19 красавiка 2024, Пятніца, 9:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці гатовыя таксісты перакрываць вуліцы Менска?

18
Ці гатовыя таксісты перакрываць вуліцы Менска?
ФОТА З САЙТА 24MINSK.BY

Менскія таксісты абмяркоўваюць магчымасць правядзення акцыі пратэсту.

Пачатак гэтаму паклаў ліст, які ўчора атрымалі рэдакцыі шэрагу СМІ. Аўтары папярэдзілі «жыхароў і гасцей сталіцы аб магчымых цяжкасцях пры замове таксоўкі 31 студзеня з 7:00 да 12:00». Гэта можа адбыцца, з іх слоў, у выпадку невыканання патрабавання да дыспетчараў, сэрвісам і агрэгатарам аб узняцці кошту праезду на 5 капеек за кіламетр, піша прэс-служба грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

У якасці крайняга захаду ў лісце гаворыцца пра магчымае перакрыццё адной з ключавых вуліц Менска.

- Я ведаю пра тое, што некаторыя актыўныя таксісты выставілі патрабаванні аб падвышэнні тарыфаў, - распавёў прэс-службе «Еўрапейскай Беларусі» актывіст кампаніі Леанід Кулакоў, які доўгі час працаваў кіроўцам таксоўкі. - Пра планы перакрыцця праспекта таксама чуў. Патрэбная вялікая салідарнасць. Недастаткова, калі ў гэтым страйку будуць удзельнічаць некалькі службаў. Таму што калі ў Менску прыблізна 3000-4000 тысяч таксістаў, а змагацца за свае правы будуць 500-100 чалавек, то акрамя перахопу заказаў у самых актыўных гэта нічым не скончыцца.

Выхад толькі такі: страйкуюць усе службы, без выключэння, у тым ліку «Яндэкс» і «Юбер». Калі вось гэтыя тысячы перакрыюць горад і гатовыя будуць выйсці на плошчу - толькі тады іх і пачуюць.

- Таксісты - адна з найбольш арганізаваных і найменш залежных ад уладаў груп у сталічным бізнэсе, - распавядае Андрэй Церахавец, які цяпер працуе таксістам. - Мы часта вяртаемся на падтрымку адзін аднаму ў выпадку ўзнікнення праблем – напрыклад, пры праяве агрэсіі з боку нецвярозых пасажыраў. Па адным званку на канкрэтны адрас за 10 хвілін збіраюцца некалькі дзясяткаў аўто. Гэта пра многае, пагадзіцеся, кажа.

Размовы пра падвышэнне кошту ідуць даўно. Рана ці позна яны павінны прывесці да дзеянняў. Таксісты, у асноўным, здаровыя мужыкі 30-40 гадоў, якія хочуць нармальна зарабляць і бачыць перспектывы нейкія. Цяпер гэтага і блізка няма, народ галее кожны дзень, кошты ўсюды растуць, а тарыфы нязменныя з 2015 года. Гэта як, нармальна? Хачу сказаць, што цяпер мне даводзіцца працаваць 12-16 гадзін на дзень, каб пракарміць сям'ю, гэта адбіваецца і на ўважлівасці, і на стаўленні да людзей. Наогул, змагацца за свае правы трэба ўсім, тады і заробак будзе адпаведны ва ўсіх. Мы ж больш, чым хто іншы, зацікаўленыя ў тым, каб у нашых кліентаў былі грошы.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках