25 красавiка 2024, Чацвер, 2:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Скарбаў у яго дакладна не было»: Што кажуць у Слуцку пра магчымае затрыманне дырэктара цукровага камбіната

42
«Скарбаў у яго дакладна не было»: Што кажуць у Слуцку пра магчымае затрыманне дырэктара цукровага камбіната
ДОМ МІКАЛАЯ ПРУДНІКА Ў СЛУЦКУ
ФОТА: SVABODA.ORG

Журналісты апытвалі мясцовых жыхароў.

Дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбіната Мікалай Пруднік можа быць адным з пасажыраў рэйса «Белавія» з Менска ў Мюнхен, якіх знялі з самалёта ў Гародні. Што пра яго кажуць у Слуцку? Журналісты «Радыё Свабода» пагутарылі з мясцовымі жыхарамі.

«Скарбаў у яго дакладна не было»

«Вельмі добры чалавек, што б пра яго ні сказалі, людзі не павераць», – кажа пра Прудніка жыхарка Слуцка. У горадзе ўспамінаюць, што Слуцкі камбінат быў апошнім, які прымусілі перадаць 70% акцый дзяржаве.

«На камбінаце вельмі моцная сістэма сацыяльнай абароны. Жанчынам у дэкрэце даплачвае прадпрыемства. Мая дачка ў дэкрэце, як там працавала, атрымлівала да 1000 рублёў», – кажа Жанна са Слуцка.

Людзі кажуць, што заробкі на камбінаце – 700–800 рублёў.

Уладзімір, сусед Мікалая Прудніка, у віну кіраўніка камбіната не верыць:

«Звышпрыбыткаў я ў яго не бачыў. Машына ў яго добрая, але ён дырэктар. Скарбаў у яго дакладна не было. Калі ў яго рабілі рамонт, то мне давалі ягоныя ключы. Былі б нейкія скарбы схаваныя, то не пакінуў бы ключоў».

Жывуць Пруднікі ў Слуцку з 1978 года. Дом прыбудаваны да суседняга.

«Спараныя. Цяпер так не робяць. Сваімі рукамі будавалі. Ён тады працаваў майстрам на пункце буракоў. Адтуль дарос да дырэктара. Ён гаспадар, сам усё можа рабіць і робіць. Падымаецца рана і працуе», – кажа Уладзімір пра Прудніка.

Сам ён працуе слесарам на тым жа цукровым камбінаце. Зарабляе недзе 700 рублёў.

Тым, як Пруднік абнавіў вытворчасць на камбінаце, Уладзімір задаволены. «Плацяць добра, але і пытаюцца з працаўнікоў строга. На прахадных стаяць алкатэстэр, ледзь пах алкаголю будзе – на працу не ўвойдзеш».

«Найлепшых забіраюць. Навошта гэта рабіць, хіба 1937 год?» – абураецца магчымым затрыманнем дырэктара сусед Уладзімір.

Ён таксама абураны тым, як дзяржава адабрала кантрольны пакет акцый камбіната.

«У мяне было 400 акцый, у адзін год атрымаў на іх дывідэндаў на 4 тысячы даляраў, вокны вунь памяняў. А цяпер дзяржава хітра зрабіла, кантрольны пакет аддалі Менаблвыканкаму, акцыі абясцэніліся. Апошні раз, летась, атрымаў на іх недзе даляраў 500», – кажа мужчына.

«Дырэктар у адпачынку, больш нічога не ведаю»

«Мікалай Паўлавіч з пятніцы ў адпачынку, – сказалі ў прыёмнай прадпрыемства. – Ён напісаў заяву на адпачынак даўжынёю два тыдні. Гэта ўсё, што я магу вам сказаць».

Намеснік дырэктара ідэалогіі цукрарафінаднага камбіната ў Слуцку Яўген Шапавалаў сказаў, што не ведае, дзе цяпер генеральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Пруднік.

«Ён у планавым адпачынку з пятніцы», – кажа Шапавалаў, але дадае, што на сувязь дырэктар з тых часоў не выходзіў. Ці працавала на камбінаце следчая група і ці будуць выклікаць супрацоўнікаў на допыты, Шапавалаву таксама невядома.

Яўген Шапавалаў кажа пра Прудніка як пра вельмі добрага кіраўніка, на якім «тут усё трымаецца». Пруднік працуе дырэктарам завода з 2004 года, раней быў намеснікам, прыйшоў на камбінат з пасады кіраўніка нарыхтоўчага пункта.

«Такімі людзьмі нельга раскідвацца», – мяркуе Шапавалаў. Пра сувязі з Гарадзейскім і Жабінкаўскім цукровымі заводамі сказаў, што калегі часта бываюць у Слуцку, дзеляцца досведам. Працаўнікі са Слуцка таксама часта ездзяць на іншыя цукровыя прадпрыемствы.

Супрацоўнікі Слуцкага цукровага камбіната, якіх журналіст сустрэў ля прахадной, гутарыць адмовіліся.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках