20 красавiка 2024, Субота, 6:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Mае аўтамабілі і рэзідэнцыі, а па дэкларацыі - «гол як сакол»

60
Mае аўтамабілі і рэзідэнцыі, а па дэкларацыі - «гол як сакол»
ФОТА: GOMEL.TODAY

Дзе хавае свае грошы дыктатар?

У 2009 годзе Лукашэнка зарабіў амаль 95 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, што было эквівалентна 2885 далярам на месяц. За 2014 год Лукашэнка задэклараваў ужо больш за 550 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, з чаго вынікае, што ягоны заробак на той момант складаў амаль 4200 даляраў за месяц да выліку падаткаў, піша сайт тэлеканала «Белсат».

«Мы можам толькі здагадвацца, што ў яго ёсць яшчэ ў выглядзе «ваб-мані». Таму што розныя чуткі ходзяць аб актывах нейкіх і інтарэсах у Арабскіх Эміратах, куды ён раз-пораз ездзіць з сынамі ногі абмакнуць у затоцы», - кажа Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў.

Згодна з дэкларацыяй аб даходах Лукашэнкі з графы «Нерухомасць» вынікае, што беларускі дыктатар не мае ва ўласнасці ні дома, ні кватэры. Няма ў яго і аўтамабіля.

«Яму належыць усё. У яго нічога няма, але ў яго ўсё ёсць! Гэта такая вышэйшая форма паразітавання на грамадстве, на краіне, на народзе», - упэўнены Аляксандр Ярашук.

Лукашэнка мае шэраг прывілеяў, якімі ён забяспечаны згодна з артыкулам 37 закона «Аб прэзідэнце».

За кошт дзяржбюджэту Лукашэнка мае службовае жыллё і транспарт спецыяльнага прызначэння. На фінансаванне яго Службы бяспекі штогод выдзяляецца 18 мільёнаў даляраў. Выдаткі на прадстаўніцкія мэты ўнутры краіны і выдаткі, звязаныя з наведваннем замежных дзяржаў, таксама кампенсуе бюджэт.

Акрамя гэтага Лукашэнка мае права на дзяржаўнае страхаванне і дзяржаўную дачу. А адмысловае медыцынскае і санаторна-курортнае абслугоўванне прадугледжанае не толькі для яго, але і для ягонай сям'і.

Рэзідэнцыі і «Тэслы» ад Ілона Маска

Што тычыцца дач, то сам Лукашэнка называе іх рэзідэнцыямі. Неяк ён нават заявіў, што ў яго іх аж 17!

На беразе Менскага мора размяшчаецца рэзідэнцыя «Заслаўе», дзе ён перыядычна ладзіць нефармальныя сустрэчы. На будаўніцтва Палаца незалежнасці з бюджэту краіны было выдаткавана амаль 135 мільёнаў даляраў.

Яшчэ ў адной рэзідэнцыі, «Дразды», Лукашэнка мае ўласны падворак, дзе растуць нават кавуны. Сярод рэзідэнцый гаранта таксама значыцца комплекс «Азёрны» ў Астрашыцкім гарадку, паляўнічае ўрадавае лецішча ў Пружанскім раёне - у цэнтры Белавежскай пушчы і Палеская рэзідэнцыя ў Петрыкаўскім раёне. Адной з апошніх з'явілася рэзідэнцыя ў Браслаўскім раёне.

«Maybach Pullman» стартуе ад 500 тысяч еўраў, а версія «Guard», якая ўзмоцненая, яна ўтрая даражэйшая. Гэта значыць, прыкладна 1,5 мільёна еўраў», - кажа Сяргей Антусевіч, віцэ-старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў.

На аўтамабілі, кошт якога - прыкладна паўтара мільёна еўраў, Лукашэнку заўважылі летам 2019 года. Дарэчы, яго не раз бачылі на дарагіх аўтамабілях. У яго аўтапарку браняваны «Мэрсэдэс» S-класа коштам амаль 160 тысяч еўраў і «Тэсла», якую яму нібыта падарыў Ілон Маск. Зрэшты, апошні хутка зняпраўдзіў гэтую інфармацыю.

«Новая «Тэсла» мадэлі S каштуе блізу 160 тысяч даляраў», - распавядае Сяргей Антусевіч, віцэ-старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў.

Паводле беларускіх законаў, пенсія дзяржслужбоўцаў налiчваецца ў суме 40% ад іх заробку. Але яна не можа перавышаць трохразовай сумы сярэдняга заробку ў краіне, які ўжываецца для пераразліку пенсій.

Плюс ёсць даплаты - за кожны поўны год стажу дзяржаўнай службы больш за 20 гадоў сума пенсіі павялічваецца на 2% заробку. То бок, калі б цяпер Лукашэнка сыходзіў на пенсію з заробкам 4200 даляраў, то ягоная пенсія склала б блізу 600 даляраў.

«Калі б чалавек клапаціўся пра тое, каб у нас была прававая дзяржава, то ён паклапаціўся б і пра пенсію, і пра свой заробак. Колькі б ён там быў: 20, 30, 50 тысяч даляраў. І клапаціўся б пра пенсію, каб закласці падмурак цывілізаванай дзяржавы», - разважае Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках