25 красавiка 2024, Чацвер, 4:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Расея пастанавіла спыніць нафтагазавыя гульні з Лукашэнкам

61
Эканаміст: Расея пастанавіла спыніць нафтагазавыя гульні з Лукашэнкам

Танных энэргарэсурсаў для дыктатара ўжо не будзе.

Стала вядома, што Расея не дала згоду на пастаўку казахстанскай нафты ў Беларусь. Пра гэта Лукашэнка заявіў учора на нарадзе пра экспарт нафтапрадуктаў.

За суткі да гэтага стала вядома пра набыццё Беларуссю невялікай партыі нафты ў Нарвегіі (80 тысячаў тонаў). Паводле ацэнак спецыялістаў, нарвежская нафта з улікам транспартавання з балтыйскіх партоў абыдзецца Беларусі значна даражэй за расейскую.

Нагадаем, што Расея з 1 студзеня на дзяржаўным узроўні спыніла падачу нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Невялікіх паставак ад прыватных кампаній Міхаіла Гуцарыева, пра якія ўлады здолелі дамовіцца да канца студзеня, хапае толькі на тое, каб НПЗ працавалі ў рэжыме мінімальнай загрузкі.

Як могуць далей развівацца падзеі на «нафтавым фронце» і чым гэта можа скончыцца для эканомікі Беларусі?

На пытанні Charter97.org адказвае эканаміст Леў Марголін.

– Як Вы пракаментуеце фактычную забарону Расеі на транзіт па яе тэрыторыі казахстанскай нафты для Лукашэнкі?

– Становіцца відавочным, што Расея пастанавіла спыніць нафтагазавыя гульні з Лукашэнкам. Транзіт казахстанскай нафты праз Расею – гэта практычна стварэнне самому сабе канкурэнта, у чым Расея ніяк не зацікаўленая.

Акрамя таго, я так разумею, і нафтаправоды дастаткова загружаныя. Нездарма нават у самыя шчасныя гады нафта з Расеі часткова паступала ў Беларусь чыгуначным транспартам.

Гэта значыць, Расея дала выразна зразумець: хочаце чагосьці дамагчыся – размаўляйце з намі, не шукайце абыходных шляхоў у выглядзе Казахстана ці яшчэ кагосьці. Прынамсі гэта тычыцца маршрутаў, звязаных з транзітам праз Расею.

– Цяперашняя «нафтагазавая» вайна з РФ – далёка не першая, але так далёка ў сваіх дзеяннях Крэмль яшчэ не заходзіў. У чым асаблівасць сённяшняга канфлікту?

– На мой погляд, у гэтага канфлікту ёсць некалькі адметных рысаў.

Першая – гэта сітуацыя ў самой Расеі. Тлустыя гады для Расеі прайшлі, цяпер ім самім даводзіцца лічыць грошыкі. І таму раскідвацца імі направа і налева ўжо не выпадае. Гэта першы момант.

Другі момант – гэта тое, што вытокі цяперашняй вайны, яны ж не ў нейкай палітычнай бязладзіцы, не ў нейкіх «непаразумелках» паміж Расеяй і Беларуссю. Яны пачаліся з так званага падатковага манеўру, які ўвогуле да Беларусі мае апасродкаванае дачыненне. Гэта – імкненне расейцаў упарадкаваць жыццё сваіх нафтаздабытчыкаў і нафтаперапрацоўнікаў, каб яны больш-менш справядліва дзяліліся сваімі прыбыткамі з дзяржавай.

Тое, што пад раздачу трапіла і Беларусь, на мой погляд – гэта проста выпадковая з'ява. Беларускім уладам прапанавалі: «Хочаце, каб гэты падатковы манеўр закрануў і вас – давайце інтэгравацца. Не хочаце – ніхто не замінае вам атрымліваць нафту паводле сусветных коштаў». Тым больш, што з улікам транспартавання, нават калі Беларусь будзе набываць расейскую нафту сапраўды паводле сусветных коштаў, яна ўсё роўна будзе таннейшая, чым любая нафта, якую можна набыць у іншай краіне.

– Ці дапаможа беларускім уладам набыццё невялікай партыі нарвежскай нафты?

– Я думаю, што гэта больш дэманстрацыйнае палітычнае дзеянне. Таму што няма праблемаў з набыццём нафты, як няма праблемаў і з яе дастаўкай. Набывай, дастаўляй – як гэта робяць іншыя краіны. Як гэта робіць, напрыклад, Японія, у якой увогуле ніякай уласнай нафты няма, што не перашкаджае і не перашкаджала ёй ніколі развівацца.

Праблема заключаецца ў тым, што ўсё робіцца для таго, каб нейкім чынам дамагчыся льготных паставак з Расеі. Хай не такіх, якія яны былі ў мінулыя гады – але ўсё роўна, каб была нейкая палёгка для афіцыйнага Менску.

Ці атрымаецца гэтага дамагчыся? Я, шчыра кажучы, сумняваюся, таму што Расея ўжо дастаткова сур'ёзна паказала, што таго, што было, больш ужо не будзе. І што кожная краіна, якая ўважае сябе незалежнай, суверэннай, павінна сама клапаціцца пра свае інтарэсы, а не спадзявацца на нечыю «брацкую» дапамогу.

– Спецыялісты адзначаюць, што ў сённяшняй сітуацыі любая альтэрнатыўная нафта будзе для беларускіх уладаў даражэйшая за расейскую. Ці можна казаць пра тое, што час для дыверсіфікацыі страчаны?

– Я, напэўна, скажу зараз парадаксальную рэч, але я мяркую што ніякай альтэрнатыўнай нафты Беларусі ніколі не было патрэбна. Таму што, па-першае, ніякай праблемы з альтэрнатыўнай нафтай няма. Яна прадаецца свабодна на рынку. На спотавым рынку можна зрабіць закупкі, скажам так, наперад, з хэджаваннем рызык.

Можна рабіць усё што заўгодна: нафтавы рынак вельмі свабодны і вельмі разгалінаваны. Але ні раней, ні нават цяпер ніхто не можа на гэтым рынку прапанаваць Беларусі ўмовы, прынамсі супастаўныя з тымі, якія ў нас былі пры пастаўках з Расеі.

Як гаворыцца, няма дурняў: калі табе сусед дае нешта за палову кошту, то які табе сэнс шукаць гэта дзесьці на баку, дзеля страхоўкі, калі ты пры гэтым выдатна ведаеш, што калі раптам сусед адмовіцца табе прадаваць за палову кошту – ты спакойна пойдзеш на рынак і набудзеш гэта з рынкавым коштам?

Іншая рэч, што наша нерэфармаваная эканоміка, нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, якімі так любіць выхваляцца Лукашэнка (яны, наколькі я памятаю, «рэканструююцца» без перапынку ўжо апошнія гадоў 20), такой магчымасці не даюць.

Нашы НПЗ так і не дасягнулі глыбіні перапрацоўкі, якой характарызуюцца найлепшыя еўрапейскія і амерыканскія заводы. Менавіта вось гэта і з'яўляецца самай галоўнай праблемай. Таму што калі выхад нафтапрадуктаў з нафты прынамсі на 1-2% ніжэйшы, чым у прадпрыемстваў, якія ёсць у суседніх краінах, то адпаведна і эканоміка гэтай перапрацоўкі будзе горшая на тыя ж 1-2%, і рэнтабельнасць гэтых заводаў будзе ніжэйшая.

А калі яшчэ ўзяць да ўвагі, што гэтыя заводы вымушаныя прадаваць на ўнутраным рынку нафтапрадукты або сабе ў страту, або без значнага прыбытку, то становіцца зразумелай іх залежнасць ад таннай расейскай нафты. Таму што еўрапейскія заводы на еўрапейскім рынку прадаюць нафтапрадукты недзе прыкладна ў 2 разы даражэй, а то і больш. Але цудаў на свеце не бывае. Раз мы прадаем танней, чым павінны, гэта трэба чымсьці кампэнсаваць.

Раней гэта кампенсавалі менавіта тым, што зыходны кошт нафты для нас быў значна таннейшы. Цяпер гэтыя часы мінулі.

– Як могуць развівацца падзеі ў сувязі з прызначэннем у Расеі новага ўрада і зменамі ў Канстытуцыі РФ? Ці можна казаць пра замацаванне больш прагматычнага падыходу ў Крамлі да свайго «хаўрусніка»?

– Я мяркую, што з прыходам новага расейскага ўрада сітуацыя для Лукашэнкі будзе толькі больш жорсткай.

Таму што калі Мядзведзеў яшчэ валодаў нейкай палітычнай вагой, нейкія пастановы мог браць на сябе ці, прынамсі, выказваць сваё меркаванне з гэтай нагоды, то новы ўрад будзе чыста тэхнакратычны і ўсе пастановы будзе прымаць з калькулятарам у руках паводле прынцыпу «выгадна – не выгадна».

І тое, што прадаваць нафту ў Беларусь за бесцань не выгадна – гэта, як той казаў, казе зразумела. Таму тут урад РФ можна меркаваць ад гэтай справы ўжо адхіленым, і пастановы будзе прымаць асабіста Пуцін. Захоча ён прыняць такую пастанову – прыме, не захоча – не прыме.

А каб ён гэтага захацеў, павінны быць вельмі важкія матывы. Калі памятаеце, некалькі гадоў таму Расея спрабавала нейкім чынам адціснуць у Менска больш-менш каштоўныя актывы (гаворка ішла і пра Завод колавых цягачоў, і пра «Гродна Азот», яшчэ пра шэраг прадпрыемстваў), то цяпер пра гэта размовы не ідзе. Цяпер нават пра інтэграцыю ўжо практычна гаворка не ідзе.

Таму што змены ў Канстытуцыі РФ выразна паказваюць, што Пуцін вызначыўся з механізмам трансфармацыі, і Беларусь у гэтым механізме ўжо адышла на вельмі другасныя пазіцыі.

Таму чым можна пераканаць Расею, каб былі нейкія льготы? Я думаю, што наўрад ці гэта магчыма для Лукашэнкі ў цяперашняй сітуацыі.

– Як усе гэтыя працэсы могуць адбіцца на эканоміцы Беларусі ў найбліжэйшай перспектыве. Якія рызыкі найбольш верагодныя?

– Адаб'ецца ўсё гэта, вядома, адмоўна. Калі не будзе сур'ёзных рэформаў – будзе стагнацыя эканомікі. Стагнацыя – гэта такая рэч, якая можа доўжыцца гадамі. І для Беларусі верагодная нават не толькі стагнацыя, а вялікі крок назад – такі, як адбыўся, напрыклад, у 2014 годзе, калі наш ВУП абваліўся.

Народу давядзецца неяк прыстасоўвацца. Гэта і цяпер адбываецца: тыя, хто можа, з'язджаюць за мяжу на заробкі. Да ўзроўню Малдовы ў першым дзесяцігоддзі XXI стагоддзя мы яшчэ не дайшлі. Так што «рухацца» ва ўладаў ёсць куды, але добрага нічога з гэтага не будзе.

– Прызначаючы 20 студзеня новых кіраўнікоў сілавых установаў, Лукашэнка заявіў пра «цяжкія часы». Наколькі цяжкія наступілі для беларускага кіраўніка часы на Вашу ацэнку?

– А хіба бывалі ў яго калі-небудзь лёгкія гады? Лёгкія гады – гэта калі праведзеныя неабходныя рэформы і краіна стала на шлях самападтрыманага рынкавага развіцця. Вось тады можна будзе з палёгкай уздыхнуць.

А калі 25 гадоў краіна знаходзіцца ў рэжыме ручнога кіравання, то, вядома, лёгкіх гадоў няма і не будзе. Таму будзе сапраўды цяжка, але ў нас заўсёды было цяжка, і кожны з гэтай цяжкай сітуацыі выбіраўся як мог. На дзяржаву ў нас вельмі мала хто цяпер спадзяецца.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках