24 красавiка 2024, Серада, 7:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння 30 гадоў, як беларуская мова зноў стала дзяржаўнай

5
Сёння 30 гадоў, як беларуская мова зноў стала дзяржаўнай

Не саромейцеся карыстацца ёй у паўсядзённым жыцці.

26 студзеня 1990 года ў Беларусі адбылася гістарычная падзея - была адноўленая дзяржаўнасць беларускай мовы. Яна была абвешчаная адзінай дзяржаўнай мовай і паступова пачала пашырацца ва ўсіх сферах грамадскага і палітычнага жыцця, паведамляе «Еўрарадыё».

З нагоды 30-годдзя аднаўлення дзяржаўнасці беларускай мовы Таварыства беларускай мовы апублікавала зварот да беларусаў.

«Мы атрымалі выдатную магчымасць не толькі захаваць сваю мову для нашчадкаў, але і зрабіць яе адной з паўнапраўных моў аб'яднанай Еўропы. На жаль, за апошнія два дзесяцігоддзі ўлада зрабіла ўсё, каб прыбраць родную мову беларусаў з экранаў тэлевізіі, з заканадаўчай сферы і самае страшнае — яна выгнала мову тытульнай нацыі з садкоў і школ, не дала ёй запанаваць у вышэйшай адукацыі. Набіраюць сілу галасы розных «інтэгратараў», якім карціць пазбавіць нас незалежнасці і зноў загнаць у імперыю. Усё больш трывожна гучыць засцярога Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»

Шаноўныя беларусы! Беларуская мова ёсць і будзе заўсёды дзяржаўнай. Не цурайцеся карыстацца ёю ў штодзённым жыцці. Запаўняйце на ёй афіцыйныя паперы, анкеты, іншыя дакументы. Звяртайцеся па-беларуску да дзяржаўных асобаў, ва ўстановы. Паўсюль размаўляйце па-беларуску: годна, упэўнена, ветліва. Пачувайцеся гаспадарамі на сваёй зямлі, думайце і разважайце па-гаспадарску. І нікому не давайце ўсумніцца ў тым, што на Беларусі гучала, гучыць, і будзе гучаць наша спрадвечная беларуская мова», — гаворыцца ў звароце Таварыства беларускай мовы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках