19 красавiка 2024, Пятніца, 19:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы выступілі ў падтрымку Змітра Казлова

9
Праваабаронцы выступілі ў падтрымку Змітра Казлова
ЗМІЦЕР КАЗЛОЎ

Ад уладаў запатрабавалі неадкладна спыніць пераслед блогера «Шэрага ката».

Беларускія праваабаронцы і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці прынялі супольную заяву ў падтрымку блогера і актывіста Дзмітрыя Казлова, вядомага пад нікам «Шэры кот», паведамляе сайт spring96.org:

«16 студзеня 2020 года Дзмітрый Казлоў, вядомы як блогер «Шэры кот», чарговым разам быў асуджаны судом г. Воршы на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Таксама вядома, што на Змітра Казлова агулам склалі восем пратаколаў на падставе арт.23.34 КоАП (за ўдзел у акцыях і распаўсюд заклікаў да ўдзелу ў іх) і яго чакае яшчэ адзін судовы працэс 27 студзеня ў судзе Ленінскага раёна г. Менска.

Нагадаем, што яшчэ 25 снежня 2019 года Зміцер Казлоў трапіў у ІЧУ г. Воршы на 15 дзён арышту за ўдзел у мірных сходах, якія адбываліся ў г. Менску ў перыяд правядзення парламенцкіх выбараў.

9 студзеня 2020 года на волю ён так і не выйшаў, бо акурат у той дзень суд г. Воршы і Аршанскага раёна пастанавіў пакараць яго наступным, другім запар 15-дзённым арыштам, на гэты раз за ўдзел у менскіх акцыях супраць «паглыбленай інтэграцыі» 21 снежня 2019 года.

На наступны дзень, 10 студзеня 2020 года, яго нанова судзілі, цяпер за ўдзел у менскіх пратэстах 20 снежня 2019. Пастанова суда - трэці арышт на 15 дзён.

13 студзеня 2020 года судовы канвеер прадаўжаўся, і Зміцер Казлоў быў асуджаны на 15 дзён ужо чацвёртым разам - за заклікі ў сацыяльных сетках на сход у Менску 29 снежня 2019 г.

20 студзеня блогер быў часова вызвалены з ІЧУ г. Воршы на час правядзення «дэзінфекцыі». Ён паведаміў журналістам, што агулам быў асуджаны на 90 дзён адміністрацыйнага арышту.

Тактыка асуджэння грамадскіх актывістаў адразу на некалькі адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску. Так, актывіст Іван Амельчанка ў 2012 годзе адбываў 52 дзён адміністрацыйнага арышту ў ЦІП Менска запар.

Мы чарговым разам адзначаем, што такога кшталту практыка выкарыстання норм КоАП з'яўляецца заганнай, мае палітычна матываваны характар, ужываецца з мэтай ціску і пакарання за грамадскую дзейнасць блогера Змітра Казлова.

Акрамя таго мы адзначаем, што пазбаўленне волі Змітра Казлова, па сваёй працягласці, суадносныя з пакараннем у выглядзе арышту ў рамках Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. Арышт Змітра Казлова выкарыстаны выключна ў сувязі з рэалізацыяй апошнім свабоды мірных сходаў, выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека - Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, дарэчы.

Нагадваем, што згодна з п.3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень», зацверджаным беларускай праваабарончай супольнасцю на III праваабарончы форум, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабод, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з'яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення. Гэтыя патрабаванні цалкам тычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за ўдзел, арганізацыю мірных сходаў і заклікі да iх правядзення, пра што намі ўжо неаднаразова заяўлялася.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту блогера Змітра Казлова і патрабуем:

скасавання вынесеных у дачыненні да Змітра Казлова пастаноў суда Маскоўскага раёна г. Менска ад 25 снежня 2019 года, а таксама суда г. Воршы і Аршанскага раёна ад 9, 10 і 13 студзеня 2020 года i iншых судовых пастаноў, вынесеных у дачыненні да яго паводле арт.23.34 КоАП;

спынення раней распачатых супраць Змітра Казлова адміністрацыйных працэсаў адпаведна з арт.23.34 КоАП».

Праваабарончы цэнтр «Вясна»;

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»;

ПУ «Беларускі дакументацыйны цэнтр»;

РГА «Прававая ініцыятыва»;

Установа «Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Хьюман Канстанта»;

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Цэнтр прававой трансфармацыі «Lawtrend»;

Простае таварыства «Ініцыятыва Forb»;

ППУ «Офіс па правах людзей з інваліднасцю»;

Беларускі ПЭН-цэнтр

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках