19 красавiка 2024, Пятніца, 2:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежнасць ідзе нага ў нагу з дэмакратыяй, а не з дыктатурай

15
Незалежнасць ідзе нага ў нагу з дэмакратыяй, а не з дыктатурай
Андрэй Саннікаў

Дзяржсакратару Майклу Пампэа на вока.

Адкладзены візіт дзяржсакратара ЗША ў Беларусь адбудзецца 1 лютага. Будзе ён хоць кароткім, некалькі гадзін, аднак важным.

Дзяржсакратар загадзя пазначыў асноўныя мэты візіту: падкрэсліць прыхільнасць ЗША суверэнітэту, незалежнасці, стабільнасці і росквіту Беларусі.

Падпішуся пад кожным словам. Вось толькі тыя, з кім ён будзе сустракацца на афіцыйным узроўні, робяць усё адно наадварот.

Цяперашні рэжым пагражае незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, імкнецца забяспечыць стабільнасць сябе самога, то бок, захаваць уладу ўсякім коштам, і клапоціцца толькі аб уласным росквіце за кошт рабавання людзей. Тых, хто напраўду выступае за незалежнасць Беларусі, пераследуюць, садзяць у турмы, прысуджаюць велізарныя штрафы.

Беларусь шмат зрабіла для забеспячэння геапалітычнай стабільнасці і міжнароднай бяспекі ў пачатку 90-х у супрацоўніцтве з ЗША. Менавіта ў тыя гады Беларусь прыняла найважнейшыя пастановы ў сферы скарачэння ўзбраенняў, звычайных і ядзерных. У той перыяд быў падрыхтаваны да падпісання Будапешцкі мемарандум, у якім гаворыцца аб падтрымцы Злучанымі Штатамі незалежнасці Беларусі. Яго, прыйшоўшы да ўлады, падпісаў Лукашэнка, але затым ён жа спрабаваў спыніць вывад з тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі. У парушэнне ўсіх абавязацельстваў ён таксама прыпыніў на тэрыторыі Беларусі працэс скарачэння звычайных узбраенняў.

Знішчыўшы ўсе дэмакратычныя інстытуты, перш за ўсё пазбавіўшы грамадзян Беларусі права выбіраць уласны ўрад, цяперашні рэжым перакрэсліў дасягненні нашай дзяржавы ў падтрыманні міру ў рэгіёне і на кантыненце, ператварыў Беларусь з донара міжнароднай бяспекі ў сур'ёзную пагрозу.

На тэрыторыі Беларусі сёння адноўленыя антызаходнія вайсковыя манеўры, параўнальныя ў маштабах з савецкімі вучэннямі часоў «гонкі ўзбраенняў».

Пасля таго, як Еўразвяз беспадстаўна зняў з Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў санкцыі, наіўна спадзеючыся спадабацца дыктатару і ўгаварыць яго паводзіць сябе больш прыстойна, адбылося ўзмацненне вайсковага ўзаемадзеяння з Расеяй.

Дыктатар сам прызнаўся, што раней ён утойваў маштаб расейскай прысутнасці ў Беларусі, а цяпер адкрыта заяўляе, што дамогся таго, што з Расеяй «працуе адзіная мытня, адзіная мяжа, адзіная супрацьпаветраная абарона, адзіная групоўка ўзброеных сіл, створаная Расеяй і Беларуссю на заходнім кірунку».

Менавіта рэжым Лукашэнкі, які згарнуў ўсе Чарнобыльскія праграмы аздараўлення і падтрымкі пацярпелых жыхароў небяспечных раёнаў, дазволіў Расеі будаваць на тэрыторыі Беларусі, на самай мяжы з Еўразвязам атамную электрастанцыю, бяспека якой не можа быць гарантаваная.

Усе спробы Захаду перавыхаваць дыктатараў заўсёды заканчваюцца сумна, і для народа, які пакутуе ад дыктатуры, і для самога Захаду.

Адзінай гарантыяй рэальнай бяспекі ў рэгіёне, у тым ліку і вайсковай, стануць дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі і вяртанне сумленных выбараў. Толькі дэмакратычны легітымны ўрад зможа абараніць незалежнасць і вярнуць Беларусі ролю донара рэгіянальнай і еўрапейскай бяспекі.

Падтрымка Злучанымі Штатамі незалежнасці Беларусі ў гэты складаны перыяд міжнародных дачыненняў вельмі важная для Беларусі, для народа Беларусі.

Сёння незалежнасць ідзе нага ў нагу з дэмакратыяй, а не з дыктатурай. Аднаго без другога існаваць не можа.

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках