19 красавiка 2024, Пятніца, 10:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Школьнікаў завабліваюць у БРСМ зніжкамі на бары, рэстараны, алкаголь і цыгарэты

24
Школьнікаў завабліваюць у БРСМ зніжкамі на бары, рэстараны, алкаголь і цыгарэты

Наколькі гэта законна?

Навучэнцы адной з навучальных установаў Менска апавялі «Салідарнасці», як іх агітавалі ўступаць у БРСМ.

– Калі нам сказалі, што будзе сустрэча з першым сакратаром БРСМ нашага раёна, мы былі ўпэўненыя, што нас пачнуць пагрозамі заганяць у арганізацыю. Мы чыталі ў інтэрнэце, як гэта бывае. А ў нашым класе ўсяго некалькі чалавек у БРСМ, то-бок, мы моцна псуём статыстыку, – апавёў навучэнец 10 класа Антон.

Каб мець магчымасць неяк супрацьстаяць націску, хлопцы нават запісалі гутарку з прадстаўніком БРСМ на дыктафон (запіс ёсць у рэдакцыі «Салідарнасці»).

Аднак гэтым разам ніхто сілком у арганізацыю дзяцей уступаць не прымушаў. Затое паспрабавалі матэрыяльна зацікавіць патэнцыйных чальцоў.

Сярод іншага, школьнікам апавялі, што з гэтага года ўведзеныя новыя білеты чальцоў у выглядзе банкаўскай карткі, якія даюць уладальніку масу разнастайных бонусаў і зніжак.

– Кожны ўладальнік карты, актываваўшы яе на сайце, аўтаматычна становіцца ўдзельнікам праграмаў і можа карыстацца шматлікімі бонусамі, – апавяла на сустрэчы з навучэнцамі педагог-арганізатарка. – Гэта розныя забавы, рэстараны, а таксама 50-адсоткавая зніжка ў аквапарк «Лябяжы».

Дзецям прапанавалі пазнаёміцца на сайце са зніжкамі, якія прапануюцца чальцам БРСМ.

– Увогуле, ніхто сілком нас нікуды не цягнуў. Проста апавялі, як дзякуючы БРСМ можна эканоміць на дыскатэках і рэстаранах, а яшчэ ўладкавацца летам на працу. І ўсё за 7 рублёў штогадовага ўнёску, – апавядаюць вучні. – Сказалі ўсё ўважліва вывучыць на сайце і прыходзіць пісаць заяву на ўступленне.

«Cалідарнасць» паспрабавала высветліць, што гэта за новыя карткі чальца БРСМ і якія бонусы яны даюць.

Сапраўды, з 2020 года чальцы БРСМ могуць аформіць білеты ў выглядзе банкаўскіх картаў.

«Калі ты ўжо стаў чальцом вялікай і дружнай каманды Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, якая аб'ядноўвае ў сваіх шэрагах тысячы неабыякавых людзей, тых, хто не збіраецца сядзець, склаўшы рукі, а сам гатовы прыкласці свае сілы, выкарыстаць свае здольнасці для таго, каб зрабіць цікавейшым, ярчэйшым, асэнсаваным сваё жыццё і жыццё сваіх аднагодкаў?! БРСМ і кампанія Autоhelp запрашаюць цябе ўключыцца ў супольную праграму “Моладзевы білет – твая сацыяльная падтрымка!”», – адзначаецца на сайце БРСМ.

Каб зразумець, як БРСМ і кампанія Autоhelp дапамогуць зрабіць жыццё сваім сябрам «цікавейшым, ярчэйшым і асэнсаваным», мы зазірнулі на сайт кампаніі-партнёра.

Там адзначаецца, што трымальнікі такіх картаў могуць «карыстацца ўсімі яе магчымасцямі і прэферэнцыямі». І прапануецца пазнаёміцца з каталогам зніжак.

Мы пазнаёміліся і вось што выявілі.

Дыскатэка на вул. Леніна, клуб СМЕРШ і аўтамыйка «Вясёлыя шлангі»

Сапраўды спектр бонусаў для сяброў БРСМ уражвае. Тут ад банальных скідак у барах і рэстаранах да шынамантажу і адпачынку ў аграсядзібах. Некаторыя прапановы моцна здзівілі.

Напрыклад, 10-адсоткавая зніжка ў страйкбольны клуб у Берасці з вабнай назвай СМЕРШ.

Такая самая зніжка чакае чальцоў БРСМ на паслугі менскай аўтамыйкі «Вясёлыя шлангі». «Вось ужо больш за трынаццаць гадоў мы працуем “не прасыхаючы”!!!» – рэкламуюць сябе ўладальнікі.

Павабнай выглядае і прапанова ад рэстарана «Бірхаус» – ажно 20% зніжкі. Праўда, сам рэстаран размешчаны ў Наваполацку, і калі капнуць глыбей, то высвятляецца, што чальцы БРСМ там атрымаюць 10% зніжкі на комплексны абед, а 20% толькі з картай клуба Пластылін. Але ў любым выпадку, мяркуючы з малюнка са старонкі рэстарана ў ВК, чальцам патрыятычнай моладзевай арганізацыі там павінна спадабацца.

Тое, што БРСМ – арганізацыя вясёлая і з агеньчыкам, кажуць і абяцаныя зніжкі на алкагольныя і тытунёвыя вырабы. Так, сетка крамаў «Віно» гатовая даць БРСМаўцам «3% на ўсе тавары, акрамя тавараў, на якія ўжо вырабленае зніжэнне кошту на iншых падставах». Таксама зніжку 3% абяцаюць у крамах алкагольнай прадукцыі і тытунёвых вырабаў Амаціста.

Ёсць моладзі і дзе адпачыць. Напрыклад, у раздзеле «Турызм і адпачынак» можна знайсці прапанову ад прыдарожнага сэрвісу «Хмельны фурман» (Віцебск). Там чальцы БРСМ атрымаюць 5% на паслугі шынамантажу і аўтастаянкі, 3% на паслугі ТА аўтамабіляў і 5% на пражыванне ў гатэлі.

Чакае іх у Віцебску і 2-адсоткавая зніжка ў «турысцка-гатэльным комплексе Лучоса».

А аграсядзіба з цікавай назвай «ЦІЦЕНКОФФ» дае ажно 10% на ўсе паслугі. Праўда, для гэтага трэба ехаць у вёску Кулакі.

Але далей за ўсіх у сваёй лаяльнасці пайшла сядзіба «Цэнтральная». Яна прапанавала для сяброў БРСМ зніжку ажно 100% (!) на... «высакахуткасны кругласутачны інтэрнэт з выдачай ноўтбука». Дзеля такой прывабнай прапановы не грэх і забраняваць сабе месцейка ў вёсцы Цеснавая.

Увогуле ў большасці выпадкаў бонусы, калі не заленавацца адкрыць прапанову, не выглядаюць так панадліва. Хоць і заяўленыя вельмі гучна. Напрыклад, спадзеючыся на 50% зніжкі на квіток на дыскатэку ў салоне «Трафік», варта разумець, што дыскатэка будзе праходзіць у г. Маларыта па вул.Леніна. А прапанова 20-адсоткавай скідкі на гатэль «Беларусь» унутры сайта выглядае так: «5–20% на паслугі пражывання пры пэўных умовах» (якіх, не ўдакладняецца).

Увогуле, збіраючыся з білетам чальца БРСМ зэканоміць 10% у караоке-бары, трэба быць гатовым, што бар можа апынуцца ў Ашмянах, зніжка ў пернікавай краме можа стаць 3-адсоткавай і толькі на гарачыя напоі, а радуючыся зніжцы 5% на дастаўку піцы і 10% на дастаўку сушы з рэстарана «Сыты тата» ў Гомелі, не палянуйцеся залезці на сайт і даведацца, што дастаўка ў гэтым рэстаране бясплатная.

Дарэчы, а што там з аквапаркам «Лебядзіны», якім так зазывалі нашых менскіх школьнікаў, абяцаючы ў выпадку сяброўства ў БРСМ 50-адсоткавую зніжку? На сайце аквапарку сапраўды ёсць прапанова для сяброў моладзевай арганізацыі. Праўда, высветлілася, што зніжка ў аквазоне з басейнам не 50, а ўсяго толькі 20%. Спадзявацца на палову кошту чальцам БРСМ можна толькі пры наведванні трэнажорнай залы, і то адзін раз.

Больш за тое, на сайце аквапарку ёсць і значна больш выгадныя прапановы. Напрыклад, супольная акцыя з адной з піцэрняў дае зніжку ў 50%.

Увогуле, кіраўніцтву БРСМ варта было б яшчэ добра падумаць, чым, акрамя рэстаранаў, аквапаркаў і таннага алкаголю можна было б прывабіць моладзь. Дарэчы, пасля рэкламнай акцыі ў згаданай навучальнай установе сярод 10-класнікаў чамусьці больш сяброў арганізацыі так і не стала.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках