24 красавiка 2024, Серада, 20:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогера «Шэрага ката» выклікалі ў міліцыю

11
Блогера «Шэрага ката» выклікалі ў міліцыю
ЗМІЦЕР КАЗЛОЎ

Усяго Дзмітрый Казлоў атрымаў 105 дзён арышту.

Блогера Змітра Казлова («Шэры кот»), які 21 студзеня выйшаў на свабоду пасля 25 дзён арышту, зноў выклікалі ў міліцыю. Начальнік міліцыі горада Барані Ваўчкоў папрасіў Казлова прыйсці для азнаямлення з пастановай суда, які прыйшоў з Менску. «Шэры кот» плануе пайсці ў міліцыю а 14 гадзіне 24 студзеня, паведамляе spring96.org.

Імаверна, міліцыянт меў на ўвазе пастанову суда Маскоўскага раёна Менска ад 26 снежня, згодна з якім блогер атрымаў яшчэ 15 дзён арышту. Пра гэта ён даведаўся толькі 23 студзеня.

На думку Казлова, ёсць вялікая імавернасць, што з міліцыі яго адправяць у ізалятар далей адбываць арышты, якіх у яго засталося 80. «Шэры кот» плануе прыйсці ў міліцыю з усімі неабходнымі для гэтага рэчамі.

Нагадаем, што Зміцер Казлоў быў затрыманы ўвечары 25 студзеня. На наступны дзень у судзе Аршанскага раёна, яго асудзілі за заклікі да ўдзелу ў акцыі 7 снежня і адправілі адбываць 15 дзён адміністратыўнага арышту. Падчас знаходжання пад вартай яго асудзілі яшчэ пяць разоў, і на кожным судзе ён атрымліваў новыя 15 дзён. Увечар 21 студзеня блогер нечакана выйшаў на свабоду. Казлоў растлумачыў, што яго часова адпусцілі, паведаміўшы, што ў ізалятары нібыта будзе праводзіцца дэзінфекцыя.

За што і калі судзілі «Шэрага ката»?

26 снежня, суд Аршанскага раёна - 15 дзён за заклікі да ўдзелу ў акцыі 7 снежня.

26 снежня, суд Маскоўскага раёна Менска (завочна) - 15 дзён за ўдзел у акцыі 7 снежня.

9 студзеня суд Аршанскага раёна - 15 дзён за ўдзел у акцыі 21 снежня.

10 студзеня суд Аршанскага раёна - 15 дзён за ўдзел у акцыі 20 снежня.

13 студзеня суд Аршанскага раёна - 15 дзён за заклікі да ўдзелу ў акцыі 29 снежня.

15 студзеня суд Аршанскага раёна - 15 дзён за заклікі да ўдзелу ў акцыі 21 снежня.

16 студзеня суд Аршанскага раёна - 15 дзён за заклікі да ўдзелу ў акцыі 20 снежня.

27 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Менска павінен адбыцца суд за ўдзел у акцыі 8 снежня.

Усяго блогер атрымаў 105 дзён арышту.

Беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з заявай з нагоды адміністрацыйнага пераследу Змітра Казлова. Праваабаронцы выказваюць пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту блогера і патрабуюць скасавання ўсіх вынесеных у дачыненні да Змітра пастаноў. Яны нагадваюць, што ў выпадку прадаўжэння арышту блогер будзе ўважацца за палітычнага зняволенага, як і астатнія арыштаваныя ўдзельнікі мірных акцый.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках