19 лютага 2020, Серада, 4:05
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Навукоўцы: З сівізной можна будзе змагацца без фарбы

11
Навукоўцы: З сівізной можна будзе змагацца без фарбы
Фота: Getty Images

Адкрыццё было зробленае выпадкова.

Навукоўцы з ЗША і Бразіліі сцвярджаюць, што вызначылі біялагічны механізм пасівення ў выніку стрэсу. Адкрыццё ў перспектыве можа дапамагчы спыніць гэты працэс, не звяртаючыся да афарбоўвання валасоў, паведамляе ВВС.

Людзі і раней думалі, што сівеюць з дзвюх прычын: ад узросту і ад моцнага гора, страху і болю. Ніякіх сродкаў ад яго, акрамя фарбы, пакуль не прыдумана.

Цяпер гэта навукова пацверджана: падчас эксперыментаў даследнікі з універсітэтаў Гарварда і Сан-Паўлу давялі, што за выпрацоўку рэчыва меланін, якое надае афарбоўку валасам і скуры, адказваюць пэўныя ствалавыя клеткі (меланацыты), і што яны інтэнсіўна руйнуюцца ад стрэсу. Вынікі іх даследавання апублікаваныя ў часопісе Nature.

Мужчыны і жанчыны могуць пачаць сівець ва ўсякім узросце пасля 30 з невялікім гадоў. Час пачатку і тэмпы гэтага працэсу вызначаюцца ў асноўным спадчыннасцю: тое, у якім узросце пасівелі вашы бацькі, можа падказаць, калі гэта здарыцца з вамі.

Пэўную ролю ў гэтым адыгрывае і перажыты стрэс, аднак дагэтуль навукоўцы не цалкам разумелі, як менавіта ён уплывае на сівізну валасоў.

Адкрыццё было зробленае выпадкова: падчас доследаў на мышах даследчыкі заўважылі, што цёмная афарбоўка ў грызуноў, якія зведалі моцны страх або боль, змянілася на зусім белую за некалькі тыдняў.

«Шкода незваротная»

Боль або моцныя негатыўныя эмоцыі выклікаюць у арганізме выкід адрэналіну і кортызолу, ад чаго ўзмацняецца сэрцабіцце, падскоквае крывяны ціск, а таксама гінуць меланацыты, якія змяшчаюцца ў валасяных цыбулінах.

«Мы заўсёды ведалі, што моцны стрэс шкодны для арганізма, але не меркавалі, наколькі, - кажа гарвардскі прафесар Я Цыесу. - А галоўнае, цяпер мы разумеем, як працуе гэты механізм».

Ад болю і страху цёмныя мышы сівелі за некалькі тыдняў, пры гэтым клеткі, якія вырабляюць пігмент, цалкам адміралі ў першыя ж дні.

«Пасля таго, як гэтыя клеткі цалкам адміраюць, аднавіць пігментацыю ўжо немагчыма - прычыненая шкода незваротная», - кажа навуковец.

Параўноўваючы гены паддоследных мышэй і тых, якія не ўдзельнічалі ў эксперыменце, навукоўцы ўстанавілі, што хімічныя рэакцыі, якія вядуць да гібелі меланацытаў, абумоўлены наяўнасцю пэўных бялкоў - цыклінзалежных кіназ.

Падчас далейшых эксперыментаў высветлілася, што іх дзеянне блакуюць некаторыя прэпараты, якія звычайна выкарыстоўваюцца для зніжэння ціску.

Блакаванне гэтых бялкоў дазваляла спыніць змену афарбоўкі шэрсці ў мышэй.

МЫШ ДА І ПАСЛЯ Болевага Стрэсу

Вынікі даследавання даюць надзею на стварэнне эфектыўнага «прэпарату ад пасівення» - як стрэсавага, так і ўзроставага.

У інтэрв'ю BBC прафесар Я Цыесу папярэдзіў, што навука знаходзіцца толькі ў самым пачатку гэтага шляху і што вярнуць прыродны колер валасам тых, хто ўжо пасівеў, мяркуючы з усяго, не атрымаецца.

Акрамя таго, са слоў прафесара, гэта даследаванне дае ўяўленне пра тое, як стрэс можа негатыўна ўплываць на самыя розныя часткі арганізма.