25 красавiка 2024, Чацвер, 5:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Баста!»: Хамы гасударавы, прытрымайце запал

9
«Баста!»: Хамы гасударавы, прытрымайце запал

Самы галоўны сейбіт калгаснай дыктатуры баіцца.

Апошнім часам усё больш прыходзіць да нас вашых лістоў - як з навінамі, так і з развагамі пра тое, што адбываецца ў краіне. Пішыце, прапануйце, дзяліцеся сваім меркаваннем. Змена ўлады - задача калектыўная, нам усім разам трэба думаць над тым, як яе развязаць максімальна эфектыўна і хутка, піша Telegram-канал «Баста!».

Яшчэ адзін ліст чытача - пра мінулую «парламенцкую кампанію»:

- «Выбары» прайшлі, а асадак застаўся. І будуць нагадваць пра сябе, пакуль не выкараніцца ў краіне такая з'ява, як «хамы гасударавы».

Маштабныя ўкіды бюлетэняў, фальсіфікацыі выніковых пратаколаў, «каруселі» - гэта ўсё было прадказальным. Адметнасцю мінулай кампаніі сталі цалкам хамскія, а часам і неадэкватныя паводзіны членаў выбарчых камісій, у якіх, у асноўным, знаходзіліся чыноўнікі розных масцяў - ад завуча да дырэктара прадпрыемства. Дзівіць, як людзі з мінімальным наборам паўнамоцтваў дазвалялі сабе грубіяніць і хаміць тым, хто ўдзелам у «выбарах» або назіранні на ўчастках проста рэалізоўваў свае канстытуцыйныя правы!

Такога быдлячага стаўлення да людзей, здаецца, не было за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. З розных куткоў краіны паступалі паведамленні пра тое, што назіральнікаў выдаляюць з участкаў з прыцягненнем міліцыі. На шматлікіх відэа выразна чуваць, як сябры выбарчых камісій, школьныя настаўнікі вядуць сябе як дваровая шпана.

Асобнай увагі заслугоўвае істэрыка чыноўнікаў у перыяд агітацыйных пікетаў. Дзёрзкі лозунг «Калгаснай дыктатуры - баста!», нацыянальная сімволіка, маладыя твары, прыцягнулі ўвагу незлічонай колькасці прыхільнікаў пераменаў. І як гаротна глядзеліся самотныя зняважаныя студэнты, якія рэкламавалі надакучыўшыя ўсім праўладныя фізіяноміі. Улады не прыдумалі нічога лепшага, чым засылаць на пікеты той жа «Еўрапейскай Беларусі» цётачак і дзядзечак з участковых камісій. З надрыўным крыкам, чырвоныя і пабялелыя ад бяссілля і злосці, чыноўнікі з камісіі патрабавалі прыбраць упадабаны беларусамі лозунг, а потым сталі тупа здымаць незалежных кандыдатаў з «выбараў».

Падобны ўсплёск негатыву, хамства, азлобленасці з боку працаўнікоў рэжыму сведчыць толькі аб тым, што выканаўцам службовых злачынстваў страшна. За свае наседжаныя месцы, элітныя апартаменты, рахункі ў банках, ну і за асабістую свабоду, нарэшце. Баяцца завучы-фальсіфікатары, міліцыянты-садысты, начальнікі-хабарнікі. Баіцца і самы галоўны сейбіт калгаснай дыктатуры ў Беларусі, той, хто пабудаваў хамаватую вертыкаль з прадажных лгуноў і нягоднікаў. І гэты страх - як прадчуванне, бо іх час няўхільна падыходзіць да канца.

Дарэчы, хамы гасударавы, прытрымалі б запал, а то хутка і прэзідэнцкія выбары, а з такімі тэмпамі і стараннасцю да інсульту з інфарктам недалёка.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках