24 красавiка 2024, Серада, 12:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп: Мае адвакаты парвалі на шматкі аргументы дэмакратаў у Сенаце

5
Трамп: Мае адвакаты парвалі на шматкі аргументы дэмакратаў у Сенаце
Фото: AP

Прэзідэнт ЗША назваў разбіральніцтва ў імпічменце ўмяшаннем у будучыя выбары.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ягоныя адвакаты «парвалі на шматкі» аргументы дэмакратаў, якія патрабуюць асудзіць яго паводле артыкулаў імпічменту і адхіліць ад пасады, паведамляе «Голас Амерыкі».

Праз дзень пасля таго, як ягоныя адвакаты пачалі прадстаўляць аргументы ў абарону прэзідэнта ў ходзе разбору ў Сенаце, Трамп напісаў у «Твітэры»: «сфабрыкаваны імпічмент – гэта буйнамаштабнае ўмяшальніцтва ў ход выбараў, падобнага да якога не было ў гісторыі».

Ён атакаваў галоўнага абвінаваўцу дэмакратаў, кангрэсмэна Адама Шыфа, назваўшы яго «карумпаваным палітыкам і, верагодна, вельмі хворым чалавекам».

«Ён яшчэ не заплаціў за тое, што зрабіў з нашай краінай!» – дадаў Трамп.

Выступаючы на тэлеканале NBC, Адам Шыф сказаў, што, як ён мяркуе, словы Трампа нясуць у сабе намераную пагрозу.

«Гэта раззлаваны і помсны прэзідэнт; я не думаю, што ў гэтым ёсць сумненні», – сказаў Шыф. «А калі вы мяркуеце, што ёсць, то паглядзіце на сённяшнія твіты прэзідэнта пра мяне, у якіх гаворыцца, што я павінен заплаціць», – прадаўжаў заканадавец.

Разгляд у справе Трампа адновіцца ў панядзелак, калі ягоныя адвакаты прадоўжаць пераконваць сенатараў, што прэзідэнт не зрабіў нічога супрацьзаконнага, калі ў ліпені мінулага года прасіў украінскія ўлады пачаць расследаванне ў дачыненні да аднаго з галоўных спаборнікаў на выбарах 2020 года, былога віцэ-прэзідэнта Джо Байдэна.

Трампа абвінавачваюць у злоўжыванні паўнамоцтвамі і перашкодзе намаганням Кангрэсу ў расследаванні ягоных дзеянняў, звязаных з Украінай.

Юрысконсульт Белага дому Пэт Сіпалонэ пачаў прадстаўляць аргументы ў абарону Трампа ў суботу. Ён заявіў, што абарона прэзідэнта перакананая, што вылучаныя дэмакратамі ў Палаце прадстаўнікоў абвінавачванні «нават блізка не падыходзяць» пад паняцце «сур'ёзных злачынстваў або правінаў», якія Канстытуцыя вызначае ў якасці стандарту для імпічменту і зняцця з пасады.

Сіпалонэ ды іншыя адвакаты Трампа сказалі, што цяпер яны пашыраюць абарону і, сярод іншага, сфакусуюцца на тым, чаму яны мяркуюць, што ў просьбе Трампа да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага правесці расследаванне ў дачыненні да Байдэна і ягонага сына Хантэра Байдэна, які працаваў ва ўкраінскай газавай кампаніі, не было нічога дрэннага.

Раней цягам трох дзён свае аргументы прадстаўлялі дэмакраты.

«Сведчанні супраць прэзідэнта неаспрэчныя», – заявіла адна з мэнэджарак Палаты прадстаўнікоў у імпічменце кангрэсвумэн Вэл Дэмінгс, выступаючы ў праграме «На гэтым тыдні» на канале АВС.

Адвакат Алан Дэршовіц, які ўваходзіць у групу абароны Трампа, заявіў тэлекампаніі Fox News, што ён будзе настойваць на тым, што «юрыдычна канстытуцыйных» аргументаў на карысць імпічменту Трампа няма. Ён заявіў, што правапарушэнні, у якіх абвінавачваюць прэзідэнта, «павінны быць злачынствамі». Гэта зацвярджэнне аспрэчваецца экспертамі, якія падтрымліваюць імпічмент Трампа ў Палаце прадстаўнікоў і ягонае асуджэнне ў Сенаце.

Пасля заканчэння сесіі з пытаннямі і адказамі дэмакраты, як чакаецца, адновяць намаганні з мэтай пераканаць Сенат прагаласаваць за выклік ключавых сведак, знаёмых з дзеяннямі Трампа.

Аднак рэспубліканцы выступаюць супраць выкліку сведак і запатрабаваных дадатковых дакументаў і замест гэтага спадзяюцца апраўдаць Трампа да канца надыходнага тыдня, за некалькі дзён да ягонага штогадовага даклада Кангрэсу «Аб становішчы справаў у краіне», вызначанага на 4 лютага.

У сітуацыі, калі ў рэспубліканцаў ёсць большасць 53 месцы ў 100-мясцовым Сенаце, дэмакратам спатрэбяцца галасы чатырох рэспубліканцаў, каб дамагчыся выкліку сведак і прадстаўлення дакументаў, але пакуль яны такіх запэўненняў не атрымалі.

Калі спробы дэмакратаў наконт сведак і дакументаў праваляцца, то лідар сенацкай большасці Мітч Макконэл можа хутка перайсці да галасавання паводле двух артыкулаў імпічменту, і Трамп амаль напэўна будзе апраўданы, бо для адхілення яго ад пасады патрабуецца дзве траціны галасоў. Пакуль ніхто з рэспубліканцаў не заклікаў да яго зрушэння.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках