам. Ён і цяпер мой анёл-абаронца. Калі б ён быў жывым, усё зрабіў бы, каб мы не пакутавалі.

— Ці думалі вы пра помсту? Пра пакараньне для тых, хто гэта зрабіў, хто да гэтага спрычыніўся?

— Можа для іх гэта і незразумела, але надыдзе час для кожнага падзельніка, саўдзельніка, якія былі, калі забівалі майго бацьку.

Яны застануцца адзін на адзін са сваім сумленьнем.

Іх будзе суправаджаць кроў, апошняе дыханьне забітых, сьлёзы маёй бабулі, сьлёзы ўсёй нашай сямʼі, наша 20-гадовая страчанае жыцьцё, нашы пакуты. Гэта ня пройдзе проста так для забойцаў.

«Сын марыць служыць у нямецкім войску»

— Ці стала Нямеччына для вас другой радзімай? Як склалася тут ваша асабістае жыцьцё?

— Я працую на поўную стаўку, практычна без выходных. У мяне вельмі мала часу на асабістае жыцьцё. Маё асабістае жыцьцё — гэта мой сын. Мы размаўляем, я яму дапамагаю, маральна падтрымліваю. Сын марыць служыць у нямецкім войску. Мы пакуль яшчэ ня ведаем вынікаў, але спадзяемся, што атрымаецца. Кірылу цяпер 21 год.

Ня ведаю, хто ў Нямеччыне змог бы інтэгравацца без наступстваў. Нам было цяжка, цяпер цяжка, напэўна, і будзе цяжка. Мы — іншыя, імпульсіўныя, сардэчныя, глыбока перажываем. Гэта не ўласьціва кожнаму, але мы такія. Нас тут лічаць расейцамі, паколькі па-расейску гаворым. Многія немцы ня ведаюць, дзе на мапе знаходзіцца Беларусь.

У Беларусі я вучылася ў Акадэміі міліцыі, паўтара года працавала інспэктарам у справах непаўналетніх. Жыцьцё за мяжой давялося пачаць з нуля — вучыць мову, вучыцца новай прафэсіі. Мая сястра Юля не працуе. Тут ня ўсе мігранты працуюць. Матэрыяльна гэта ня мае вялікага значэньня. Я сама плачу за кватэру і за сваё існаваньне, але калі чалавек беспрацоўны, то гэта робіць дзяржава.

Сястра жыве асобна, мама таксама, за дзесяць хвілінаў пешкі ад майго дому. Мы падтрымліваем адна адну. Мама ня хоча гаварыць пра мінулыя падзеі, бо ёй гэта вельмі цяжка. Яна ўжо ва ўзросьце, хоча крыху пажыць. А я не магу... У мяне быў сон, калі я трымала тату за руку, не хацела прачынацца, казала: «Тата, хаця б крыху я цябе адчую». Такіх лёсаў, як у нас, мала. Мы ня маем магчымасьці пахаваць і адпець бацьку. Ягоная душа і цяпер знаходзіцца паміж небам і зямлёй. Ён пакутуе за нас.

— Што вы адчувалі, калі глядзелі інтэрвію Гараўскага?

— Калі гэты баец расказваў, як адбывалася забойства, я ўяўляла, што ў гэты момант думаў бацька. Ён ня думаў пра сябе. Ён думаў пра нас, як мы застанёмся безь яго. Ён пакінуў нас і сышоў у нікуды бяз права на пахаваньне. Колькі гадоў ён працаваў у органах, колькі гадоў змагаўся са злачыннасьцю? Ён казаў, што «хунта прыйшла да ўлады», гэтыя злачынцы яго і зьнішчылі.

Я веру, што калісьці адбудзецца справядлівы суд, міжнародны трыбунал, але ці зможам мы гэта пабачыць? Зло вельмі актыўнае, яно ідзе наперад і не азіраецца назад. Зло мае вялікую сілу. Дабрыня, сардэчнасьць ня можа дазволіць сабе тое, што дазваляе нягоднік. Па словах бацькі, яны — ня дурні, яны — нягоднікі. І гэтыя ня дурні цяпер усё зробяць, каб зьняславіць маю сямʼю. Яны зробяць усё, каб паказаць беларускаму народу, што гэтыя людзі былі зьнішчаныя не па палітычных матывах.

— Ці хацелі б вярнуцца ў Беларусь?

— Я не магу гэтага сказаць. Мой сын, можна сказаць, ужо немец. Ён не разумее нашых жартаў, ён крыху больш чэрствы ў параўнаньні са мной. Ён не ўяўляе жыцьця не ў Нямеччыне. Ён хоча зрабіць карʼеру тут. А я зьвязаныя зь ім. Характар Кірыла вельмі падобны на характар майго бацькі. Такія людзі, як мой бацька, вельмі рэдкія. Гэта асаблівыя, клясычныя людзі. Яны ніколі не сыходзяць, яны заўсёды застаюцца актуальнымі. Гэта сурʼёзныя барацьбіты за свой народ. Хай гэта гучыць патасна, але гэта патрыёты, адзінкі, якія нараджаюцца раз у стагодзьдзе.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках