20 красавiка 2024, Субота, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бунт у Грушаўцы: Менчукі крычалі чыноўнікам «Гэта злачынства!»

14
Бунт у Грушаўцы: Менчукі крычалі чыноўнікам «Гэта злачынства!»

Чым скончылася бурная сустрэча з пратэстоўцамі?

У менскай школе № 3 прайшла сустрэча намесніка кіраўніка раёна і «дэпутатаў» з жыхарамі Грушаўкі ў пытаннях развіцця мікрараёна. Але людзей больш хваляваў лёс Грушаўскага сквера, які ўжо абгарадзілі і з дня на дзень пачнуць высякаць. Што адказваў на пытанні прадстаўнік раённай адміністрацыі – у матэрыяле tut.by.

Перад гэтай сустрэчай актывісты раёна сустрэліся з кіраўніцай «савета рэспублікі» Наталляй Качанавай, якая цяпер упаўнаважаная пры Лукашэнку ў справах у Менску. Мясцовых хвалявала пытанне захавання Грушаўскага сквера, частку якога яны могуць страціць праз будаўніцтва шматпавярховага дома з падземнай паркоўкай «Гранд Хаус». Актывісты абгрунтавалі дакументамі парушэнні пры забудове. Качанава паабяцала падняць паперы і разабрацца, а таксама пабываць на месцы асабіста.

Нагадаем, раней мясцовыя ўжо рабілі спробы адстаяць сквер. Выходзілі на акцыі, выклікалі міліцыю на будаўнікоў, якія ставілі плот, звярталіся ў відэазапісе да Лукашэнкі.

Чаму абураныя жыхары Грушаўкі?

Вытлумачым коратка, што менавіта абурае жыхароў раёна. Паводле дзейнага праекту дэтальнага планавання ніякай забудовы на месцы сквера быць не павінна, але на кадастравай мапе ўжо адзначаны надзел пад будаўніцтва, які «напаўзае» на частку сквера.

Таксама звернем увагу на тое, як выдавалася дазвольная дакументацыя.

Пастанову пра будаўніцтва шматпавярховіка «Гранд Хаус» Менгарвыканкам падпісаў 29 лістапада 2019 года. Выснову дзяржаўнай экспертызы забудоўнік атрымаў 5 снежня 2019 года. Пры гэтым грамадскага сходу датычна гэтага пытання не праводзілася. Праект, які збіраліся выносіць на абмеркаванне, у пачатку снежня адправілі на дапрацоўку. Пры гэтым яшчэ ў лістападзе ў анонсе прэзентацыі была схема, дзе на Грушаўскі сквер ужо наступала забудова. Праект да гэтага часу не дапрацаваны і не пададзены на прэзентацыю.

Пытанні ад жыхароў і адказы ад Танкевіча

Вечарам, ужо на сустрэчы з намеснікам кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна, было шматлюдна. У зале ледзь змясцілася блізу сотні чалавек. Інтарэсы мясцовых жыхароў прадстаўляў актывіст, які першым задаў пытанні чыноўніку і паказаў на праблемы.

Вось ягоныя тэзісы і пытанні.

Паводле Закону «Аб раслінным свеце», да зацвярджэння схемы азеляненні тэрыторый забаронена памяншаць іх плошчу, асабліва калі ў раёне не выконваецца нарматыў забяспечанасці азелянення тэрыторый агульнага прызначэння (для раённага маштабу гэта 8-10 «квадратаў» на чалавека). А ў межах раёна забудовы па праспекце Дзяржынскага, вуліцах Жукава і Чыгуначная гэты параметр – 1,2 «квадрата».

У 2012 годзе Грушаўскі сквер плошчай 2,16 га перадалі Зеленбуду. Цягам года яны павінны былі стварыць пашпарт сквера (у яго ўваходзіць працоўны дзённік і план азелянення тэрыторый). Пашпарт абнаўляецца не радзей як раз на пяць гадоў. Але пашпарта няма да гэтага часу, ён толькі распрацоўваецца.

Незразумела, на падставе чаго для забудовы перадалі частку сквера, калі ў яго няма пашпарта, а значыць, – няма дакладных межаў. Акрамя таго, да гэтага часу дзейнічае ПДП ад 2004 года.

Чаму знеслі кінатэатр «Аванград», калі дзейны ПДП прадугледжвае рэканструкцыю.

Акрамя гэтага, у дакументах мяняюцца і межы сквера.

На гэтыя і іншыя пытанні Танкевіч шмат разоў за сустрэчу адказваў так:

– Дзяржаўная экспертыза праверыла ўсе тэхнічныя і нарматыўныя акты і дала станоўчыя высновы. Без наяўнасці дакументаў і адпаведнасці экспертызы б гэтай не было. У мяне няма права сумнявацца ў гэтым дакуменце, у мяне няма права яго правяраць.

Людзі на гэта рэагавалі бурна. Адны крычалі: «Заканадаўства ў нас ніхто не выконвае – ні вы, ні Галоўбудэкпертыза!», а іншыя: «Гэта ж злачынства!».

Але ў сутнасці адказаў на набалелыя пытанні пра Грушаўскі скверы людзі так і не пачулі.

Дапрацоўкі ў ПДП, кампенсацыйныя пасадкі, сын Танкевіча ў «Датч Стар»

Дапрацоўкі ў ПДП, паводле словаў Танкевіча, яшчэ будуць разглядацца на новым грамадскім абмеркаванні.

Адзінае, што змог пракаментаваць чыноўнік – гэта план кампенсацыйных пасадак. У межах, адведзеных для «Датч Стар», захаваюць 34 дрэвы, перасадзяць 15, 40 выдаляць – з іх шэсць старых таполяў, 18 аварыйных. Забудоўнік абавязаны будзе высадзіць 120 дрэваў. Паводле словаў Танкевіча, – у скверы.

Некаторыя людзі таксама пыталіся, як апынулася, што сын Уладзіміра Танкевіча працуе ў кампаніі забудоўніка «Датч Стар». Чыноўнік адмовіўся гэта каментаваць.

Перспектывы раёна, абяцаныя адміністрацыяй

Людзей цікавілі і іншыя пытанні: неўладкаванасць інфраструктуры ў густанаселеным раёне, няспраўнасць, доўгія абяцанні зносу дамоў, праз якія нельга зрабіць рамонт, сітуацыя з дзіцячымі садамі.

У адпаведнасці з перспектыўным планам, у раёне з'явяцца тры дзіцячыя садкі: на вуліцы Шчорса, на Грушаўскай – дзе знаходзіцца школа № 105, у якой пройдзе рэканструкцыя, на Папаніна – на месцы кінатэатра «Авангард». Заказніка будаўніцтва знайшлі толькі на апошні надзел – гэта будзе «Датч Стар». Пачаць будоўлю плануюць у 2020-м, а скончыць у 2023 годзе.

Новую школу на 1020 месцаў з басейнам пабудуюць у 2024 годзе на вуліцы Разінскай. Пакуль вядуцца праектныя працы, заказнікам будаўніцтва прызначаны «УКБ Захад». Пасля таго як здадуць новы аб'ект, рэканструююць школы № 105 і № 3.

На скрыжаванні вуліцаў Шчорса і Грушаўскай пабудуюць паліклініку. Гандлёвы цэнтр узвядуць на вуліцы Парашутнай – пад яго знясуць два баракі, пляцоўка сыдзе з аўкцыёну.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках