28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь - найбуйнейшы пастаўшчык нелегальнай тытунёвай прадукцыі ў РФ

13
Беларусь - найбуйнейшы пастаўшчык нелегальнай тытунёвай прадукцыі ў РФ

З нашай краіны паступае прыкладна 36% ад усяго аб'ёму нелегальных цыгарэт.

У Расеі скарачаецца легальная вытворчасць цыгарэт. Паводле расейскай статыстычнай управы, падзенне склала летась больш за 11%. У Міністэрстве аховы здароўя раней паведамлялі, што за сем гадоў доля курцоў сярод дарослага насельніцтва РФ знізілася амаль на чвэрць. Аднак, на думку ўдзельнікаў рынку, асноўная прычына скарачэння легальнай вытворчасці - не столькі адмова ад палення, колькі пераход грамадзян на больш даступную па кошту кантрабандную і кантрафактную прадукцыю. І асноўны пастаўшчык нелегальнага тавару - Беларусь, піша «Независимая газета».

За 2019 год у краіне было легальна выраблена 229 млрд штук цыгарэт, што прыкладна на 11% менш, чым у 2018-м, паведаміў Расстат. Агулам легальная вытворчасць тытунёвых вырабаў за год скарацілася ў Расеі амаль на 10%. Пры гэтым, паводле звестак Федэральнай мытнай службы, увоз у краіну тытунёвай сыравіны павялічыўся ў натуральным вымярэнні за студзень-лістапад 2019-га амаль на 7%.

Асноўнае пытанне: з чым менавіта звязанае такое скарачэнне ўнутранай вытворчасці? Як раней паведамляла Міністэрства аховы здароўя, спасылаючыся на звесткі сацыялагічных апытанняў, распаўсюджанасць тытуню сярод расейцаў значна знізілася. «Паводле звестак Усерасейскага Цэнтра вывучэння грамадскай думкі, распаўсюджанасць спажывання тытуню (палення цыгарэт) сярод дарослага насельніцтва ў Расеі знізілася з 38% у 2011 годзе да 29% у 2018 годзе» – заяўлялі ў Міністэрстве.

Такія звесткі апублікаваныя ў даследаванні спажывецкіх паводзінаў Kantar. «Сёння траціна дарослага насельніцтва Расеі (30%) паліць выключна цыгарэты, тады як 2% карыстаюцца электроннымі сістэмамі дастаўкі нікаціну і прыладамі для награвання тытуню», - адзначалі аналітыкі. «Паводле нашых ацэнак, больш за 4% паўналетніх расейцаў робяць выбар на карысць прадукцыі з патэнцыйна паніжанай рызыкай», - сказаў кіраўнік «БАТ Расея» ў супрацьдзеянні незаконнаму абарачэнню тытунёвых вырабаў Ігар Чаркаскі.

Але, паводле ацэнак удзельнікаў рынку, галоўная прычына падзення легальнай вытворчасці ўсё ж іншая. Вядома, сярод прычын ёсць «адмова ад палення, пераход курцоў на альтэрнатыўныя прадукты з паніжанай рызыкай», адзначыў віцэ-прэзідэнт у карпаратыўных пытаннях афіляваных кампаній «Філіп Морыс Інтэрнэшнл» у Расеі Сяргей Сліпчанка.

Аднак асноўны фактар, з ягоных слоў, гэта «рост аб'ёмаў нелегальнай прадукцыі». «Вызначальны фактар падзення аб'ёмаў вытворчасці - не столькі скарачэнне колькасці курцоў, колькі іх пераход на нелегальную прадукцыю, пра што сведчыць істотны рост долі нелегальных цыгарэт у 2019 годзе», – паведаміла дырэктарка ў карпаратыўных і юрыдычных пытаннях «Імперыял табака» ў Расеі і Цэнтральнай Азіі Ілона Міртава. «Агулам рэальнае спажыванне падае на 4-5% на год. Калі мы гаворым аб скарачэнні толькі легальнага рынку, то сярэдняе падзенне складае 7-8%», - растлумачыў Ігар Чаркаскі. «Вытворчасць тытунёвай прадукцыі ў Расеі паступова скарачаецца на фоне значнага росту нелегальнага рынку, цыгарэты на якім у разы таннейшыя праз нявыплачаныя акцызы» – растлумачыў дырэктар у працы з органамі дзяржаўнай улады «JTI Расія» Васіль Груздзеў.

Як раней паведамілі спецыялісты кампаніі Nielsen, агулам доля нелегальных цыгарэт у Расеі склала ў трэцім квартале 2019-га 15,6%. У параўнанні з тым жа перыядам 2018 года яна павялічылася амаль удвая. Як удакладняюць даследчыкі, падазроныя пачкі цыгарэт уключаюць пачкі, вырабленыя за межамі РФ або не адпавядаюць Тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза на тытунёвую прадукцыю, прынятаму пастановай Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі. Даследаванне праводзілася метадам збору пустых пачкаў цыгарэт на тэрыторыі РФ з ліпеня да верасня 2019-га. Усяго апрацавана звыш 15 тысяч пачак.

«Кратная розніца ў кошце паміж легальнай і нелегальнай прадукцыяй – асноўная прычына росту нелегальнага рынку. З нелегальных цыгарэт не выплачваецца акцыз і іншыя падаткі, а кошт легальных цыгарэт стала павялічваецца праз рост стаўкі акцызу» – тлумачыла раней віцэ-прэзідэнтка JTI ў карпаратыўных дачыненнях і камунікацыях у Расеі Галіна Родзіна. «Доля нелегальных цыгарэт прадаўжае расці. Гэтая тэндэнцыя будзе захоўвацца, бо кошт легальнай прадукцыі становіцца недаступным для спажыўца», - чакае Ілона Міртава. «Нашу сур'ёзную занепакоенасць таксама выклікае рост кантрафактнай (падробленай) прадукцыі, якому складана супрацьстаяць з традыцыйнымі захадамі барацьбы», - дадаваў Сяргей Сліпчанка.

Асноўная крыніца нелегальных цыгарэт у Расеі – краіны – партнёры па Еўразійскаму эканамічнаму саюзу, на якія прыпадае больш за 55% нелегальнага рынку, удакладніў Ігар Чаркаскі. «Гэтаму спрыяе двухразовая розніца ў кошце і адсутнасць кантролю над перамяшчэннем тытунёвай прадукцыі ўнутры саюза», - сказаў экспэрт.

На другім месцы краіны далёкага замежжа з доляй блізу 16%. Акрамя таго, амаль 10% цыгарэт з падазронай акцызнай маркай вырабляецца непасрэдна ўнутры Расеі.

Паводле звестак Nielsen, менавіта Беларусь застаецца найбуйнейшым пастаўшчыком нелегальнай тытунёвай прадукцыі ў Расею, з яе паступае прыкладна 36% ад усяго аб'ёму нелегальных цыгарэт. На цыгарэты, вырабленыя ў Казахстане і Арменіі, прыпадае прыкладна па 9% нелегальнага рынку.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках