1 кастрычнiка 2020, Чацвер, 22:18
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Нафтагазавая пастка для Лукашэнкі закрываецца

65
Эканаміст: Нафтагазавая пастка для Лукашэнкі закрываецца

Што Крэмль падрыхтаваў для беларускага дыктатара?

Спецыялісты палічылі, што так званая «альтэрнатыўная нафта», паставак якой тэрмінова запатрабаваў Лукашэнка, абыдзецца Беларусі занадта дорага.

Так, кожная тона нарвежскай нафты, з улікам дастаўкі з тэрміналаў Клайпедскага порта, абыдзецца на $ 130 даражэй за расейскую.

Праз спыненне з 1 студзеня паставак нафты з РФ на дзяржаўным узроўні беларускія НПЗ працуюць на мінімальнай загрузцы. Між тым толькі за мінулы год праз забруджванне «Дружбы» беларускі экспарт нафтапрадуктаў упаў на 1,23 млрд даляраў. Сёлета праз «нафтавую вайну» і падатковы манеўр у РФ, на думку спецыялістаў, страты нашай эканомікі будуць толькі расці.

Эканамісты прагназуюць, што ў такіх умовах неўнікнёны рост унутраных коштаў як на аўтамабільнае паліва, так і на самы шырокі спектр спажывецкіх тавараў. Падобна на тое, гэта ўсведамляе і сам Лукашэнка, які падчас інспекцыйнай паездкі ў Шклоў 24 студзеня заявіў, што беларусы могуць яго «з'есці цягам года». Дыктатар таксама паскардзіўся на тое, што Расея задумала падатковы манеўр з мэтай «націснуць на яго», а на перамовах нядаўні хаўруснік «кінуў» яго ў газе і ў нафце прапанаваў кошты «вышэйшыя за сусветныя».

Ці здольная дарагая нафта абрынуць эканамічную «мадэль» Лукашэнкі? На пытанні Charter97.org адказвае доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.

– Нарвежская нафта апынулася істотна даражэйшая за расейскую. Спецыялісты сцвярджаюць, што гэта ж тычыцца і любых іншых «альтэрнатыўных» паставак. Ці так гэта?

– Вядома, альтэрнатыўная нафта абыдзецца для Лукашэнкі значна даражэй. Загрузка ў танкеры, перавалка ў Клайпедзе, потым чыгункай выйдзе 500 даляраў за тону, у той час як Расея прадае нафту з коштам блізу 400 даляраў за тону. Значыць, улады страцяць у кошце на кожнай тоне нафты не менш за 100 даляраў.

І калі гэта перамнажаць на тую нафту, якая патрэбная (а ўлады хочуць набываць 24 мільёны тонаў за год), то гэта выліецца ў мільярды даляраў.

Вось такі сумны для Лукашэнкі, вядома, факт. Але, па-першае, трэба было дыверсіфікацыяй крыніцаў пастаўкі нафты займацца гадоў 10 таму. Па-другое, трэба было наладжваць нашы нафтаперапрацоўныя заводы на сусветныя кошты.

А ў сённяшняй сітуацыі гэтая менш выгадная лагістыка істотна ўскладніць жыццё і ўладам, і нафтаперапрацоўчым заводам – але нельга на 100% залежаць ад паставак нафты і газу ад адной Расеі. На яе давядзецца ісці.

Вядома ніхто не думае пачаць замяшчаць Расею на 100% – ад Балтыйскага да Чорнага мора. Думаю, што будзе пастаўленая задача атрымліваць палову нафты не ад Расеі – гэта па-першае. Па-другое – улады могуць пайсці на больш дарагія кошты на бензін на ўнутраным рынку. Каб нафтаперапрацоўчыя заводы выжылі, ім давядзецца ісці на істотнае павышэнне маторных паліваў унутры краіны. Не на капейку на тыдзень, а на 2-3 парадкі вышэй.

Думаю, што тут будзе выкарыстоўвацца такая логіка: аўтааматары – людзі не бедныя, раз маюць машыну, і калі захочуць – будуць набываць бензін і з новымі коштамі. Маўляў, у нас і так бензін адзін з самых танных у Еўропе.

З іншага боку, прывучаць нафтаперапрацоўчыя заводы, прадпрыемствы і аўтааматараў да нізкіх коштаў на паліва далей ужо сапраўды немагчыма. Ад гэтага давядзецца сыходзіць.

