1 кастрычнiка 2020, Чацвер, 15:33
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Лаўкостам тут не месца: беларусам не дадуць лётаць танна

16
Лаўкостам тут не месца: беларусам не дадуць лётаць танна

Рэйс Будапешт - Менск, відаць, будзе адзіным танным.

У кастрычніку міністр транспарту абвясціў, што Беларусь дамовілася з Вугоршчынай аб палётах лаўкост-авіякампаніі «WizzAir». Танны рэйс Будапешт - Менск запусцяць ужо вясной. Але спецыялісты ўважаюць, што радавацца рана.

Вялікая імавернасць, што адным рэйсам усё і скончыцца. Бо чыноўнікі вельмі баяцца, што з'яўленне лаўкостаў можа збанкрутаваць кампанію «Белавія», піша «Белсат».

«Таму і прыдуманая такая схема: для кіраўніка дзяржавы мы запускаем рэйс «WizzAir», найбуйнейшага ў нашым рэгіёне лаўкоста. Было даручэнне кіраўніка дзяржавы? Было», - кажа Аляксандр Ланецкі, дырэктар кансалтынгавай кампаніі «Friendly Avia Support».

«Чаму нашым грамадзянам больш выгадна лётаць адкуль заўгодна: з Вільні, Кіева, Варшавы - але не з Менска? Калі Беларусь стане па-сапраўднаму прывабным вузлом?» - задаваўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка ў пасланні да народа 2018 года. І даручыў разабрацца, чаму лятаць з Менска - дорага.

Але даручэнне выканаюць на адным кірунку. На ўсіх астатніх людзі як лёталі праз Літву, так і працягнуць лётаць. Кожны дзень у аэрапорты суседніх краін ідуць трансферы-аўтобусы з Менска. Згодна з раскладам - 5-7 рэйсаў у дзень.

«Ставяць пяць рэйсаў, але ў выніку закрываюць з пяці два. Але гэта на гэты момант. Бо цяпер зіма, бо цяпер у асноўным лётаюць да сваякоў, у працоўныя выправы», - кажа дырэктар кампаніі «LTransfer» Юлія Якубава.

«Белавія» vs. лаўкост. Непараўнальныя кошты

Дзякуючы лаўкостам Яся паглядзела Еўропу. Самы запамінальны палёт быў на Кіпр, куды ёй пашанцавала набыць білеты па акцыі туды-назад за 60 еўраў на дваіх.

Мы з ёй параўналі цэны лаўкостаў і «Белавіі» ў Бэрлін на адну і тую ж дату. З Менска палёт туды і назад каштуе 150 еўраў. Лаўкостам - утрая танней.

«Вось ёсць квіток за 16 еўра ў адзін бок. І вось квіток за 30 еўраў у зваротны. І ўсё мы плацім 50 еўраў. Гэта утрая танней», - вывучае кошты і падлічвае розніцу Яся Каралевіч-Картэль.

Ёсць кірункі не такія выгадныя. Напрыклад, Парыж або Амстэрдам, так лаўкосты прылятаюць ў далёкія аэрапорты. У Нідэрландах - у Эйндховен, а трансфер у Еўропе дарагі. Дадайце яшчэ кошт дарогі да Вільні, адкуль прыйдзецца ляцець.

«У гэты момант важна палічыць, ці зэканоміш ты на білеце 20 еўраў, калі далажыць яшчэ 40 еўраў за квіткі на цягнік, 60 еўра на квіткі да аэрапорта і ў аэрапорт у Амстэрдаме», - кажа Яся.

«Белавія» да Амстэрдама ляціць 2 гадзіны 40 хвілін. Дарога лаўкостам з Менска ў Амстэрдам расцягнецца гадзін на дванаццаць: 5 з іх - дарога да Вільні, 2,5 гадзіны ляцець і 1,5 гадзіны потым ехаць з Эйндховена да Амстэрдама, плюс гадзіну на перасадку. А розніца ў кошце - 140 еўраў супраць 200.

«RaynAir не збіраецца ў Беларусь

Трэба ўлічваць, што лаўкосты - гэта не пра камфорт. Бо ў салон, разлічаны на 150 крэслаў, танныя авіялініі ўмяшчаюць да 189.

І ўсё роўна кожны дзень у аэрапорты Літвы, Украіны і часткова Польшчы едзе столькі беларусаў, што яны здольныя запоўніць сабой 4 самалёты. І столькі ж вяртаюцца назад. Замежнымі лоўкостамі карыстаюцца да 300 тысяч беларусаў штогод.

Журналісты звярнуліся да ірландскай кампаніі «RyanAir» каб даведацца, ці вядуць яны перамовы з нашым урадам з нагоды працы ў Беларусі.

Атрымалі адказ, што гэта пагалоскі і спекуляцыі, і кампанія адмаўляецца іх каментаваць.

Канкурэнцыя з лаўкостамі прывяла да банкруцтва Літоўскія авіялініі, ад іх сышла траціна пасажырапатоку. А ў Берасце або Віцебск пасля Менска лаўкост і сам не захоча ісці. Таму імаверна, што адзіны лаўкост-рэйс так і застанецца для Беларусі адзіным.