24 лютага 2020, панядзелак, 7:20
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

«Самалёт абшукаў чалавек у масцы»: Што вядома пра рэйс, з якога знялі пасажыраў

60
«Самалёт абшукаў чалавек у масцы»: Што вядома пра рэйс, з якога знялі пасажыраў
ФОТО: CHARTER97.ORG/ИВАН МЕЖУЙ

З борта «Белавія», які ляцеў па маршруце Менск – Мюнхен, знялі ад 6 да 8 чалавек.

Самалёт па маршруце Менск – Мюнхен 24 студзеня развярнулі на падлёце да Уроцлава і пасадзілі ў Гародні. З борта лайнера знялі як мінімум шэсць чалавек. Партал tut.by сабраў інфармацыю, якая вядомая пра гэты інцыдэнт на дадзены момант.

ФОТА АДНАГО З ПАСАЖЫРАЎ

Дык колькі чалавек знялі з самалёта?

Як паведамляюць пасажыры гэтага рэйса, з борта знялі ад 6 да 8 чалавек. «Зайшоў мужчына ў форме і сказаў: «Я цяпер назаву некаторыя прозвішчы, вы возьмеце свае рэчы і пройдзеце з намі». Назваў 6 чалавек, але фактычна гэта 2 сям'і», – апавёў адзін з пасажыраў. Паводле ягоных словаў, папрасілі выйсці дзве пары, усе яны былі прыкладна аднолькавага ўзросту – блізу 50 гадоў. Пры гэтым адна з параў ляцела разам з дзвюма дзяўчаткамі, якім «на выгляд ад 12 да 16 гадоў». Іх таксама вывелі з самалёта, паведамляюць пасажыры. «Гэтых людзей вывелі. Вайскоўцы (так пасажыры называюць тых, хто быў у форме. – Заўвага. Рэд.) адкрылі некалькі багажных паліцаў каля тых месцаў, дзе сядзелі гэтыя людзі, і пыталіся, чый гэта багаж, не глядзелі, што ўнутры», – апавёў пасажыр.

ФОТА АДНАГО З ПАСАЖЫРАЎ

Паводле ягоных словаў, праз некаторы час назвалі яшчэ два прозвішчы, гэтых пасажыраў таксама папрасілі пакінуць борт. «Прайшло яшчэ хвілінаў 20, як прыйшоў чалавек з закрытым тварам (адзін з паднятых на борт прыкрыў твар шалікам. – Заўвага. Рэд.). Сказалі ўсім са сваімі рэчамі выйсці, нічога не пакідаць. Мы выйшлі ў аўтобус, але ён нікуды не паехаў, проста зачынілі дзверы, мы стаялі. У гэты час было відаць, як па самалёце хадзіў той самы чалавек у масцы і абшукваў яго. Ён вярнуўся і спытаў, хто сядзеў на месцы 6А. Адгукнуўся замежнік. Яму аддалі тэлефон, які ён забыўся ў крэсле», – успамінае адзін з пасажыраў.

Як паведамляецца, прозвішчы тых, каму трэба было выйсці з салона, абвяшчалі праз гучную сувязь. Сярод іх апынуліся два цёзкі былых чальцоў «савета рэспублікі», кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў.

Пры гэтым адзін з пасажыраў заўважыў, што тыя, каго знялі з рэйса, да вылету знаходзіліся разам, гутарылі. «Яны культурна адпачывалі. Ім было весела, трохі шумна, але ўсё ў рамках прыстойнасці», – апавёў пасажыр.

Што кажуць праваахоўнікі

Пасажыры паведамляюць, што на борт падымаліся ад 8 да 10 чалавек. На іх меркаванні, гэта маглі быць прадстаўнікі МУС, КДБ і памежкамітэта. Але ні ў адной з пералічаных установаў нам не змаглі аператыўна пракаментаваць сітуацыю: ні пацвердзіць прысутнасць ці адсутнасць іх прадстаўнікоў на борце, ні назваць лік знятых з рэйса пасажыраў.

Не змаглі даць аператыўны каментар таксама прадстаўнікі «Белавія» і гарадзенскага аэрапорта. Дарэчы, да авіякампаніі ў пасажыраў гэтага рэйса ёсць нямала пытанняў.

ФОТА АДНАГО З ПАСАЖЫРАЎ

Якія пытанні пасажыраў да «Белавія»

Чаму не кармілі? Пасажыры адзначаюць, што іх не кармілі падчас палёту. Пры гэтым трэба браць да ўвагі, што вылет рэйса, мяркуючы з сэрвісу адсочвання маршрутаў і руху лайнераў flightaware, затрымаўся прыкладна на 3 гадзіны. Потым было вяртанне ў Гародню, і ў Мюнхен самалёт прыляцеў толькі ў 21.01 паводле менскага часу (19.01 паводле нямецкага). Гэта значыць палёт доўжыўся блізу 5,5 гадзіны, а з улікам затрымкі ў Менску – блізу 8,5 гадзіны. Звычайна палёт з Менска ў Мюнхен складае блізу 2 гадзінаў. Пасажыры задаюцца пытаннем, чаму іх не пакармілі.

Чаму загадзя не абвесцілі пра вяртанне ў Беларусь? «Праз 1,5 гадзіны пасля вылету з Менска самалёт развярнуўся. Мы праз GPS зразумелі, што мы над Уроцлавам і павярнулі назад у бок Менска. Ніхто з бортправаднікоў не абвесціў гэтую інфармацыю. Проста ціхенька павярнулі назад, – апавёў адзін з пасажыраў. – Я таксама не хацеў падымаць паніку сярод людзей, нічога не сказаў. За 15 хвілінаў да прызямлення пілот абвесціў, што праз тэхнічную няспраўнасць мы вымушаныя зрабіць пасадку ў Гародні: тэхнікі пераканаюцца, што ўсё ок, нас заправяць, і мы паляцім. Чаму не ва Уроцлаве, калі сапраўды тэхнепаладкі, незразумела».

ФОТА АДНАГО З ПАСАЖЫРАЎ

Так знятыя пасажыры далей не паляцелі?

Не, рэйс прадоўжыў рух без іх. «Пасля запраўкі і ператрусу самалёта нас пусцілі ў салон. Пілот абвесціў, што «непаладкі» выпраўленыя, мы паляцім у Мюнхен, але ўжо без знятых людзей», – кажа адзін і пасажыраў.

Паводле непацверджанай інфармацыі, з рэйса B2 899 былі знятыя Пётр Руднік, які са снежня 2008 года да снежня 2014 года займаў пасаду старшыні Магілёўскага абласнога выканальнага камітэта, а таксама Міхаіл Крыштаповіч, які ўваходзіў у «савет pэспублікі».