– Колькі можа страціць беларуская эканоміка, калі праз падаражанне сыравіны экспарт нафтапрадуктаў стане нерэнтабельным?

– Разумееце, ад расейскай нафты адмовіцца цалкам сёння немагчыма.

І наколькі я ведаю, пытанне заключаецца ў тым, што нашы нафтаперапрацоўчыя заводы не хочуць плаціць пастаўшчыкам так званую прэмію, 10 даляраў за кожную тону. Я асабіста мяркую, што гэта няшмат.

Я раіў бы на расейскія ўмовы пайсці і не ўпірацца рогам, як гэта зрабіла наша кіраўніцтва. Але не атрымліваць, паўтаруся, ад Расеі ўсё 100% нафты.

А што тычыцца стратаў для эканомікі на сёння: вядома, страты будуць у любым выпадку на мільярды даляраў.

– Ці прывядзе гэта да падаражання паліва на ўнутраным рынку? Якімі яшчэ наступствы для эканомікі нясе ў сабе гэтая сітуацыя?

– Вядома ж, адмоўныя. Калі аўтааматары, прыватнікі, фізічныя асобы неяк гэта перажывуць, стануць менш ездзіць ці ўвогуле паставяць аўто «на прыкол», то для юрыдычных асобаў, для прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць нафтапрадукты, бензін жа таксама падаражэе.

У сувязі з тым, што для нашых прадпрыемстваў у сярэднім спажыванне энэргарэсурсаў займае 5–7%, гэтае падаражанне можна перажыць, яно амартызуецца. Больш за ўсё пацерпяць тыя прадпрыемствы, якія спажываюць шмат маторнага паліва – перавозчыкі і гэтак далей.

Але даўно трэба было прывучаць эканоміку, нашых людзей жыць з рынкавымі коштамі на нафту. А з халяўнай расейскай нафтавай і газавай іголкі, безумоўна, злазіць трэба было яшчэ раней – катэгарычна і хутка. Інакш Беларусь ніколі не выблытаецца з пазык і будзе ўвесь час стаяць на мяжы страты суверэнітэту.

Мы цяпер на гэтай грані прадаўжаем стаяць, таму што ў Пуціна стратэгія застаецца ранейшай, а з улады ён сыходзіць не збіраецца, як мы бачым.

– Падчас візіту ў Шклоўскі раён Лукашэнка сказаў, што Расея прыдумала падаткавы манеўр з мэтай «націснуць» і хаўруснік «кінуў» яго ў газе і нафце. Як вы пракаментуеце гэтыя заявы?

– Ён заявіў у працэсе гэтых доўгіх перамоваў з Расеяй, што яго «кінулі»? Хм, ён любіць такое моцнае слоўца, гэта, вядома, можна расшыфраваць. У якім сэнсе кінулі? Давайце ўспомнім, як Мядзведзеў, прэм'ер РФ на той момант, у снежні 2018 года выразна выказаўся, а потым і сам Пуцін выказаўся – калі хочаце таннай нафты і таннага газу з коштамі Смаленскай вобласці, так у склад імперыі ласкава просім, і тады будуць танныя кошты, і магчыма, што пазыкі вам таксама даруюць.

А тое, што «кінулі» – ну, можа быць, Лукашэнку нешта там абяцалі на непублічных перамовах. Тут ужо вядомую прымаўку можна прыводзіць: вечна бясплатны сыр у пастцы быць не можа. А цяпер гэтая нафтагазавая пастка для Лукашэнкі закрываецца.

– Чым, на вашу думку, скончыцца гэтая «нафтагазавая вайна»? Ці будзе Расея ўплываць на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі?

– Вядома, інтэграцыйны ціск на Лукашэнку не спыніцца. Ён, хутчэй за ўсё, будзе нават узмацняцца.

У любым выпадку, датычна коштаў на нафту і газ бакам давядзецца неяк дамаўляцца ў найбліжэйшы месяц. А як яны могуць дамовіцца? Я на месцы нашага кіраўніцтва прыняў бы расейскія ўмовы ў коштах на нафту, гэтыя няшчасныя 10 даляраў прэміі за тону. Таму што стратэгія ў паглынанні Беларусі, пакуль у Расеі пуцінская ўлада, не зменіцца.