24 красавiка 2024, Серада, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ложак Цэслера і маўзер Дзяржынскага

22
Ложак Цэслера і маўзер Дзяржынскага
ІРЫНА ХАЛІП

Дзяржаўныя гопнікі вельмі любяць «абносіць» чужыя хаты.

Рэжым, вядома, крывавы, але галоўнае ў ім усё ж іншае. Ягоная аснова – гопніцтва. Ягонае стаўленне да беларусаў – «адціснуць» і зняважыць. Ягоныя чыноўнікі ашываюцца ў падваротнях у чаканні ахвяры, каб адабраць у яе кашалёк для наступнага набыцця партвейну і абавязкова сказаць: «Чо, ты ў кашнэ? Думаеш, ты тут самы разумны? Давай сваё кашнэ, і порткі заадно здымай фірмовыя!»

Акрамя нападаў у падваротнях, дзяржаўныя гопнікі вельмі любяць «абносіць» чужыя хаты. Цяпер яны пайшлі ў майстэрні мастакоў і дызайнераў, у офісы грамадскіх арганізацый, каб іх абрабаваць. Схема простая, як светапогляд гопнікаў: наляцець нечакана, як рэйд савецкіх дружыннікаў у студэнцкі інтэрнат, і заявіць: «У вас тут непарадак, ганіце бабкі або вымятайцеся». У Цэслера непарадкам стаў ложак: на ім можна ляжаць, пляваць у столь і з натуршчыцай паводзіць сябе непрыстойна. А сапраўдны мастак павінен працаваць стоячы, як у кіно паказваюць: заміраць ля мальберта з пэндзлем, потым адыходзіць, доўга глядзець з прыжмурваннем, а пасля зноў падыходзіць і кідаць на палатно шчодрыя мазкі. Прыблізна так абавязаны дзейнічаць мастак. А ложак – гэта не толькі непарадак, але і нагода здзерці ў чатыры разы даражэй за арэнду. Ці ўвогуле пералічыць арэндную плату за ўсе папярэднія гады, як гэта здарылася з дызайнерам Максімам Карасём – у яго ў майстэрні непарадкам стала швачная машынка. А яшчэ сучасныя гопнікі асвоілі сацыяльныя сеткі, пашукалі там Максіма і ўбачылі, што ён, апроч усіх сваіх грахоў кшталту неналежнага прадмета ў майстэрні, яшчэ і майстар-класы ў працы са скурай дае. Комерс, значыць. І задняй датай яму выставілі рахунак на 98 тысячаў рублёў.

Ложак Цэслера хутка, адчуваю, стане такім самым мемам, як маўзер Дзяржынскага. Дапускаю, што, выставіўшы яго на аўкцыён («Лот нумар адзін, той самы ложак Цэслера!»), ён мог бы зарабіць на арэндзе ўсіх гарадскіх майстэрняў. Ды і ў прынцыпе напэўна мог бы заплаціць чынш гопнікам. Але ў гэтай гісторыі галоўнае – не грошы.

Жыве на нашай планеце геніяльны музыка Андрэй Гаўрылаў. Мабыць, сёння ён піяніст нумар адзін у свеце. У Гаўрылава грамадзянства чатырох дзяржаваў: Расеі (з нараджэння), Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і Швэйцарыі. Навошта, здавалася б, чалавеку столькі пашпартоў? А ён іх і не прасіў, вось у чым штука. Ангельшчына, Нямеччына і Швэйцарыя самі прапанавалі. Таму што выбітныя грамадзяне – гэта гонар для любой дзяржавы. Адсюль спрэчка сямі антычных гарадоў за права называцца радзімай Гамера. І нармальная дзяржава сваіх выбітных грамадзянаў шануе. А яшчэ – дапамагае і палягчае ім жыццё незалежна ад таго, патрэбная ім дапамога ці не. Дык вось, Уладзімір Цэслер – з таго самага спісу выбітных беларусаў. У Вялікай Брытаніі ён ужо быў бы сэрам Цэслерам. У нас жа да яго прыходзяць гопнікі і патрабуюць грошай за ложак у куце. А не было б ложка – запатрабавалі б за тое, што ён, да прыкладу, у шапцы. Або без шапкі.

І не трэба думаць, што раз да Цэслера пасля паднятай інфармацыйнай хвалі зайшоў у майстэрню брыгадзір гопнікаў – старшыня КДК Анфімаў – і паабяцаў «парашыць пытанне», то гэта трэба расцэньваць як добры знак. Па-першае, таму што ўся гэтая брыгада абмяркоўвае выключна грашовы бок, але ёй нават у галаву не прыходзіць як мінімум папрасіць прабачэння за хамскія паводзіны. Па-другое, таму што Цэслер ужо заплаціў ім за найбліжэйшы месяц 1500 даляраў замест ранейшых 400. Па-трэцяе, ён пачаў працаваць у той майстэрні яшчэ пры бальшавіках, і за гэтыя гады дзяржава – беручы да ўвагі ўсе заслугі мастака, усе ягоныя працы, якія сталі знакамітымі на ўвесь свет, – магла б і падараваць яму майстэрню. Або здаваць у арэнду за сімвалічны рубель. І казаць: ну і хай мы бедная краіна ў эканамічным тупіку, затое ў нас ёсць Алексіевіч, Цэслер і World of Tanks.

Я разумею, вядома: грошай няма настолькі, што ў падваротні ужо няма каго рабаваць, і адзінае выйсце – ісці па дамах. Пакуль гопнікі паспрабавалі новую тактыку на майстэрнях. Але хутка яны прыйдуць і да нас дадому, будзьце ўпэўненыя. І скажуць, што фортка адчыненая на лішнія дзесяць сантыметраў шырэй, чым дазволена. Або што карціна вісіць на паўднёва-ўсходняй сцяне, а гэта забаронена трэцім параграфам. Так што нам час барыкадавацца. І я зусім не маю на ўвазе барыкады ў кватэры.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках