28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі ўрад адправяць у адстаўку?

45
Беларускі ўрад адправяць у адстаўку?

Эканоміку Беларусі падкасіла нафтавае пытанне.

Эканамічныя вынікі мінулага года цяпер можна падводзіць - ключавыя паказчыкі ўжо вядомыя. На жаль, не ўсе планавыя параметры дасягнуты, піша Дзмітрый Заяц у артыкуле на сайце naviny.by.

Лукашэнка раней пагражаў, што ў выпадку невыканання дырэктыўных паказчыкаў урад сыдзе «на спачын». Ці дойдзе да гэтага?

Пакараць нельга дараваць

Некаторыя ключавыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2019 год не былі выкананы.

Так, ВУП павялічыўся на 1,2%, хоць першапачаткова планавалася, што эканоміка вырасце на 4%. Акрамя гэтага, меркавалася, што экспарт тавараў і паслуг павялічыцца на 5,4%, а фактычна, паводле апошніх звестак, адбылося зніжэнне ў студзені-лістападзе на 1,7%.

Відавочнае невыкананне шэрагу запланаваных параметраў было відавочна яшчэ восенню мінулага года, і тады Лукашэнка, каб падштурхнуць урад, даручыў выправіць сітуацыю.

«Не будуць выкананы параметры развіцця на 2019 год, усе адказныя - ад прэм'ер-міністра - пойдзеце на спачын», - папярэджваў урад у верасні Лукашэнка.

Планы, як і прагназавалі экспэрты, выканаць не ўдалося. Усе міжнародныя арганізацыі, якія крэдытуюць Беларусь, заяўлялі, што забяспечыць рост беларускай эканомікі на ўзроўні 4% нерэальна. Сусветны банк меркаваў, што беларуская эканоміка вырасце на 1% у 2019 годзе, і так яно прыкладна і было.

Смешна, але нягледзячы на відавочнае, у Беларусі не прынята карэктаваць, як у іншых краінах (у той жа Расеі), афіцыйны эканамічны прагноз аб тэмпах эканамічнага росту. Таму «напружанае заданне» вісела над урадам дамоклавым мячом увесь 2019 год.

Цуду не здарылася. Эканоміку Беларусі падкасілі нафтавыя праблемы

Год скончыўся, паступаюць выніковыя звесткі аб выкананні розных эканамічных паказчыкаў, і фармальныя падставы адправіць урад «на спачын», як папярэджваў Лукашэнка, існуюць. Ці дойдзе да гэтага ці ўсё ж такі для радыкальных кадравых пастаноў пакуль час не прыйшоў?

Варта адзначыць, што гэта ўжо не першы выпадак, калі паказчыкі не выконваліся, а Лукашэнка ў што б там ні стала намагаў на дасягненні «мэт развіцця».

Памятаецца, у 2016-м урад планаваў вывесці эканоміку з рэцэсіі, і правадыр дзяржавы таксама пагражаў ураду адстаўкай у выпадку невыканання гэтай задачы.

Каманда Андрэя Кабякова з задачай не справілася, але ў крэслах засталася да лета 2018 года і пакінула Дом ураду зусім з іншых прычын - пасля скандалу ў Воршы. А што чакае цяперашні ўрад?

Мяняць няма на каго і няма патрэбы

Беларускія эканамісты мяркуюць, што вынікі 2019 года цалкам заканамерныя.

«Спрыяльная замежная кан'юнктура што да коштаў тавараў, а таксама збалансаваная манетарная палітыка (улады не сталі напампоўваць эканоміку рублямі) дазволілі забяспечыць даволі нізкую інфляцыю», - адзначыў у каментары для БелаПАН фінансавы аналітык Аляксандр Муха.

Нізкія тэмпы эканамічнага росту, якія назіраліся летась, - таксама заканамерны вынік, адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН акадэмічная дырэктарка Беларускага эканамічнага даследчага адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

«Цэнавая стабільнасць - Умова неабходная, але недастатковая для эканамічнага росту. Прычыны нізкага эканамічнага росту летась традыцыйныя - нізкая эфектыўнасць значнай часткі эканомікі, гэта значыць дзяржсектара», - падкрэслівае Барнукова.

На думку экспэртаў, эканамічныя ўлады ў мінулым годзе зрабілі практычна ўсё, што маглі (з улікам наяўных паўнамоцтваў), і мяняць урад сур'ёзных падстаў няма.

«Забяспечаная нізкая інфляцыя дзякуючы супольным намаганнямі Нацбанка і ўрада, даходы насельніцтва ў рэальным вылічэнні выраслі. А на рост ВУП урад не можа ў поўнай меры ўплываць з улікам адсутнасці значных паўнамоцтваў для падвышэння эфектыўнасці эканомікі», - адзначыў у каментары для БелаПАН старшы аналітык «Альпары» Вадзім Ёсуб.

У гэтых умовах, працягвае ён, сур'ёзных падстаў для адстаўкі ўрада няма. Тым больш, лаўкі запасных не відаць.

«Да таго ж працягваюцца цяжкія перамовы з Расеяй аб нафтагазавых пытаннях, патрэбныя людзі, якія глыбока ў тэме. Таму ў адстаўцы ўрада цяпер няма ніякай логікі», - перакананы Ёсуб.

Падобнага меркавання прытрымліваюцца і іншыя эканамісты. «Ва ўрада (з улікам кваліфікацыі кіроўныхм працаўнікоў) вялікі патэнцыял, але ў яго няма мандата на рэформы. Навошта яго мяняць?» - пытаецца Барнукова.

Аналітыкі мяркуюць, што пакуль адстаўкі ўрада не будзе.

«На гэты год запланаваны прэзідэнцкія выбары, цяпер у нас перадвыбарчая пара. Да таго ж працягваюцца вельмі важныя для краіны нафтагазавыя перамовы з РФ. Таму цяпер наўрад ці адстаўку ўрада можна ўважаць за дарэчную», - мяркуе Муха.

Экспэрты ў адзін голас кажуць, што ад зыходу нафтагазавых перамоў з Расеяй, якімі займаецца цяперашні ўрад, наўпрост залежыць будучая сітуацыя ў эканоміцы.

«З умовамі паставак газу і нафты на 2020 год пэўнасці няма. Калі не дамовімся на прымальных для нас умовах, то па выніках года можа быць і стагнацыя, і эканамічны спад», - адзначыла Кацярына Барнукова.

І калі справы пойдуць паводле такога сцэнару, то і іншы склад урада выправіць сітуацыю не зможа. Таму, магчыма, глабальных кадравых перамен да выбараў не будзе, каб не ўскладняць і без таго няпростую сітуацыю, у якой апынулася дзяржава праз неразвязаныя праблемы з Расеяй.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках