20 красавiка 2024, Субота, 5:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Le Figaro: Пуцін страціў упэўненасць, ягонае кіраванне падыходзіць да канца

7
Le Figaro: Пуцін страціў упэўненасць, ягонае кіраванне падыходзіць да канца

Кіраўнік РФ зрабіў шэраг сур'ёзных памылак.

На думку Ёрга Бабероўскі і Карла Шлегеля, двух гісторыкаў, якія спецыялізуюцца на Расеі, Пуцін не здольны забяспечыць годнае жыццё свайму насельніцтву, нават нягледзячы на тое, што Расея стала вельмі сучаснай, – піша Le Figaro са спасылкай на Еўрапейскі газетны альянс LENA (пераклад – inopressa.ru).

"...Я не хачу, каб зацыкленасць на Пуціне запляміла мой вобраз Расеі, той вобраз, які перш за ўсё сфармаваўся дзякуючы расейскай культуры, а таксама знаёмству з той краінай, якую я ведаў. Гэта і ёсць сапраўдная Расея. Я не хачу, каб вялізная краіна з яе багатай гісторыяй знікла ў цені яе кіраўніка", – кажа Карл Шлегель.

"...Маладыя людзі вельмі крытычна ставяцца да Пуціна. Ён ва ўладзе ўжо 20 гадоў, яны больш нікога не ведаюць. Цяпер яны хочуць большай адкрытасці, хочуць мець магчымасць удзельнічаць у палітычных пастановах і не быць сціснутымі ў сваёй сацыяльнай мабільнасці. Такія пажаданні не падзяляюцца старэйшымі пакаленнямі. І гэта зразумела, таму што людзі вымяраюць тую якасць жыцця, якую яны маюць сёння ў параўнанні з той, якую яны мелі раней. Між тым правінцыя знаходзіцца ў цалкам іншай сітуацыі, чым буйныя гарады", – паказвае Ёрг Бабероўскі.

"Ганебна ўважаць 90-я гады перыядам хаосу і анархіі, як гэта робіцца ў афіцыйнай прапагандзе. У той час краіна атрымала велізарны імпульс развіцця. Мільёны людзей мабілізаваліся для абароны сваіх інтарэсаў, каб пакласці канец хаосу і крызісу. Гэта быў час абнаўлення, хай нават змены апынуліся няўдалымі. Цяпер ёсць іншая Расея – паглядзіце на твары маладых людзей – якая жыве за межамі пуцінскага свету. Яны больш не баяцца, у іх ёсць кантакты з замежнікамі, яны падарожнічаюць па свеце, у Бангкок, Сіднэй, Лос-Анджэлес, Берлін, яны ведаюць, як гэта – мець магчымасць весці нармальнае жыццё. Яны вяртаюцца адтуль змененыя. Гэта надзвычайны культурны працэс. З іншага боку, Пуцін па-ранейшаму ўважае сябе распараднікам гульні, але ягонае кіраванне падыходзіць да канца", – мяркуе Шлегель.

"...Памылка, якую здзейсніў Пуцін, была ў тым, што ён не даў усяму, што магло скласці сілу гэтай велізарнай краіны – інстытутам, незалежным розумам – магчымасць выказаць сябе. Чым гэта скончыцца? Маладая эліта, у якой так мае патрэбу краіна, з'язджае з Расеі. Больш за два мільёны чалавек пакінулі краіну. Амаль столькі ж людзей уцяклі з Расеі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Што гэта за ўрад, які дазваляе столькім актыўным людзям з'язджаць? І гэта пры тым, што паўсюль распаўсюджваюцца непрыстойна шыкоўныя гандлёвыя цэнтры і хмарачосы, пабудаваныя на нафтадаляры", – аналізуе Шлегель.

"Я не разумею, як можна прыйсці да высновы, што Пуцін чароўны. Ён даволі няспраўны, яму не хапае ўпэўненасці. І ён зусім не вялікі прамоўца. Калі ён і зачароўвае, то дзякуючы сваёй настойлівасці і свайму поспеху", – пярэчыць Бабероўскі.

"...У сістэме ўлады, якая зводзіцца да аднаго чалавека, узнікае праблема стабільнасці. І ніхто не можа ведаць, што адбудзецца. Калі няма інстытутаў для арганізацыі транзіту ўлады, то сітуацыя можа стаць вельмі небяспечнай – як для Расеі, так і для астатняга свету. Паўночная Амерыка можа ператварыцца ў попел за 30 хвілінаў, што ўжо казаць пра Еўропу. У 2014 годзе падчас эйфарыі або трансу, якія панавалі вакол Крыма, Пуцін згадаў пра генетычны код расейскага народа і пра перавагу нацыянальнага калектыўнага пачуцця над індывідуалізмам Захаду, а таксама пра прыгажосць гераічнага самаахвяравання як пра годнасць расейскага народа. Калі сітуацыя застаецца адкрытай, ёсць толькі адно выйсце: захоўваць пільнасць і быць гатовымі да ўсяго, адказваць на выклікі свайго часу і ўзбройвацца", – вынікуе Карл Шлегель.

"Гісторыкі ў прынцыпе не маюць права рабіць прагнозы. Аўтарытарныя рэжымы заўсёды сутыкаліся з дылемай, баючыся, што арганізацыя іх пераемнасці нанясе шкоду кіроўнаму лідару і выкліча канфлікты паміж групамі. Пуціну варта трымаць гэтае пытанне адкрытым да канца, калі ён не хоча, каб яго скінулі раней часу. Усё ж я думаю, што жыццё ў Расеі зменіцца. Таму што дзеці тых, хто вырас у пуцінскай Расеі, зробленыя з зусім іншага дрэва, чым аўтарытарныя савецкія грамадзяне з мінулага. Што б ні здарылася, лепш, каб аўтарытарныя рэжымы паступова трансфармаваліся знутры", – сцвярджае Ёрг Бабероўскі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках