28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Аліеў падмануў Лукашэнку з нафтай

48
Як Аліеў падмануў Лукашэнку з нафтай

Сяброў у беларускага дыктатара на постсавецкай прасторы амаль няма.

Праз Азербайджан правадыр Беларусі не пабаяўся сапсаваць стасункі з уладамі Арменіі, але ў цяжкай для яго сітуацыі «сябар» на дапамогу не спяшаецца, піша udf.by.

Дзіўныя паводзіны Аліева

У кулуарах форуму ў Давосе правадыр Азербайджана Ільхам Аліеў заявіў, што нічога не ведае аб зваротах з беларускага боку з нагоды паставак нафты, але іх можа ажыццяўляць дзяржаўная кампанія Socar Trading. Пры гэтым са слоў Аліева, гаворка не ідзе пра нафту з Азербайджана.

Што дзіўнага ў словах Аліева?

Па-першае, беларускія чыноўнікі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам заяўлялі, што звярталіся да многіх краін, у тым ліку да Азербайджана, з прапановамі аб пастаўках нафты. І ў дзяржкампаніі Socar усяго тыдзень таму казалі, што да супрацоўніцтва гатовыя.

Дык няўжо Аліеў можа быць не ў курсе «нафтавай вайны» паміж Менскам і Масквой і адпаведнага звароту беларускіх уладаў?

Па-другое, Аліеў сказаў, што гаворка ідзе не пра пастаўкі нафты з ягонай краіны. Тут важна разумець, што Socar Trading гандлюе, у тым ліку, нафтай з іншых краін - натуральна, сусветнымі коштамі.

Між тым у 2011 годзе Баку пастаўляў партыі азербайджанскай нафты ў Беларусь морам - праз трубаправод Адэса-Броды з выхадам на «Дружбу». Праўда, тады дзейнічала непразрыстая схема: Менск атрымліваў нафту ад Азербайджана, аддаючы ўзамен яго дзяржкампаніі аб'ёмы, што атрымліваюць у Венесуэле.

Той эксперымент быў згорнуты не толькі праз змены ў дачыненнях Беларусі і Венесуэлы. Напрыклад, высветлілася, што нафта маркі Azeri Light перапрацоўваць на беларускіх НПЗ даражэй, чым расейскую Urals.

Свежыя словы Аліева цалкам можна трактаваць так, што ён не мае намеру гандляваць сваёй нафтай, на якую мог бы прыяцелю даць зніжку.

Між тым, яшчэ вясной мінулага года пасол Азербайджана Латыф Гандзілаў запэўніваў, што ягоная краіна будзе гатовая дапамагчы Беларусі ў выпадку яе звароту ў пытанні паставак нафты:

«У цяжкія часы нашы народы заўсёды адзін аднаму дапамагалі, і гэта нас аб'ядноўвае. Мы заўсёды падстаўляем адзін аднаму плячо. Калі будзе неабходнасць, Азербайджан з гонарам выканае свой братэрскі абавязак. Няма ніякіх сумневаў, што кіраўнікі дзяржаў знойдуць агульную мову ў гэтым пытанні».

Але цяпер пра гэтае абяцанне забыліся.

Аліеў падмануў Лукашэнку не ўпершыню

Лукашэнка стаў называць прэзідэнта Азербайджана сваім «вялікім сябрам» пасля аднаго канкрэтнага выпадку. 10 гадоў таму беларускім уладам тэрмінова спатрэбіліся грошы, каб заплаціць пазыку за расейскі газ. І літаральна на працягу некалькіх дзён яны патрэбную суму на 200 млн даляраў знайшлі.

Пазней высветлілася: выдаць пазыку пагадзіўся Аліеў. Пасля Лукашэнка рэгулярна успамінаў пра тую дапамогу.

"Мы памятаем, калі ў цяжкі час вы падставілі нам плячо, не аглядаючыся прытым ... Мне вельмі прыемна, калі вы прыязджаеце, наш аднадумец, мой вялікі сябар, у Беларусі гэта ведаюць, сябар увогуле беларускага народа», - казаў Лукашэнка.

Затым ён яшчэ некалькі разоў спрабаваў атрымаць азербайджанскую нафту (напрыклад, наўзамен на навуковыя тэхналогіі), але беспаспяхова.

А летась Аліеў не праявіў належнай павагі да правадыра Беларусі, калі ў астатні момант адмовіўся прыляцець на адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў, якія вельмі шмат значылі для Лукашэнкі.

Пра тое, што правадыр Азербайджана перадумаў, стала вядома толькі ў дзень адкрыцця Еўрагульняў. Замест сябе ён даслаў дачку.

Пастанова Аліева, магчыма, была ў нейкай ступені крыўдная для Лукашэнкі. Тым больш, што перад гэтым ён не пабаяўся праз яго сапсаваць стасункі з кіраўніцтвам Арменіі.

У 2018 годзе Беларусь прадала Азербайджану ўстаноўкі сістэмы залпавага агню «Паланэз». Відавочна, што ў фінансавым плане ўгода была выгаднай для Менска. Але праблема была ў тым, што Беларусь паставіла ўзбраенне ворагу свайго хаўрусніка з АДКБ.

Угода не толькі выклікала іскры ў дачыненнях з кіраўніцтвам Арменіі, але і адбілася на тым, што пратэжэ Лукашэнкі Станіслаў Зась так і не стаў дзяржсакратаром вайсковага блока ні ў канцы 2018 года, ні ў 2019 годзе.

Цяперашнюю пазіцыю Баку з нагоды паставак нафты ў Беларусь можна разглядаць і з яшчэ аднаго непрыемнага для Лукашэнкі боку. Восенню мінулага года ўлады Казахстана цалкам ясна далі зразумець Менску, што не маюць намеру ўступаць у спрэчку з Расеяй, каб тая дазволіла выкарыстаць трубаправоды на сваёй тэрыторыі для паставак нафты ў Беларусь.

Заява Аліева зноў сведчыць аб тым, што нягледзячы пафасныя словы, сапраўдных сяброў у Лукашэнкі на постсавецкай прасторы амаль няма.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках