14 лiпеня 2020, aўторак, 19:19
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

РФ рыхтуе тэрытарыяльныя прэтэнзіі да ЗША што да Берынгавай пратокі

30
РФ рыхтуе тэрытарыяльныя прэтэнзіі да ЗША што да Берынгавай пратокі

РФ можа адмовіцца ад выканання савецка-амерыканскага «пагаднення Шэварнадзэ-Бэйкера».

Расея разглядае магчымасць адмовіцца ад выканання савецка-амерыканскага «пагаднення Шэварнадзэ-Бэйкера», у адпаведнасці з якім была размежаваная марская прастора Берынгавай пратокі, паведамляе finanz.ru.

Мэтазгоднасць далейшага выканання пагаднення ў панядзелак у закрытым рэжыме абмеркавалі профільныя камітэты Савета Федэрацыі, распавёў «Інтэрфаксу» кіраўнік камітэта ў міжнародных справах Канстанцін Касачоў.

З ягоных слоў, на пасяджэнне былі запрошаныя прадстаўнікі МЗС, ФСБ і Расрыбалоўлі, і ўсе «былі адзіныя» ў сваёй пазіцыі. Яна неўзабаве будзе афіцыйна дакладзеная спікеру Савета Федэрацыі Валянціне Мацвіенцы.

Пагадненне, падпісанае ў 1990 годзе, так і не было ратыфікаванае на ўзроўні парламента ні за Савецкім саюзам, ні за РФ. Гэта азначае, што рэжым яго выкарыстання - «часовы», паведаміў намеснік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў.

У адпаведнасці з артыкулам 15 федэральнага закона «Аб міжнародных дамовах РФ», пагадненні аб тэрытарыяльных межах, у тым ліку аб размежаванні кантынентальнага шэльфа падлягаюць ратыфікацыі. А без яе не маюць абавязкоывай юрыдычнай сілы, хоць і могуць выкарыстоўвацца на часовай аснове.

Ідэю скончыць з пагадненнем і дэ-факта абвясціць расейскай частку эканамічнай зоны, якую за сваю ўважаюць ЗША, у кастрычніку мінулага года выказаў сенатар ад Камчацкага краю Барыс Няўзораў.

З ягоных слоў, дамова Шэварнадзэ-Бэйкера насіла дыскрымінацыйны характар і несправядліва пазбавіла Расею тэрыторыі 78 тысяч кв км Берынгава мора, уключаючы кантынентальны шэльф.

«Пры ўвядзенні 200-мільных выключных эканамічных зон паміж нашымі краінамі ў раёне Берынгава і Чукоцкага мораў, якія накладваліся адзін на аднаго цягам 1500 міль, размежаванні марскіх прастор у адпаведнасці з міжнароднай практыкай павінны праходзіць па сярэдняй лініі, роўнааддаленымі ад берагоў дзвюх краін. Аднак праз саступкі Шэварнадзэ мяжу спрэчных адрэзкаў правялі па амерыканскай артадрамічнай наўпроставай лініі», - тлумачыў Няўзораў.

У выніку, з ягоных слоў, Расея страціла магчымасць штогод здабываць больш за 500 тысяч тон рыбы і краба, а таксама пазбавілася доступу да нафтагазавых радовішчаў на сотні мільярдаў даляраў.

Часовая лінія размежавання стала перашкодай для развіцця Паўночнага марскога шляху, казаў Няўзораў: «Цяпер, калі танкер пойдзе з газам, трэба пытацца ў амерыканцаў дазволу на праход у эканамічнай зоне. Гэта ўвогуле абсурд».

Спікер Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка падтрымала ідэю сенатара. «Мы ўсё саромеемся, мы ўсё сціпла сябе паводзіць. Нас малоцяць па ўсіх гэтых самых, а мы толькі страшым, што ўжывем сіметрычныя захады. Дык трэба ўжываць сіметрычныя захады - ну, колькі можна праглынаць такое стаўленне да Расеі?», - абурылася Мацвіенка.