18 красавiка 2024, Чацвер, 8:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Баўгарыя абвінаваціла траіх расейцаў у спробе атручвання Гебрава

8
Баўгарыя абвінаваціла траіх расейцаў у спробе атручвання Гебрава
ЕМЯЛЬЯН ГЕБРАЎ
ФОТА: REUTERS

Імёны падазраваных не называюцца.

Пракуратура Баўгарыі абвінаваціла траіх расейцаў у спробе атручвання грамадзян Баўгарыі - бізнэсоўца Емяльяна Гебрава, ягонага сына Хрыста і чалавека з ініцыяламі В. Т., гаворыцца ў заяве ўстановы, апублікаванай у чацвер. Імёны падазраваных не называюцца, паведамляе "Радыё Свабода".

Паводле інфармацыі пракуратуры, злачынства адбылося ў Сафіі ў канцы красавіка - пачатку траўня 2015 года. Расейцы, як мяркуецца, спрабавалі атруціць бізнэсоўца, ягонага сына і яшчэ аднаго чалавека фосфарарганічным рэчывам. Іх абвясцілі ў міжнародны вышук.

Раней пракуратура пацвердзіла, што ў дзень атручвання баўгарскага прадпрымальніка Емяльяна Гебрава ў ягоным офісе былі заўважаныя меркаваныя супрацоўнікі ГРУ - расейскай вайсковай выведкі. Пра гэта ж раней паведамлялі The Insider і Bellingcat.

28 красавіка 2015 года Емяльян Гебраў падчас прыёму для партнёраў, які прайшоў пасля поўдня, адчуў недамаганне і праз некалькі хвілін страціў прытомнасць. Калегі, якія знаходзіліся побач, выклікалі лекараў і даставілі Гебрава ў лякарню. Прыкладна ў той жа час такія ж сімптомы з'явіліся ў ягонага сына, які знаходзіўся ў іншай частцы горада. Прыкметы атручвання былі адзначаныя і ў дырэктара кампаніі, які таксама знаходзіўся далёка. Але была і акалічнасць, агульная для траіх: за некалькі гадзін да прыёму, раніцай таго ж дня, яны знаходзіліся ў адным месцы - у сваім офісе ў будынку гатэля "Арбіта" ў Сафіі.

Пазней, ужо ў 2019 годзе, следчыя ідэнтыфікавалі на відэазапісах з камер на паркоўцы гатэля афіцэра ГРУ Дзяніса Сяргеева (аператыўнае імя Сяргей Фядотаў). Ён жа прыбыў у Брытанію разам з "Башыравым" і "Пятровым" перад атручваннем Сяргея і Юліі Скрыпалёў 4 сакавіка 2018 года.

Высновы баўгарскай пракуратуры супадаюць з высновамі расследавання, якое правялі супольна The Insider, Bellingcat і Der Spiegel. У ім здолелі ўстанавіць сапраўдныя і аператыўныя імёны ўсіх меркаваных агентаў ГРУ, якія ўдзельнічалі ў гэтай аперацыі, а таксама даведацца пра абставіны і магчымыя матывы замаху. Раней The Insider ужо пісаў пра дачыненне да атручвання нервова-паралітычным рэчывам баўгарскага прадпрымальніка Емяльяна Гебрава супрацоўнікамі ГРУ.

Емяльян Гебраў, спецыяліст у гандлі зброяй, быў шпіталізаваны з цяжкім атручваннем 28 красавіка 2015 года. У той жа дзень Фядотаў з'ехаў з Баўгарыі і вылецеў са Стамбула ў Маскву. У аналізах Гебрава знайшлі сляды рэчываў, характэрных для атручвання нервова-паралітычным прэпаратам тыпу "Навічок". Такім жа рэчывам былі атручаны Скрыпалі.

Пасля паведамлення брытанскай прэсы аб тым, што Фядотава падазраюць у дачыненні да атручвання ў Солсберы, улады Баўгарыі наважылі аднавіць расследаванне атручвання Гебрава. Ён, як і Скрыпалі, выжыў пасля замаху.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках