18 красавiка 2024, Чацвер, 23:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму развярнулі самалёт Менск – Мюнхен?

40
Чаму развярнулі самалёт Менск – Мюнхен?
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Сем важных пытанняў пра тое, што адбылося з беларускімі чыноўнікамі.

Гэтую гісторыю абмяркоўваюць ужо другі дзень. У пятніцу, 24 студзеня, рэйс авіякампаніі «Белавія» з Менска ў Мюнхен вылецеў з вялікай затрымкай. І ў палёце нешта пайшло не так. Embraer ужо практычна даляцеў да мяжы з Нямеччынай, але пад Уроцлавам самалёт развярнуўся і паляцеў назад. А вярнуўшыся ў беларускую паветраную прастору, ён сеў у найбліжэйшым аэрапорце – у Гародні, піша kp.by.

Паводле расказаў відавочцаў, пасля пасадкі на борт падняліся памежнікі, якія вывелі з самалёта двух беларускіх чыноўнікаў высокага рангу са сваімі сем'ямі – усяго шэсць чалавек, у тым ліку дзвюх дзяўчынак-падлеткаў. Усіх астатніх пасажыраў праз 20 хвілінаў таксама вывелі і зачынілі ў аўтобусе. У гэты час самалёт абшукаў чалавек у чорнай масцы. Потым пасажыраў – акрамя знятай шасцёркі – вярнулі назад на борт. Пілоты праз гучную сувязь абвесцілі, што «тэхнічныя праблемы ліквідаваныя».

Самалёт зноў вылецеў і паспяхова даляцеў да Мюнхена. Назад у Менск борт прыляцеў у 23:47, спазніўшыся на шэсць з паловай гадзінаў. На наступны дзень борт прадоўжыў выконваць рэйсы – самалёт ужо злятаў у Калінінград і Кішынёў.

У авіякампаніі «Белавія» ад каментароў адмовіліся адразу. Нічога не паведамляюць пакуль таксама памежныя і мытныя службы, няма каментароў і ад МУС, КДБ і СК. У адсутнасці афіцыйнай інфармацыяй стала распаўсюджвацца інфармацыя неафіцыйная. З'явіліся імёны чыноўнікаў, якіх звялі з самалёта: гэта дырэктар «Магілёўскага хімвалакна» Пётр Руднік і дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч.

Хто гэтыя людзі?

62-гадовы Пётр Руднік ачольвае «Магілёўскае хімвалакно» ўжо шэсць гадоў. З 2008 да 2014 года ён з'яўляўся чальцом «савета рэспублікі» і працаваў старшынёй Магілёўскага аблвыканкама. У канцы 2014 года Пётр Руднік трапіў пад крытыку Лукашэнкі. Маўляў, у рэгіёне не атрымалася выпрацаваць сістэмны падыход падбору кадраў:

– Стыль працы, вы самі гэта пацвердзілі, – нікчэмны, – канстатаваў Лукашэнка, звяртаючыся да Пятра Рудніка. – Мы ў будучым годзе будзем здаваць людзям іспыт. А ў вас людзі заробак не атрымліваюць, а калі і атрымліваюць – мізэрны, у вас парадку няма, усё застыла ў мінулым стагоддзі, няма руху, і я гэта кажу не таму, што прыдзіраюся да вас. Магілёў – найгоршы горад у краіне з абласных цэнтраў.

На выпраўленне памылак губернатару было адведзена 15 дзён. За такі кароткі тэрмін палепшыць сітуацыю не атрымалася, і Руднік быў звольнены. А неўзабаве прызначаны на самы праблемны ў нафтахімічнай галіне краіны надзел – гендырэктарам «Магілёўхімвалакна». Прадпрыемства тады называлі праблемным.

63-гадовы Міхаіл Крыштаповіч уваходзіць у «савет рэспублікі» цяперашняга склікання. Ужо 20 гадоў ён працуе дырэктарам Гарадзейскага цукровага камбіната. Да гэтага працаваў у льняной сферы: пачынаў вучнем слесара Валожынскага льнозавода. Потым стаў майстрам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі Крупскага льнозавода, галоўным інжынерам Валожынскага льнозавода, дырэктарам Нясвіжскага льнозавода. Узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», ганаровай граматай «нацыянальнага сходу» Рэспублікі Беларусь, ганаровай граматай Кабінета міністраў Рэспублікі Беларусь.

Гарадзейскі цукровы камбінат з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў цукру ў краіне. Акрамя цукру там выпускаюць агароднінную, фруктовую прадукцыю, а яшчэ – сокі.

Апошні раз высокае кіраўніцтва інспектавала камбінат у жніўні – туды прыязджаў прэм'ер Сяргей Румас. Паводле чутак, у суботу на камбінаце прайшлі ператрусы, кабінет дырэктара апячатаны, а сам дырэктар «знаходзіцца ў запланаваным адпачынку».

7 ПЫТАННЯЎ

1. А так увогуле можна было? Спецыялісты ў галіне авіяцыі кажуць, што так. Камандзір паветранага судна мае права прыняць пастанову вярнуцца. Напрыклад, пры ўзнікненні няспраўнасці. Праўда, свой манеўр трэба ўзгадніць з дыспетчарам краіны, у паветранай прасторы якой знаходзіцца самалёт, у нашым выпадку – з польскім дыспетчарам.

2. Экіпаж абвесціў, што самалёт вярнуўся праз тэхнічныя прычыны. Калі няспраўнасць сапраўды была, чаму нельга было сесці ў найбліжэйшай аэрапорце? Праўда, у гэтай версіі ёсць мінус: ліквідацыя няспраўнасці і абслугоўванне самалёта заўсёды таннейшае і прасцейшае ў «аэрапорце прыпіскі» – у нашым выпадку ў Менску. Але пасажыры, якія назіралі за ператрусам самалёта і дазапраўкай у Гародні, не заўважылі, каб самалёт зазнаў якое-небудзь тэхнічнае абслугоўванне.

3. У чым правініліся чыноўнікі, што спатрэбілася вяртаць самалёт з паветранай прасторы іншай краіны? Спадзяемся, у хуткім часе будуць афіцыйныя заявы. Мяркуючы з адсутнасці спецназу і групы захопу – яны сапраўды не тэрарысты.

4. Гэта былі ўцёкі? Калі так – то чаму чыноўнікі не ляцелі з Масквы? На ўцёкі гэта мала падобна. Сапраўды, прасцей было на машыне даехаць у Маскву і вылецець адтуль. Ці ж скарыстацца любой замежнай авіякампаніяй – тады самалёт з паветранай прасторы іншай краіны вярнуць такім чынам было б немагчыма. Да таго ж, паводле некаторых звестак, адпачынак Міхаіла Крыштаповіча быў запланаваным, і на прадпрыемстве пра гэта ведалі.

5. А чаму іх нельга было спыніць яшчэ ў аэрапорце вылету? Паводле чутак, былі замінкі ва ўзаемадзеянні беларускіх спецслужбаў. Альбо каманда магла паступіць ужо пасля таго, як самалёт вылецеў.

6. Хто кампенсуе нязручнасці пасажырам рэйса – прамога або адваротнага? У Еўропе існуе спецыяльны рэгламент, які абараняе правы пасажыраў, рэйсы якіх былі затрыманыя. Праўда, тычыцца ён ці авіякампаній з ЕЗ, ці рэйсаў, якія вылятаюць з ЕЗ (рэйс «Мюнхен – Менск» якраз падпадае пад апошнюю ўмову). У залежнасці ад сітуацыі можна атрымаць кампенсацыю ад 250 да 600 еўраў. Праўда, частку гэтых грошай (як правіла, ад 20 да 30%) пакіне сабе кампанія-пасярэдніца, якая будзе займацца папяровай працай і перамовамі з вашай авіякампаніяй. Такіх сэрвісаў шмат, напрыклад CompensAir або AirHelp. З рэйсам з Менска ў Мюнхен усё больш складана – тут усё залежыць толькі ад «Белавія».

7. Хто кампенсуе самой авіякампаніі выдаткі ў вяртанні самалёта? Абсалютна дакладна, што «Белавія» панесла фінансавыя (ды і рэпутацыйныя) страты, звязаныя з вяртаннем самалёта. Хто за гэта будзе адказваць – мы, хутчэй за ўсё, нават не даведаемся.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках