19 красавiка 2024, Пятніца, 4:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Дзмітрый Казлоў - палітвязень з адміністрацыйнымі артыкуламі

3
Deutsche Welle: Дзмітрый Казлоў - палітвязень з адміністрацыйнымі артыкуламі

Міжнародныя СМІ аб тым, як блогеру з Воршы вынеслі беспрэцэдэнтнае пакаранне.

У пятніцу, 24 студзеня, блогеру з Воршы Змітру Казлову патэлефанавалі з міліцыі і запрасілі ў аддзяленне. Там яму ўручылі позву з патрабаваннем з'явіцца 27 студзеня ў Ленінскі суд Менска для разгляду ягонай чарговай адміністрацыйнай справы - восьмай па ліку.

Апошнія чатыры дні 31-гадовы Казлоў, як ён распавёў Deutsche Welle, хадзіў са спецыяльнай торбай, у якой сабранае ўсё неабходнае для адбыцця тэрміну. Яе напаўненне чымсьці нагадвае так званы "трывожны чамаданчык", які ў 1930-я гады быў у кожнай савецкай сям'і, якая чакала рэпрэсій: цёплая вопратка, цукар, чай, кава. Пасля 26 дзён зняволення ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) 20 студзеня блогера выпусцілі, бо ў ІЧУ быў выяўлены выпадак дызентэрыі. Але пры гэтым з Казлова ўзялі распіску, што на першае патрабаванне міліцыі ён вернецца адбываць вынесенае яму пакаранне - яшчэ 79 дзён адміністрацыйнага арышту.

Прысуды на 105 дзён арышту

Зміцер Казлоў - аўтар YouTube-канала "Шэры кот". За заклікі ўзяць удзел у акцыях пратэсту супраць "інтэграцыі" Беларусі і Расеі, якія змяшчаліся ў ягоных відэароліках і якія прайшлі ў Менску ў снежні, у дачыненні да Казлова былі складзеныя восем адміністрацыйных пратаколаў. Сем з іх ужо былі разгледжаныя судамі Менска і Воршы, і кожны раз выносілася аднолькавае пакаранне - 15 дзён арышту. Агулам набегла 105 дзён.

Зміцер Казлоў жыве адзін у пасёлку Барані, у шасці кіламетрах ад Воршы, таму пра ягоны арышт стала вядома не адразу. Аршанскі каардынатар праваабарончага цэнтра "Вясна" Ігар Казмерчак распавядае, што першымі забілі трывогу беларускія блогеры, з якімі Казлоў павінен быў выйсці на сувязь. Калі гэтага не адбылося, яны паведамілі пра гэта праваабаронцам, і тады пачаліся пошукі блогера.

Як высветлілася, яго затрымалі яшчэ 25 снежня, на каталіцкія Каляды, якія ў Беларусі святкуюцца афіцыйна. У святочнай мітусні, кажа Казмерчак, міліцыя не ішла на кантакт, і толькі па нефармальных каналах удалося даведацца, што блогер адбывае 15-дзённы арышт за ўдзел у акцыі пратэсту.

А 9 студзеня блізу дзевяці вечара, прадаўжае праваабаронца, ён і калегі прыйшлі сустракаць Змітра Казлова да брамы мясцовага ІЧУ. Але Казлоў адтуль не выйшаў. Міліцыянты адмовіліся што-небудзь каментаваць. У адказ адзін з актывістаў пайшоў пісаць заяву іх начальству аб знікненні чалавека. "І толькі тады праваахоўнікі патлумачылі, што блогер сядзіць наступныя 15 дзён паводле іншага пратакола", - узгадвае Ігар Казмерчак.

Палітвязень з адміністрацыйнымі артыкуламі

Зміцер Казлоў прызнаецца, што не чакаў такога развіцця падзей. З ягоных слоў, ён разумеў, што яго абавязкова арыштуюць перад Новым годам, і маральна быў гатовы сустрэць святы за кратамі. Але калі зразумеў, што давядзецца затрымацца там на некалькі месяцаў, быў проста ашаломлены. Тым не менш ніякага шкадавання ён не выказвае: "Падчас працэсу я проста суддзі сказаў, што ўважаю сваю місію палітычнага блогера выкананай".

У Аршанскім ІЧУ тры першыя дні Казлоў трымаў галадоўку, і адміністрацыя палічыла за лепшае перавесці яго ў двухмесную камеру. Там былі звычайныя нары з матрацам і пасцельнай бялізнай, у двух швэдрах можна было знаходзіцца ў камеры без курткі. Харчаванне, са слоў блогера, карысным не назавеш, але і пачуцця голаду не было. Умовы ўтрымання ў ІЧУ Казлоў называе ніштаватымі.

Намеснік старшыні цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч канстатуе, што выпадак Змітра Казлова ўнікальны. Адзінаццаць праваабарончых і грамадскіх арганізацый 21 студзеня распаўсюдзілі супольную заяву, у якой падкрэслівалася, што блогер прызнаны палітычным зняволеным.

Раней у дачыненні да асуджаных у адміністрацыйных справах такой практыкі не было, паказвае Стэфановіч, але гэты выпадак, на ягоную думку, цалкам адпавядае ўсім крытэрам для статусу палітвязня.

Тры месяцы адміністрацыйнага арышту, прадаўжае Стэфановіч, супамерныя крымінальнаму пакаранню. Але ёсць розніца: крымінальны трохмесячны арышт адбываюць у арыштным доме, дзе ўмовы больш прыстасаваныя для працяглага знаходжання зняволенага, а ІЧУ - гэта найгоршы варыянт для асуджаных.

Помста ўладаў блогеру за ягоную актыўнасць

У беларускім заканадаўстве існуе норма, згодна з якой некалькі адміністрацыйных пратаколаў паводле аднаго інцыдэнту аб'ядноўваюцца ў адну справу, а агульнае пакаранне ў такіх выпадках не можа перавышаць 25 дзён.

Але міліцыянты, мяркуе Валянцін Стэфановіч, спецыяльна не накіроўваюць у суд пратаколы ўсе разам, а чакаюць, пакуль скончыцца адзін 15-дзённы тэрмін, пасля чаго ў судзе разглядаецца наступны пратакол, і Казлоў зноў атрымлівае 15 дзён арышту. На жаль, паскардзіўся намеснік старшыні "Вясны", Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (КоАП) не забараняе паступаць такім чынам.

Стэфановіч звяртае ўвагу яшчэ на адно сумнеўнае "ноў-хаў" беларускіх праваахоўнікаў. Падчас пратэстаў міліцыя нікога не затрымлівала, але пазней ідэнтыфікавала іх удзельнікаў па відэазапісах. І калі раней апазіцыянераў судзілі па месцы правапарушэння, то цяпер пратаколы рассылаюцца па месцы жыхарства. Гэтым і тлумачыцца блытаніна ў тэрмінах Казлова. Частка прысудаў была вынесеная судамі Менска, а іншая палова - у Воршы.

Сам блогер мяркуе, што міліцыя абрала хітрую тактыку. Ніводзін адвакат, са слоў Казлова, не змог патлумачыць, які прававы статус мае ягоная распіска намесніку начальніка ІЧУ, у якой Казлоў паабяцаў, што вернецца даседжваць тэрмін на першае патрабаванне. А запрашэнне гэта зрабіць, мяркуе ён, магчыма, паступіць за месяц да наступнай акцыі пратэсту - гэта будзе "Дзень Волі", які штогод адзначаецца апазіцыяй 25 сакавіка.

Юрыст Магілёўскага праваабарончага цэнтра (МПЦ) Барыс Бухель упэўнены, што ўлады помсцяць блогеру за ягоную палітычную актыўнасць. Аб YouTube-канале "Шэры кот" загаварылі ў 2017 годзе падчас вулічных пратэстаў супраць прэзідэнцкага дэкрэту "аб дармаедах". Зміцер Казлоў тады вёў свае стрымы не толькі з правінцыйнай Воршы, але і з Магілёва і іншых гарадоў. Яго жывыя трансляцыі хутка збіралі тысячы праглядаў, а сам блогер стаў прыкметнай фігурай.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках