28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

А потым сантэхнік дастаў дыпламатычны пашпарт

31
А потым сантэхнік дастаў дыпламатычны пашпарт

Для шпіёнаў з Расеі Сусветны эканамічны форум пачаўся яшчэ ўлетку.

"Напярэдадні сустрэчы вядучых палітычных дзеячаў і прадстаўнікоў эканомікі паліцыя кантона Граўбюндэн у Давосе затрымала двух магчымых шпіёнаў з Расеі", - паведамляе швайцарскае выданне Tages-Anzeiger (пераклад - inopressa.ru).

"Для шпіёнаў з Расеі Сусветны эканамічны форум (ВЭФ) пачаўся, відавочна, яшчэ ўлетку, - піша журналіст Томас Кнэльвольф. - У жніўні 2019 года ў Давосе былі выяўленыя два меркаваныя расейскія агенты. Іх падазраюць у ажыццяўленні падрыхтоўчых работ для назірання за ВЭФ, які пачаўся ў панядзелак увечары (...)".

"У Давосе на гэтым тыдні сустрэнуцца палітыкі і вядучыя прадстаўнікі эканомікі розных краін. Нават калі некаторыя з іх яшчэ скасуюць свой візіт, недахопу ў цікавых аб'ектах для шпіянажу не будзе - гэта перш за ўсё Дональд Трамп і Ангела Мэркель. Чарговым разам адмовіўся ад удзелу ў форуме Уладзімір Пуцін, які апошнім разам прыязджаў сюды адзінаццаць гадоў таму. Расейскі прэзідэнт не надае ВЭФ занадта вялікага значэння, сказаў адзін з яго прадстаўнікоў".

"Аднак у апараце Пуціна, здаецца, вельмі цікавяцца сустрэчай уплывовых людзей. Прынамсі, пра гэта сведчыць здарэнне, якое адбылося ў Давосе пяць месяцаў таму. Тады ўвагу органаў бяспекі прыцягнулі двое мужчын." У жніўні 2019 паліцыяй кантона Граўбюндэн была ажыццёўленая праверка асабістых дакументаў двух грамадзян Расеі", - пацвердзіла кіраўніца інфармацыйнай службы паліцыі Аніта Сэнт. Прынамсі, адзін з мужчын сказаў, што з'яўляецца слесарам-сантэхнікам. Але ў яго, як і ў яго спадарожніка, быў пры сабе расейскі дыпламатычны пашпарт", - гаворыцца ў артыкуле.

"Паліцыянты Граўбюндэна па-сапраўднаму насцярожыліся, калі даведаліся, што працоўныя збіраліся застацца адразу на тры тыдні, з 8 да 28 жніўня. Гэта дарагое прадпрыемства для тых, хто нібыта зарабляе сабе на жыццё тым, што ўсталёўвае ў Расеі трубы і рамантуе ўнітазы", - адзначае выданне.

"На пытанне аб тым, чаму ў мужчын былі дыпламатычныя пашпарты, Станіслаў Смірноў, прэс-аташэ расейскай амбасады ў Берне, адказаў: "Людзі, якія атрымліваюць дыпламатычны пашпарт, ёсць не толькі ў расейскім міністэрстве замежных спраў". З ягоных слоў, як мяркуецца, рабочым было даручанае правядзенне падрыхтоўчых работ для праграмы "Рускага дома" падчас ВЭФ".

"Паводле звестак паліцыі кантона Граўбюндэна, падазроная пара не была акрэдытаваная ў Швайцарыі ў якасці дыпламатаў, такім чынам, не магла б скарыстацца дыпламатычным імунітэтам, калі б была арыштаваная паводле падазрэння ва ўчыненні правапарушэнняў, звязаных са шпіянажам".

"Аднак, як аднагалосна паведамляюць некалькі крыніц, расейцы, чые дакументы былі правераныя паліцыяй, прэтэндавалі на асаблівыя правы, а расейскія прадстаўнікі і зусім пагражалі дыпламатычнымі наступствамі ў выпадку арышту мужчын", - паведамляе аўтар матэрыялу.

"Паліцыя кантона Граўбюндэн падключыла Бэрн, была задзейнічаная федэральная выведвальная служба. Але ў канчатковым выніку абодвух расейцаў адпусцілі. Занадта расплывістымі былі іх планы ў Давосе".

"Тыя, хто знаёмы са справай і гавораць пра яе на ўмовах захавання ананімнасці, уважаюць за магчымае, што мужчыны мелі на прыцэле ВЭФ. Напрыклад, яны маглі загадзя рыхтаваць аперацыю праслухоўвання і хакерскага нападу. Пры гэтым аб'ектамі шпіянажу могуць з'яўляцца не толькі кіраўнікі іншых дзяржаў і іх дэлегацыі. ВЭФ запрашае і крытыкаў Крамля, такіх як Біл Браўдэр, якога часопіс The New Yorker назваў "расейскім злачынцам нумар адзін".

"Давос - гэта адно з нямногіх месцаў, дзе я магу наўпрост паставіць прадстаўнікоў расейскай дзяржавы перад фактам парушэнняў правоў чалавека", - кажа амерыкана-брытанскі інвестар Біл Браўдэр, які сёлета таксама накіроўваецца ў швайцарскія Альпы. (...) Браўдэр кажа, што Расея хоча, каб ён больш не мог удзельнічаць у форуме ў Давосе, але кіраўніцтва ВЭФ адмаўляецца яго выключаць".

"Шпіёнская актыўнасць двух мужчын, якія выклікалі падазрэнні, не была даведзеная. "Падчас праверкі не было выяўлена прыкмет злачынных дзеянняў", - напісала Аніта Сэнт з паліцыі кантона Граўбюндэн. Таму арышту не было, як і забароны на ўезд. Абодва падазраваных знаходзіліся пад наглядам, але змаглі бесперашкодна пакінуць Швайцарыю", - паведамляе Tages-Anzeiger.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках