25 красавiка 2024, Чацвер, 17:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Уладам давядзецца зацягнуць паясы»: нарвэжская нафта не стане альтэрнатывай расейскай

30
«Уладам давядзецца зацягнуць паясы»: нарвэжская нафта не стане альтэрнатывай расейскай
Фота: Bloomberg

У сеціве закупленую нафту называюць ці не «нафтай для гурманаў».

Як паведамляе Reuters, Беларусь атрымае першую партыю нарвэжскай нафты ўжо 22 студзеня.

Нафта, якую беларускія ўлады пазіцыянуюць як альтэрнатыву расейскай, будзе дастаўляцца ў краіну чыгункай з літоўскага порта Клайпеда.

Прычым, у сеціве закупленую беларускімі ўладамі нафту называюць ці не «нафтай для гурманаў». Гэта значыць, даволі дорага - нават паводле сусветных расцэнак. Ці так гэта напраўду?

- Гурманская яна ці не, сказаць складана. Іншая рэч, што ў свеце ёсць нафта вельмі розная паводле складу, - у экспрэс-каментары «Салiдарнасцi» адзначае старшы аналітык «Альпары» Вадзім Ёсуб.

Паводле ягоных слоў, многія нафтаперапрацоўчыя заводы, як правіла, наладжаныя на перапрацоўку пэўнай паводле якасці нафты.

- Відавочна, што нашы НПЗ наладжаныя на перапрацоўку расейскай маркі нафты Urals. І нарвэжская нафта даволі блізкая сваім складам да расейскай. Пакуль гаворка ідзе пра вельмі сціплыя аб'ёмы - фактычна, гэта 2-3 дні працы нашых НПЗ з поўнай загрузкай.

Экспэрт заўважае, што з улікам транспартавання гэтай нафты чыгуначным транспартам, яна відавочна будзе даражэйшай за расейскую:

- Гэта складана назваць нейкай знойдзенай альтэрнатывай: і паводле кошту, і паводле аб'ёму. У гэтым сэнсе знайсці альтэрнатыву, хутчэй за ўсё, наогул немагчыма. А нам добра б мець ад 18 да 24 мільёнаў тон нафты на год.

Але гэта не значыць, што нічога рабіць не трэба. Шукаць нейкія варыянты, нават калі яны вышэйшыя коштам трэба - гэта зменшыць магчымасці Расеі для ціску на Беларусь з дапамогай закручвання нафтавага крана.

Што ж адбудзецца, калі Беларусі ўсё ж давядзецца выжываць без расейскай нафты, купляючы яе сусветнымі коштамі?

- Паняцце сусветных коштаў нафты - расплывістае. Можна, умоўна кажучы, купіць сусветнымі коштамі нафту хоць у Амерыцы, але калі гэтую нафту дастаўляць танкерамі па Балтыцы, а потым чыгуначным транспартам да беларускіх заводаў, то гэта ўжо будуць зусім іншыя кошты.

Да росту коштаў у кожным выпадку трэба рыхтавацца. Да чаго гэта прывядзе? Так, гэта будзе рост кошту бензіну. Наўрад ці ўлады адмовяцца ад сцэнару падвышаць кошты па капейцы. Магчыма, падвышаць будуць проста часцей. Плюс праз транспартны складнік гэта можа адбіцца на кошце ўсіх тавараў, у сабекошце якіх ёсць грузаперавозка.

Таксама ўся гэтая гісторыя прывядзе да зніжэння даходаў бюджэту ад мытаў на экспарт нафтапрадуктаў, - мяркуе Вадзім Ёсуб.

На думку аналітыка, беларускім уладам у гэтым выпадку давядзецца ўсур'ёз зацягнуць паясы - і падумаць аб змяншэнні выдаткаў бюджэту. Напрыклад, на буйныя спартыўныя мерапрыемствы, будаўніцтва маштабных аб'ектаў і льготы для дзяржпрадпрыемстваў.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках