20 красавiка 2024, Субота, 18:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрыдычная каманда Трампа пачала падаваць у Сенаце аргументы супраць імпічменту

Юрыдычная каманда Трампа пачала падаваць у Сенаце аргументы супраць імпічменту

У Белым доме ўважаюць, што Палата прадстаўнікоў не прывяла важкіх довадаў на карысць адхілення прэзідэнта ЗША ад улады.

У суботу юрысты прэзідэнта ЗША пачалі падаваць свае аргументы ў абарону Дональда Трампа, пасля таго, як абвінавачванне, чые функцыі ў разглядзе выконваюць мэнэджары імпічменту, падала сенатарам свае довады супраць прэзідэнта, паведамляе «Голос Америки».

Раней на гэтым тыдні прэзідэнт Дональд Трамп ізноў абрынуўся ў сваім Твітары на дэмакратаў, абвінаваціўшы іх у несправядлівасці і ў злоўжываннях пры спробе адхіліць кіраўніка дзяржавы ад пасады.

«Дэмакраты не далі нам ні адвакатаў, ні аднаго сведкі, але цяпер яны патрабуюць, каб рэспубліканскі Сенат падаў сведак, пра якія Палата прадстаўнікоў нават... баялася спытаць? У іх быў шанец, але яны аддалі перавагу спешцы. Самыя несправядлівыя і перакручаныя слуханні ў гісторыі Кангрэса!» - напісаў прэзідэнт.

Юрыдычная каманда прэзідэнта плануе агрэсіўна абараняць Трампа - у Белым доме сцвярджаюць, што прэзідэнт не здзейсніў ніякіх правапарушэнняў, дастатковых для абвяшчэння яму імпічменту, і таму павінен быць апраўданы.

«Прэзідэнт не здзейсніў абсалютна нічога супрацьзаконнага, і гэтыя артыкулы імпічменту нават блізка не стаялі побач са стандартамі, прытрымлівання якіх патрабуе Канстытуцыя», - заявіў у аўторак Пэт Сіпалоне, галоўны юрысконсульт Белага дома, адкрываючы слуханні ў Сенаце.

У сераду ўдзень дэмакраты з Палаты прадстаўнікоў пачалі выкладаць свае аргументы ў падтрымку імпічменту ў Сенаце, спрабуючы пераканаць сваіх калег з верхняй палаты Кангрэсу ў тым, што прэзідэнт злоўжыў уладай і таму павінен быць адхілены ад улады.

«Мы - краіна, заснаваная на прыхільнасці нашаму народу, а не на нязменнай лаяльнасці прэзідэнту, які прэтэндуе на званне караля», - заявіў Адам Шыф, галоўны мэнэджар імпічменту, які прадстаўляе Палату прадстаўнікоў у сенацкім разглядзе.

Сіпалоне і яго каманда мяркуюць, што артыкулы імпічменту, што выстаўляюцца дэмакратамі супраць прэзідэнта - гаворка ідзе аб злоўжыванні ўладай і перашкодзе працы Кангрэсу - юрыдычна беспадстаўныя і аднабокія.

Раніцай у сераду сенатары дамовіліся аб тым, што ў кожнага з бакоў будзе па 24 гадзіны, падзеленыя на тры дні, каб падаць пачатковыя аргументы.

«Абарона прэзідэнта, здаецца, будзе абапірацца на наступны аргумент: тое, што я зрабіў, не з'яўлялася асабліва цяжкім злачынствам і правінай, і нават калі з'яўлялася, то гэтага недастаткова для законнага адхілення мяне ад улады», - лічыць Уільям Макдэніел, старэйшы юрысконсульт у адвакацкай фірме Ballard Spahr. Макдэніел прадстаўляў інтарэсы прэзідэнта Біла Клінтана ў час яго імпічменту, а зараз пільна сочыць за ходам разгляду па імпічменту Трампа.

Экспэрты ў галіне канстытуцыйнага права ўсё яшчэ спрачаюцца пра тое, што можна назваць «асабліва цяжкімі злачынствамі і правіннасцямі», за здзяйсненне якіх прэзідэнт тэарэтычна можа быць адхілены ад улады.

«Неразумна пашыраць гэтае паняцце - так можа атрымацца, што ўсё, што вам не падабаецца, будзе станавіцца асабліва цяжкім злачынствам», - кажа Джэймс Блумстайн, прафесар канстытуцыйнага права ва Універсітэце Вандэрбільта. З іншага боку, Блумстайн уважае, што вызначэнне цяжкіх злачынстваў і правін у якасці правапарушэнняў, за якія можа быць абвешчаны імпічмент, можа быць занадта вузкім.

«Але гэта - пытанне абароны і таго, што пераканае сенатараў, і, у канчатковым рахунку, шырокую грамадскасць», - дадае экспэрт, на думку якога зыход цяперашняга разбору стане юрыдычным прэцэдэнтам для будучых прэзідэнтаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках