25 красавiка 2024, Чацвер, 8:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg назваў дзесяць самых паспяховых бізнэсоўцаў у «зялёнай эканоміцы»

4
Bloomberg назваў дзесяць самых паспяховых бізнэсоўцаў у «зялёнай эканоміцы»

На прапановах тэхнічных развязанняў у барацьбе са зменай клімату можна зарабіць шматмільярдныя багацці.

Шэраг бізнэсоўцаў у свеце зарабілі мільярды на прапановах тэхнічных развязанняў у барацьбе са зменай клімату. Багацце дзясяці найбольш забяспечаных з іх да канца 2019 года сукупна дасягнула 61 млрд даляраў, паведаміла ў сераду, 22 студзеня, агенцтва Bloomberg (пераклад - dw.com).

Першымі ў спісе з'яўляюцца чатыры ўладальнікі кітайскай кампаніі CATL, якая выпускае акумулятары для электрамабіляў фірмаў Daimler, Toyota, BMW і Volvo. Яе багацце складае 16,7 млрд даляраў. На другім месцы амерыканец Ілон Маск, заснавальнік і кіраўнік вытворцы электрамабіляў Tesla. Яго «зялёнае» багацце, на ацэнку Bloomberg, ацэньваецца на 14,6 млрд даляраў.

На трэцім месцы агенцтва паставіла немца Алоіса Вобена (Aloys Wobben) з багаццем 7,3 млрд даляраў. Вобен заснаваў у 1984 годзе кампанію Enercon - вытворцу турбін для атрымання электрычнасці з энэргіі ветру. У 2018 годзе Enercon усталяваў больш за палову ўсіх новых ветраных генератараў у Нямеччыне.

Чацвёрты ў пераліку - аўстраліец Энтані Прат, уладальнік аўстралійскай кампаніі Visy Industries і амерыканскай Pratt Industries, якія вырабляюць з другаснай сыравіны паперу і ўпаковачныя матэрыялы. Кампаніі валодаюць уласнымі электрастанцыямі, якія забяспечваў вытворчасць «чыстай» энэргіяй. Багацце Прата ацэненае на 6,8 млрд даляраў.

На пятым і сёмым месцах - кітайскія кампаніі Longi і Hangzhou First Applied Material, багацце ўладальнікаў якіх ацэньваецца адпаведна на 3,4 і 2,9 млрд даляраў. Абедзве працуюць у сферы сонечнай энэргетыкі. Longi вырабляе монакрышталічныя сонечныя панэлі, якія задавальняюць чвэрць патрэбаў сусветнага рынку, а Hangzhou First Applied Material - плёнку для сонечных панэляў. Паводле звестак кампаніі, яна кантралюе больш за палову сусветнага рынку ў гэтым сегменце.

На шостым месцы - гішпанец Хасэ Мануэль Энтрэканалес. Ягонае «зялёнае» багацце ацэньваецца на 2,9 млрд еўра. Энтрэканалес перапрафіляваў заснаваную ягоным дзедам будаўнічую кампанію Acciona ў вытворцы электрычнасці з выкарыстаннем энэргіі ветру, сонца, вады, біямасы, тэрмальных крыніц. Кампанія вырабляе электраэнэргію для забеспячэння 6 млн хатніх гаспадарак, у 2018 годзе гэты бізнэс склаў больш за 60 адсоткаў даходаў Acciona.

На восьмым месцы - Ван Чуаньфу (2,4 млрд даляраў), уладальнік кампаніі BYD, найбуйнейшага ў КНР вытворцы электрамабіляў. Замыкаюць дзясятку тайландская кампанія Energy Absolute і амерыканская Nikola Motor. Першая вырабляе біядызель, а таксама стварыла і пачала вытворчасць першага ў краіне электрамабіля. Другая спецыялізуецца на вытворчасці аўтамабіляў, якія працуюць на вадародзе.

Пры гэтым, як адзначае Bloomberg, у свеце па-ранейшаму дамінуе вугляродная эканоміка. Уладальнікі нафтавых кампаній, тэхналагічных і традыцыйных аўтамабільных канцэрнаў складаюць больш за чвэрць з 500 самых багатых людзей у свеце. А самая дарагая кампанія ў свеце на сёння - саудаўскі нафтавы канцэрн Saudi Aramco, капіталізацыя якога складае 1,8 трлн даляраў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках